Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ КУРАПАЦКАЙ ІНІЦЫЯТЫВЫ БУДУЦЬ ЗЬВЯРТАЦЦА ДА НЯМЕЦКАГА КІРАЎНІЦТВА КАМПАНІІ “ХОРНБАХЕР І БОЛЬ”


Ганна Соусь, Менск

Актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” падчас сёньняшняга паседжаньня пастанавілі дзейнічаць у некалькіх кірунках. Па-першае, яны будуць тэрмінова зьвяртацца да прадстаўнікоў нямецкай кампаніі, якая разам зь беларускімі партнэрамі зьбіраецца будаваць жытло ля Курапатаў. Гэткую прапанову выказаў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Неабходна зьвяртацца да гэтых самых немцаў, неабходна пісаць прэзыдэнту гэтай фірмы. Фронт мае такія магчымасьці, паколькі ў нас у партнэрах Хрысьціянска-дэмакратычны саюз Нямеччыны. Зьвяртацца да ХДС, для якога пытаньне могілак і памяці — не пусты гук. Трэба высьветліць, у якой зямлі зарэгістраваная гэтая фірма, і тут жа можна пачынаць мэтанакіраваную міжнародную кампанію. Можа, гэта й прынясе нейкі вынік, таму што да нашых зьвяртацца, на мой погляд, бессэнсоўна. Ім запахла вялікімі грашыма, у іх ужо вочы белыя, ды ўсё”.

Вінцук Вячорка прапанаваў гэтаксама зьвярнуцца з адпаведнымі лістамі ў нямецкую амбасаду ў Менску і Гандлёвую палату.

У найбліжэйшы час актывісты грамадзкай ініцыятывы вырашылі наладзіць круглы стол і запрасіць на яго ўсіх зацікаўленых асобаў — прадстаўнікоў будаўнічых кампаніяў, Міністэрства культуры, галоўнага архітэктара Менску, аўтараў праекту ахоўных зонаў, дэпутатаў і чыноўнікаў выканкамаў. Вынікам круглага стала мусіць стаць зварот да ўладаў і грамадзкасьці з заклікам, па-першае, зацьвердзіць праект ахоўных зонаў Курапатаў, і ў залежнасьці ад таго, якое будзе прынятае рашэньне, патрабаваць ад будаўнікоў выкананьня беларускага заканадаўства ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Гаворыць актывістка грамадзкай ініцыятывы Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) “Сапраўды, трэба рыхтаваць круглы стол, і ў першую чаргу з будаўнікамі й з тымі, хто праектуе, і той жа інстытут “Менскграда”. Шмат якія будаўнікі проста не цікавяцца гісторыяй. Ім трэба тлумачыць, і я думаю, што мы можам знайсьці паразуменьне, нават калі мы запросім туды й нямецкага амбасадара. Трэба зьвяртацца сёньня ў пракуратуру, у суд дзеля таго, каб мы маглі абскардзіць дзеяньні Савету міністраў, які ня выканаў да гэтага часу пастанову 1989 году, і які не адказвае на звароты грамадзянаў. Адкрыты судовы працэс, які мог бы ісьці па гэтай справе, мог бы быць нам таксама на карысьць. Трэцяе пытаньне — працаваць з дэпутатамі, іх трэба далучаць і да круглага стала, і да судовага працэсу”.

Ірына Жыхар не выключае, што ў выпадку, калі будаўніцтва катэджнага пасёлку ля Курапатаў распачнецца самым блізкім часам, актывісты ініцыятывы наладзяць несанкцыянаванае пікетаваньне ля офісаў будаўнічых фірмаў.

Дарэчы, актывіст Беларускай партыі свабоды Васіль Парфянкоў, які сёньня патруляваў Курапаты, заўважыў, як ля ўрочышча працавалі землямеры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG