Раздваеньне асобы. Такі стан, згадзіцеся, час ад часу агортвае многіх. Але найчасьцей — асобаў творчых. Зрэшты, калі не пахваліш сам сябе, дык гэтага ніхто іншы і ня зробіць. “Мэлёдыя дня” сябе не хваліць, але шануе. Можа, таму і ня церпіць пакуль ад спакусы падвоіцца ці нават патроіцца. Вітаю вас!
Учора мы слухалі адну з кампазыцый альбома Сяргея Трухановіча пад назваю “Кропка невяртаньня”. А вось паэт Лявон Пранчак, маючы, зразумела, тую кропку, куды ён абавязкова вяртаецца, любіць падарожнічаць. Аж да таго, што ягоная творчая душа, здараецца, ня тое што падвойваецца, але літаральна разрываецца, калі меркаваць па назьве выдадзенага ў 2000 годзе альбома, паміж Менскам і Нью-Ёркам. Гэта, канешне, лепш, чым паміж Масюкоўшчынай ды Крыжоўкай.
У альбоме сабраныя песьні на вершы паэта, запісаныя рознымі выканаўцамі і ў розныя гады. І ў параўнаньні да “Кропкі невяртаньня” Сяргея Трухановіча пазыцыя Аляксея Шадзько катэгарычна супрацьлеглая. Песьня, музыку якой на верш Лявона Пранчака напісаў сам сьпявак, называецца “Вяртайся”.
Не, творцы — людзі сапраўды непаўторныя. Зразумець іх няпроста. Хоць калі б яны былі прадказальныя, мастацтва, у тым ліку музыка, зрабілася б рэччу, відаць што, надзвычай сумнай. І яшчэ. Калі б музыку да гэтага верша пісаў які іншы кампазытар, яна напэўна атрымалася б зусім не такой яркай і дынамічнай, як тое атрымалася ў Аляксея Шадзько. Пачуемся заўтра!
Зьміцер Падбярэскі