Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ БУДАЎНІЧЫХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ, ШТО БУДУЮЦЬ ДАРОГУ ЛЯ КУРАПАТАЎ, ЗАПРАШАЮЦЬ ВАЛАНЦЁРАЎ НА РАЗМОВУ


Ганна Соусь, Менск

Прастаяўшы некалькі гадзінаў на марозе, амонаўцы папрасіліся ў намёт да валанцёраў, пагрэцца. Валанцёры ім не адмовілі. Абаронцы Курапатаў часам жартуюць, што амонаўцы разам зь імі вартуюць нацыянальны нэкропаль.

Сёньня будаўнікі працягвалі капаць катлаван для падземнага пераходу. Работы ідуць шпарка, але пакуль ніводнага дрэва ня высеклі. Адзін з валанцёраў Аляксей Капэлян у суботу езьдзіў у “Белгіпрадор” і напісаў заяву, у якой ад імя абаронцаў Курапатаў патрабаваў, каб дрэвы ня секлі.

Вынікам гэтай заявы сталася запрашэньне валанцёраў на сустрэчу з прадстаўнікамі будаўнічых арагнізацыяў, якія вядуць рэканструкцыю дарогі. Сустрэча адбудзецца заўтра. Паводле Сержука Высоцкага, гэта сьведчыць пра тое, што статус абаронцаў Курапатаў бясспрэчна вырас.

(Высоцкі: ) “Адбыліся кардынальныя зьмены. Будаўнікі сталі вельмі асьцярожныя. Ужо гаворкі ня можа ісьці пра тыя інцыдэнты, што былі напачатку, калі будаўнікі ганялі жанчын, якія сюды прыходзілі. Цяпер падобнага быць ня можа. Улада, натуральна, пасуе”.

А вось меркаваньне Аляксея Капэляна:

(Капэлян: ) “Яны хочуць, каб мы сустрэліся зь імі, каб мы распавялі, чаго хочам дасягнуць, і каб яны нешта падумалі ды прынялі іншае рашэньне. Я думаю, што гэта з-за таго, што мы не даем ім працаваць, і яны не атрымалі 13-ю зарплату”.

(Карэспандэнтка: ) “Мяркуеце, што з-за вас?”

(Капэлян: ) “Мы ж не далі тады ім у час зрабіць”.

Плянуецца, што на заўтрашняй сустрэчы будуць весьці перамовы Павал Севярынец, Сяржук Высоцкі й Яўген Афнагель.

Сёньня, як дарэчы й амаль штодня, я сустрэла ў Курапатах Уладзімера Юхо. Яшчэ тры месяцы таму ён паставіў тут крыж у памяць пра свайго дзеда Іосіфа Юхо. Яго арыштавалі сталінскія карнікі ў 1946 годзе, а ў 1948-м Іосіф Юхо загінуў у ГУЛАГу.

(Юхо: ) “Тады судзілі “тройкі”. Справа ў тым, што ён капліцу адкрыў пры немцах. Яго выбралі кіраваць гэтай капліцай і праводзіць набажэнствы, бо ён быў адукаваны чалавек, ведаў беларускую, польскую мовы”.

Бацька Ўладзімера Юхо сустрэў Вялікую Айчынную вайну 22 чэрвеня ў Беластоку. Узгадваючы падзеі 8 і 9 лістапада ў Курапатах, спадар Уладзімер праводзіць пэўныя паралелі:

(Юхо: ) “Якраз у той вечар падзеі неяк перапляліся з тымі, 22 чэрвеня 1941 году, пра якія распавядаў мне бацька, пра тое, як ішлі танкі. Было асьвечана, ішоў грэйдэр, такое было адчуваньне, як у бацькі ў 1941 годзе. Канечне, можна было па-людзску зрабіць гэта ўсё”.

8 лістапада крыж, зроблены Ўладзімерам Юхо, быў паламаны, а самога яго тады затрымалі й моцна зьбілі. Блізкім часам Уладзімер Юхо плянуе зрабіць новы крыж і ўсталяваць яго зноў у Курапатах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG