Часта, вітаючыся ці прыходзячы да паразуменьня, добрыя сябры кажуць “Дай пяць!” і паціскаюць адзін аднаму рукі. Паціснуць рукі ўсім слухачам “Мэлёдыі дня” я, зразумела, не магу, аднак зрабіць тое пры дапамозе музыкі — цалкам магчыма. Такім чынам, вітаю вас!
Напэўна, з часам дасьледчыкі гісторыі беларускай папулярнай музыкі знойдуць адказ на адну цікавую загадку. А менавіта: што было прычынай таго, што ў Беларусі, пачынаючы з канца 1960-х гадоў, заўсёды было надзвычай шмат гітарыстаў вельмі высокага ўзроўню?
Сапраўды, калі прааналізаваць даволі вялікі сьпіс імёнаў гітарыстаў, ён, канечне ж, пераважыць падобныя сьпісы музыкаў іншых спэцыяльнасьцяў. Адзін з такіх майстроў гітары — Сяргей Анцішын, музыкант сапраўды ўнівэрсальны, якому падуладныя рок, джаз, музыка папулярная і флямэнка.
Вось ужо некалькі гадоў у складзе дуэту “Алегрыяс” Сяргей Анцішын выступае з Аляксандрам Церахавым, упэўнена паказаўшыся на многіх фэстывалях.
У 2000 годзе сьвет убачыў альбом “Вечаровая самба” зь вельмі разнастайным рэпэртуарам. І прывітаецца з вамі сёньня дуэт “Алегрыяс” сьціпла і выразна: “Дай пяць!”, “Тэйк файв”, папулярнай п’есаю Пола Дэзманда. Да сустрэчы!
Зьміцер Падбярэскі