Часта можна пачуць выказваньні людзей сталага ўзросту — маўляў, сёньня моладзь ня тая пайшла. Між тым, многія забываюцца на ўласны досьвед, калі гітары ў іх руках былі няўклюднымі, неўтаймоўнымі стварэньнямі.
Група “Безь білета” дэбютавала на менскіх клюбных сцэнах яшчэ ў 1999 годзе, спалучаючы ў рэпэртуары песьні на беларускай і расейскай мовах. У 2000 і 2001 годзе гэты калектыў удзельнічаў у фэстывалі “Дух Вудстаку” ў Італіі, летась быў выдадзены і дэбютны альбом “На неба”, які паспрыяў таму, што група “Безь білета” па выніках мінулага году была адзначаная “Рок-каронай” за песьню “Мая краіна Беларусь”.
Сёньня, як яно часта бывае, у складзе калектыву адбываюцца частковыя зьмены. Дайшло нават да таго, што лідэр групы Віталь Артыст вырашыў зьмяніць назву. Так што цяпер мы маем справу з групай не “Безь білета”, а “More” — амаль “Мора”.
Пакуль жа мы будзем слухаць песьню “Жалейка” яшчэ той групы, якая звалася “Безь білета”. Песьня даволі тыповая для ансамблю ўзору мінулага году, у яе гучаньні спалучаюцца гітарныя партыі з партыяй скрыпкі, хоць у цэлым, калі разглядаць творчасьць групы “Безь білета” з гледзішча стылістыкі, яна спакойна ўкладаецца ў рамкі мэйнстрыму, галоўнай плыні рок-музыкі.
Зьміцер Падбярэскі