Ёсьць, канечне ж, такія песьні, якія адначасова сьпяваюцца выканаўцамі розных, часам вельмі адметных узростаў. Вядома, сьпяваюцца тыя песьні па-рознаму, што лішні раз даводзіць: добрая песьня веку ня ведае. А сапраўдная песьня дазваляе музыкантам новых пакаленьняў чытаць яе (у сэнсе сьпяваць) па-свойму. Мае шанаваньні!
Калі задацца пытаньнем, што ж сталася пачаткам такой арыгінальнай тэндэнцыі як супольныя музычныя праекты, можна прыйсьці да высновы, што пачаткам усяго быў праект “Песьнярок”, вынайдзены ў 1997 годзе выдавецкай фірмай “Пан-Рэкардз”.
Нагадаю, што ў рамках таго праекту чортаў тузін маладых беларускіх груп запісалі кавэр-вэрсіі песень з рэпэртуару ансамбля “Песьняры”. Хто тое зрабіў лепш, хто — горш, але ж у цэлым праект, безумоўна, адбыўся і завершыўся вялікім канцэртам у сквэры імя Янкі Купалы з удзелам саміх “Песьняроў”. Гэта быў час, калі ўлады яшчэ дазвалялі рок-канцэрты пад адкрытым небам, а “Песьняры” не баяліся людзей і сьпяваць жыўцом — таксама.
Як я сказаў ужо, рэпэртуар выдадзенага альбому атрымаўся, як тое часта бывае, няроўны, стракаты, але ж у выніку прынёс некалькі надзвычай удалых песень. Зрэшты, яны й засьведчылі творчы ўзровень кожнага з удзельнікаў праекту.
Група “Тройца” і прачытаньне музыкантамі народнай песьні “Рэчанька” з рэпэртуару “Песьняроў”. Запіс 1997 году. І да сустрэчы заўтра!
Зьміцер Падбярэскі