У гісторыі беларускай рок-музыкі ёсьць творы, якія ў свой час забараняліся і не найлепшым чынам адбіваліся на лёсах музыкантаў. Кажуць, гісторыя другі раз паўтараецца ўжо як фарс. А таму мы маем сёньня над чым сьмяяцца.
Мінуў чарговы мэлядыйны тыдзень, які адкрылі Вераніка Круглова і група “Experience in Berlin” песьняй “Царкоўка”, а прадоўжыла група “Безь білета” песьняй “Жалейка”. Міхась Забэйда-Суміцкі сьпяваў “А ў лесе, лесе”, гітарны дуэт “Алегрыяс” прайшоўся “Караванам” з музыкай Хуана Цізола, група “Крама” пасьпяхова хавалася ў бульбу, а не ў бананы, а Рыгор Палішчук сьпяваў “Авэ Марыю” Дзьмітрыя Даўгалёва і Ўладзімера Пецюкевіча.
Песьня “На шляху дзікіх гусей” была напісаная Ўладзімерам Буднікам на пачатку 1980-х на вершы Максіма Танка. Гэтыя вершы, наколькі мне вядома, у свой час былі далікатна апрацаваныя цэнзурай, а таму ў якасьці асновы для песьні кампазытар абраў у сваю чаргу толькі фрагмэнт.
Музыканты групы паставіліся да мэлёдыі творча, зрабіўшы са звычайнай песьні вялікую 9-хвілінную кампазыцыю ў стылі арт-рок. Зразумела, гучаньне сёньня крыху архаічнае. Што да забароны, дык і гэтую песьню прыгадалі групе “Сузор’е”, калі яе часова расфармавалі ў 1983 годзе.
Зьміцер Падбярэскі