Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы ў Сеціве; сотні чалавек праз Інтэрнэт узялі ўдзел у кампаніі “Рабі. Сябе. Сам” ды іншае


Віталь Цыганкоў, Менск

10 сьнежня адзначаецца міжнародны дзень правоў чалавека. У сувязі з гэтай датай мы вырашылі высьвятліць, ці карыстаюцца беларускія праваабаронцы інтэрнэтам дзеля працы зь людзьмі? Ці існуе адваротная сувязь між праваабаронцамі й наведнікамі сайтаў адпаведных арганізацыяў?

(Квяткоўскі: ) “Як высьветлілася, толькі старонка Беларускага Гельсынскага Камітэту прадугледжвае наўпроставую размову з наведнікамі. Распавядае прэс-сакратар БГК Зьміцер Маркушэўскі”:

(Маркушэўскі: ) "Самае цікавае й адметнае на сайце БГК, у адрозьненьне ад іншых сайтаў беларускіх арганізацыяў, тое, што ёсьць інтэрактыўная праваабарончая кансультацыя. Ёсьць даволі шмат пытаньняў. І тыя пытаньні, якія распаўсюджаныя, наведнікі адразу знаходзяць адказы, калі гэтыя пытаньні задаваліся раней. Альбо час ад часу Гары Паганяйла, альбо нашыя іншыя кансультанты адказваюць на пытаньні, якія прыходзяць наноў. І гэта ўсё ў інтэрнэце".

Дыяпазон пытаньняў шырокі, гэтак, як і сацыяльны склад наведнікаў:

(Маркушэўскі: ) "Абсалютна розныя. Мы часам дзівімся, ну, ужо перасталі... Бывае, зьвяртаюцца супрацоўнікі ўнутраных органаў, і працоўныя заводаў, студэнты... Абсалютна розная аўдыторыя. Магу ўзгадаць пра несправядлівае звальненьне. Вось такія найбольш распаўсюджаныя былі".

Бываюць і трагікамічныя звароты:

(Маркушэўскі: ) "Было такое, што "падсунулі жанчыну, гэта ўсё КГБ, яны яе на мне жанілі", і нейкія потым з гэтага ўзьніклі кватэрныя пытаньні".

Але цяпер у віртуальнай кансультацыі БГК вывешанае тлумачэньне, што ў зьвязку з тэхнічнымі прычынамі адказы на пытаньні будуць зьяўляцца толькі раз-пораз. Зразумела, што "тэхнічныя прычыны" – звычайны брак часу кансультантаў БГК. Іншымі словамі, няма спэцыялістаў, якія б займаліся выключна інтэрнэтам.

А вось на сайце праваабарончага цэнтру "Вясна" інтэрактыўная кансультацыя толькі ў плянах, хаця інтэрнэт выкарыстоўваецца для сувязі з наведнікам. Тлумачыць Тацяна Рэвяка:

(Рэвяка: ) "У нас на сайце ёсьць наш e-mail, па якім у людзі могуць зьвяртацца, задаваць пытаньні й атрымліваць адказы. На жаль, ня вельмі хутка ідзе распрацоўка нашай ідэі – стварэньне форуму на нашым сайце. Ён яшчэ не завершаны, там дзе кожны можа задаць пытаньне, і атрымаць адказ. Не магу сказаць, што гэта вельмі часта. У нас больш распаўсюджаны такі спосаб, што калі людзі пішуць, яны даведваюцца: “А які ў вас тэлефон?”, каб можна было пазваніць і пагаварыць зь юрыстам сам-насам".

Зрэшты, праваабарончы цэнтар "Вясна" плянуе разьвіваць сваю інтэрнэт-старонку:

(Рэвяка: ) "Нажаль, ня вельмі хутка ідзе распрацоўка нашай ідэі, стварэньне форуму на нашым сайце. Ён яшчэ не завершаны. Там, дзе кожны можа задаць пытаньне, і атрымаць адказ".

Чаму беларускі праваабарончы інтэрнэт слаба разьвіты, тады як запыт у пошукавай сыстэме можа вывесьці на дязсяткі, напрыклад, расейскіх ці ўкраінскіх старонак праваабарончае скіраванасьці? Сытуацыю камэнтуе юрысконсульт БГК Алег Гулак:

(Гулак: ) "Мы проста далёкія ад сучасных тэхналёгіяў, ад сучаснага жыцьця. Не надаюць нашыя людзі належнае ўвагі. Пакуль інтэрнэт ня мае такога вялікага ўнутранага ўплыву, як іншыя СМІ. Людзі, асабліва сталага ўзросту, да гэтых тэхналёгіяў ня надта прызвычаіліся. Ня бачаць у іх такой карысьці й неабходнасьці".

Гаворка вядзецца ня толькі пра звычайных грамадзянаў, але й пра кіраўнікоў, у тым ліку й праваабарончых арганізацыяў.

(Гулак: ) "Сорамна – ня сорамна, але недастатковая эфэктыўнасьць тых кірункаў працы, якія не зарыентаваныя на выкарыстаньне інтэрнэту. Хаця, вядома, за гэтым будучыня".

***

(Цыганкоў: ) “Беларуская мара вачыма маладых”. Знайсьці яе паставілі сабе за мэту арганізатары кампаніі “Рабі. Сябе. Сам”, якая пачалася ў Беларусі тры тыдні таму і зараз падыходзіць да свайго лягічнага завяршэньня. “Мы праводзім нашую кампанію менавіта для таго, каб маладыя, актыўныя і крэатыўныя зрабілі прэцэдэнт – і сталі пасяпяховымі і вядомымі на ўсю краіну", – заявілі стваральнікі акцыі, сярод якіх часопіс “Студэнцкая думка” і газэта “Комсомольская правда в Белоруссии”. Каманды-ўдзельніцы павінны былі стварыць сацыяльную рэкляму (слоган, сцэнары аўдыё– і відэаролікаў, фотасэсіі); прадукт, які ў простай і зразумелай форме павінен адлюстраваць, якой сабе ўяўляюць Беларускую Мару маладыя людзі ва ўзросьце 16-25 год. Адметна, што галоўная частка кампаніі прайшла менавіта ў Інтэрнэце, на сайце “Студэнцкай думкі”. Менавіта сюды большасьць удзельнікаў прыносілі свае прапановы, рэгістравалі свае каманды. Як лічыць каардынатар кампаніі Сяргей Сахараў, Інтэрнэт даў перавагі найперш сваёй хуткасьцю і апэратыўнасьцю”.

(Сахараў: ) “Мы адразу сканцэнтраваліся на нашай мэтавай групе – гэта 16-25-гадовыя маладыя людзі. Тое, чым карыстаецца актыўная і крэатыўная іхняя частка – гэта найперш Інтэрнэт. Там хутка можна атрымаць любую патрэбную інфармацыю, гэта невычэрпная крыніца ведаў і гэтак далей. Мы сябе таксама адразу пазыцыянавалі як кампанія, якая ўвесь час выкарыстоўвае элементы гульні. А паколькі Байнэт, пакуль, на жаль, ня часта нам дае такія мажлівасьці, як і наагул уся беларуская сытуацыя – а моладзь заўжды прагне ў нешта гуляцца і атрымліваць вынікі "тут і зараз", то Інтэрнэт у гэтым сэнсе па-за канкурэнцыяй. Галоўнае тут – апэратыўнасьць”.

(Цыганкоў: ) “Арганізатары кампаніі заяўлялі, што ім была нечаканай такая высокая актыўнасьць удзельнікаў. Гэта было сапраўды так ц і гэта проста былі словы, закліканыя падштурхнуць інтарэс да акцыі?”

(Сахараў: ) “Другое я таксама не выключаю. Але на самой справе сама кампанія – гэта была пэўная рызыка. Дагэтуль падобнага кшталту акцыі не праводзіліся ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Тэхналёгіі, якія мы выкарыстоўвалі, – яны не ўнікальныя, але сама ідэя арыгінальная. Чаму яшчэ мы сапраўды час ад часу сумняваліся ў посьпеху... ніхто дагэтуль не праводзіў такія апытаньні. Ці гатовая моладзь выяўляць сваю актыўнасьць, ці гатовая дэманстраваць сваю крэатыўнасьць – увогуле, ці ёсьць увогуле такая моладзь? То бок, мы цалкам не выключалі, што ў нас зарэгіструецца мала камандаў, і гэта таксама быў бы вынік. І таксама зь яго трэба было б рабіць высновы.

Што мы маем зараз? Зарэгістравалася 149 камандаў, гэта больш за 600 чалавек”.

(Цыганкоў: ) “Як павінна прыйсьці да фіналу кампанія? Чым яна павінна скончыцца? Дзе будзе пастаўленая кропка, ці скажам, клічнік?”

(Сахараў: ) “Скажу адразу, што мы і надалей будзем выкарыстоўваць Інтэрнэт. Слухачы і наведнікі сайту Радыё Свабода могуць наведаць у аўторак 9 сьнежня он-лайнавую прэс-канфэрэнцыю, якую будуць праводзіць трэнэры і журы нашага конкурсу. Будзе абраная каманда, якая потым здымае відэаролік, рыхтуе аўдыёролік, што будзе “круціцца” на FM-радыё, бярэ ўдзел у фотасэсіі, якая будзе разьмешчаная на старонках “Студэнцкай думкі” і “Комсомольской правды в Белоруссии”. Гэта каманды атрымаюць адразу па сканчэньні акцыі – такую прамоцыю сабе, такіх маладых, прыгожых і крэатыўных.

Другое, што таксама немалаважна – сябры журы і трэнэры ўжо вызначаюць тых маладых людзей, якія падаюцца ім цікавымі і пэрспэктыўнымі. І паколькі сябры журы так ці іначай маюць дачыненьне да рэклямы, журналістыкі, то яны выбіраюць гэтых маладых людзей дзеля таго, каб як мінімум запрасіць іх на практыку ў свае выданьні і агенцыі. А як максімум – запрасіць іх на працу, калі яны сапраўды цікавыя, ініцыятыўныя і адпавядаюць асноўным крытэрыям, паводле якіх адбіраюць людзей для працы ў гэтых сур'ёзных установах”.

(Цыганкоў: ) “Трэба сказаць, што праца з сотнямі маладых актыўных і творчых людзей наштурхнула Сяргея Сахарава на думкі, кардынальна адрозныя ад песымістычных выказваньняў многіх беларускіх публіцыстаў”.

(Сахараў: ) “Беларусы – цалкам нармальная нацыя, беларусы сапраўды хочуць рэалізавацца. Яны толькі хочуць убачыць шанец, і мы паспрабавалі ім гэты шанец даць. Людзям патрэбны штуршок. І калі такі штуршок ёсьць, калі яны бачаць прыклад, пасьпяховую мадэль, яны імкнуцца быць падобнымі да яе і рэалізаваць яе ў сваім жыцьці. Тым болей мы будзем спрабаваць паказваць пасьпяховых беларусаў, тым сытуацыя будзе зьмяняцца ў лепшы бок. Некалі яна "шчоўкне", перамыкне на нейкім этапе і кардынальна зьменіцца”.
XS
SM
MD
LG