Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Софікс і інструмэнтальная п’еса “Раніца”. Альбом “Музыка для роздумаў”, 2001 г. Аўтарскае выданьне.



Чалавек я ня прымхлівы. Трынаццаты дзень месяца ўспрымаю амаль гэтак сама, як дванаццаты ці які дваццаты. Тым часам ёсьць людзі, для якіх чортаў тузін азначае нешта куды большае, чым спалучэньне адзінкі ды тройкі. З мэтаю супакоіць магчымыя наступствы забабонаў я і выбраў адпаведную “Мэлёдыю дня”. Прывітаньне!

Жанр музыкі new age у беларускай папулярнай музыцы пакуль што ня вельмі пашыраны. Што тут скажаш: каб пісаць і запісваць такую музыку, патрабуюцца ня толькі кампазытарскі талент, добрае веданьне тэорыі формы кампазыцыі й здольнасьці мэлядыста, але і ўменьне працаваць з сучаснымі музычнымі тэхналёгіямі, у прыватнасьці, клявішнымі інструмэнтамі ды кампутарнымі праграмамі.

Аляксандар Софікс — гэта новае імя на беларускай музычнай сцэне. Ягоны дэбютны альбом “Музыка для роздумаў” убачыў сьвет летась. Зьмешчаная ў альбоме музыка цалкам адпавядае патрабаваньням жанру і напэўна адшукае прыхільнікаў.

Сям-там, праўда, дзе просіцца няўхільнае развіцьцё тэмы, аўтар пэўным чынам зацыкліваецца, аднак калі ўлічыць, што гэты альбом першы ў творчасьці Аляксандра Софікса, варта аддаць аўтару і выканаўцу належнае.

П’еса “Раніца” — музыка сьветлая, настраёвая, безь ніякіх там прымхаў ды забабонаў. Аляксандар Софікс, беларускі new age. Да сустрэчы!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG