Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Што за месяц”. Выканаўца Валік Грышко. Альбом “Песьнярок”, “ПанРекордз”, 1997



Ужо неаднойчы казалі: для таго, каб цябе прызналі на радзіме, ты мусіш прыехаць у родныя мясьціны, папярэдне зрабіўшы кар’еру за мяжой. І гэтая гісторыя паўтараецца штогод не адзін раз.

Апошні прыклад такога роду з галіны папулярнай музыкі — гісторыя зь менскім музыкантам Валікам Грышко. Жыў ён тут і працаваў не адзін год і без асаблівага посьпеху, без натоўпаў прыхільнікаў і ажыятажу, што нязьменна суправаджае жыцьцё сапраўды папулярнага выканаўцы.

Мне вядомы толькі адзін запіс Валіка Грышко, які быў выдадзены ў рамках зборнай праграмы “Песьнярок”. Аднак пры канцы мінулага году разышлася інфармацыя, што амаль невядомы на радзіме музыкант падпісаў у Маскве не абы-які кантракт, які прадугледжвае запіс і выданьне ў Расеі ажно пяці кампакт-дыскаў зь песьнямі аўтарства Валіка Грышко і ў ягоным жа выкананьні.

Мала хто зь беларусаў можа пахваліцца такім кантрактам. Пры гэтым, што наагул вельмі дзіўна, выдавец вельмі прыязна паставіўся да таго, што значная частка песень прагучыць на беларускай мове. Я, канешне ж, разумею, што падпісаны кантракт яшчэ не гарантуе таго, што ўсе пяць альбомаў насамрэч будуць запісаныя і выдадзеныя. Але ж пасьля гэтага стаўленьне да Валіка Грышко на радзіме напэўна істотна зьменіцца. А пакуль што, у чаканьні новых запісаў, мы паслухаем ягоную работу 1997 году. Народная песьня “Што за месяц”, праект “Песьнярок”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG