Злыя і раздражнёныя дзеці ў тры разы больш схільныя да сардэчных хваробаў, чым дзеці добрыя і бесклапотныя – такі вынік новага дасьледаваньня амэрыканскіх і фінскіх мэдыкаў, аб якім інфармуе чытачоў новы нумар часопісу “New Scientist”.
Навукоўцы знайшлі, што злосьць і раздражнёнасьць у дзяцей прыводзяць да разьвіцьця “мэтабалічнага сындрому”. “Мэтабалічным сындромам” у сучаснай мэдыцыне называецца комплекс трох фактараў рызыкі – падвышаная вага, паніжаная выпрацоўка інсуліну і падвышаны крывяны ціск. Гэтыя фактары з высокай доляй верагоднасьці прыводзяць пазьней да разьвіцьця сардэчных хваробаў або цукровага дыябэту.
Варожасьць папярэднічае разьвіцьцю мэтабалічнага сындрому, – цытуе “New Scientist” адну з аўтараў новага дасьледаваньня, псыхіятра з унівэрсытэту Паўднёвай Караліны Крыстын Саламон. Доктарка Саламон асабліва зьвяртае ўвагу на тое, што, як аказалася, паталягічныя працэсы ў сардэчна-судзіннай сыстэме пачынаюцца нашмат раней, чым лічылася дагэтуль.
Мэдыкі зь Пітсбургскага ўнівэрсытэту ў Пэнсыльваніі і Ўнівэрсытэту Гельсынкі вывучалі 134 дзіцяці ва ўзросьце 8-10 і 15-17 гадоў. Падчас экспэрымэнту, апрача кантролю стандартных паказьнікаў кшталту крывянога ціску і іншых, дзяцей апытвалі па спэцыяльнай схеме. Прычым падчас апытаньня іх наўмысна правакавалі й раздражнялі. І вось аказалася, што ў тых дзяцей, якія на паводзіны лекараў адказвалі раздражненьнем і варожасьцю, ужо праз тры гады былі зафіксаваныя прыкметы разьвіцьця “мэтабалічнгага сындрому”.
Цікава, што яшчэ з 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя сардэчныя хваробы зьвязваліся са складам асобы тыпу А. Індывідуальнасьць тыпу А – гэта комплекс рысаў асобы і ўмоваў, у якіх яна жыве. Да такіх людзей залічаліся тыя, хто, напрыклад, жыў ва ўмовах хранічнага недахопу часу, хто быў арыентаваны, зацыклены на посьпеху, а таксама быў злы і патрабавальны да іншых.
І вось зараз аказалася – і гэта пацьвердзіла, у тым ліку і амэрыканска-фінскае дасьледаваньне дзяцей – што ключавым фактарам разьвіцьця сардэчных хваробаў зьяўляецца менавіта варожасьць, а астанія фактары асобы тыпу А ня маюць практычна ніякага значэньня.
Сама варожасьць, паводле амэрыканскіх мэдыкаў, мае тры галоўныя аспэкты. У варожа настроеных людзей пазнавальны кампанэнт мае рысы недаверу і цынічнага стаўленьня да сьвету. Іх эмацыйны адказ заўсёды больш злы, чым гэтага вымагае сытуацыя. І варожыя людзі заўсёды больш агрэсіўныя, калі сустракаюцца зь нязгодай або перашкодай.
Знойдзены і біялягічны мэханізм, пры дапамозе якога варожасьць выклікае праблемы са здароўем. Аказваецца, варожыя людзі маюць тэндэнцыю да празьмернага адказу на стрэс. Гэта выклікае падвышаную выпрацоўку гармону пад назвай картысол. Менавіта гэты гармон падаўляе выпрацоўку інсуліну ў арганізьме чалавека.
Яшчэ адзін вынік новага дасьледаваньня амэрыканскіх і фінскіх навукоўцаў, гэта выснова, што варожасьць больш уласьцівая людзям (а значыць і дзецям) зь ніжэйшых сацыяльна-эканамічных групаў.
“Так што бацькі, дбаючы аб тым, ці займаецца іх дзіця спортам і як яно харчуецца, павінны таксама думаць і аб яго псыхалягічным стане, – цытуе на заканчэньне часопіс “New Scientist” словы псыхіятра Крыстын Саламон з унівэрсытэту Паўднёвай Караліны. – Прычым псыхалягічны стан дзіцяці нават больш важны для сардэчнага здароўя, чым спорт і якасьць харчаваньня”.
* * *
Новыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі “RealAge”, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе:
1. Адно нядаўняе дасьледаваньне паказала, што тое, як людзі ўспрымаюць свае ўласныя здольнасьці, ня мае вялікага значэньня для якасьці іх працы. Затое аказалася, што тыя, хто баяўся пачаць рабіць нешта новае, бо лічыў, што ён на гэта ня здатны, паказвалі яшчэ горшыя вынікі. “RealAge” сьведчыць, што калі вы будзеце ўсё жыцьцё нечаму вучыцца, гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на два з паловай гады маладзейшым.
2. Калі вы пачынаеце займацца з гантэлямі й нагрузка вашага комплексу напачатку здаецца вялікай, можаце сьмела рабіць адзін падыход замест трох. Дасьледаваньні паказваюць, што адзін падыход можа мець такі ж самы вынік, як і тры. Навукоўцы вывучалі людзей, якія качалі біцэпсы, і прыйшлі да высновы, што і ў тых, хто рабіў адзін падыход, і ў тых, хто некалькі разоў паўтараў практыкаваньне, сіла ў цягліцах прыбывала аднолькава. “Real Age” нагадвае, што пад’ём гантэляў толькі ў працягу 10 хвілін тры разы на тыдзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост амаль на два гады маладзейшым.