Магілёўская абласная арганізацыя Партыі БНФ “Адраджэньне” вылучыла шляхам збору подпісаў пяць сваіх сяброў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі гораду Бабруйску, Шклоўскага і Касьцюковіцкага раёнаў. Ніводны з вылучэнцаў у камісіі не прайшоў.
Магілёўская гарадзкая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі вылучыла ва ўчастковыя камісіі Ленінскага раёну абласнога цэнтру 6 чалавек ад партыі й яшчэ дваіх шляхам збору попісаў. Вынік — нулявы.
Паводле словаў старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Аванэса Мурадзяна, у адміністрацыі Ленінскага раёну чыноўнік патлумачыў, што партыйцы позна падалі свае дакумэнты: маўляў, усталяваны законам тэрмін вытрыманы, аднак сьвяты і выходныя дні нібыта ўнесьлі свае карэктывы.
Арганізацыі АГП у некаторых сельскіх раёнах Магілёўшчыны не вылучалі сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі ў сувязі з тым, што не хапае людзкога рэсурсу. Так, напрыклад, адыбылося ў Крычаве.
Магілёўская абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” ўвогуле не вылучала ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў. Сацыял-дэмакраты палічылі гэта бессэнсоўным, бо ніводны прадстаўнік партыі не прайшоў у абласную і гарадзкія выбарчыя камісіі. Чыноўнікі пры гэтым спасылаюцца на недасьведчанасьць партыйных кандыдатаў, хаця гэта, падкрэсьліваюць у партыі, зусім не адпавядае рэчаіснасьці.