Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “А цябе няма, няма”. Зоя Гарына



Зіма, як мне здаецца, не найлепшы час для рамантычных прыгодаў. Ужо хоць бы таму, што на вуліцы — халодна. Тут на лаве сярод бэзу доўга не пратрымаесься, нават у рамантычных абдымках. Лепш сядзець дома і слухаць “Мэлёдыю дня”. Мае вам шанаваньні!

Сёньня вы пачуеце сьпявачку, якая, упэўнены, большасьці з вас наогул не знаёмая. Тым ня менш яна — зьява ў беларускай музыцы і ня новая, і надзвычай неардынарная. Гамяльчанка Зоя Гарына пачала актыўна выступаць яшчэ за часамі Савецкага Саюзу, мела канцэрты ў Цэнтральным Доме актора ў Маскве, запісала на фірме “Мелодия” аўтарскі альбом, які, аднак, з-за пераходу фірмы на рынкавыя адносіны сьвету так і не пабачыў.

Гады два таму Зоя выдала на фірме “Ковчег” альбом, які складаўся з аўтарскіх блюзаў, а летась запісала новую праграму “Люстэркі памяці”, якая гэтым разам складаецца з аўтарскіх рамансаў. Праграма атрымалася проста выдатнай і густоўнай, вытанчанай, адно вось цяпер Зоя хоча зрабіць новы мастэрынг гэтых запісаў.

Шкада, што сярод 11 нумароў альбому толькі адзін раманс гучыць на беларускай мове. Зрэшты, ён на маю думку — найлепшы нумар праграмы. Словы Бэлы Сасноўскай, музыка Зоі Гарынай і Славы Коваля, “А цябе няма, няма”.

Зоя Гарына скардзіцца на адзіноту ў працяглыя зімовыя вечары. Хоць, шчыра кажучы, калі поруч такія музыканты, скардзіцца “А цябе няма, няма” няма на каго. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG