Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці вясны


Сяргей Харэўскі, Вільня

У нядзелю 20 красавiка 1986 году гэтак званыя воiны-iнтэрнацыяналiсты, нацкаваныя гаркамам камсамолу, жорстка зьбілі навучэнцаў дзясятае й адзінаццатае клясаў Рэспублiканскае школы-iнтэрнату музыкi i выяўленчага мастацтва iмя Ахрэмчыка, якiя прыйшлi на бераг Сьвiслачы ў Траецкiм прадмесьцi на "Гуканьне вясны".

Беларускiх дзяцей бiлi за тое, што яны размаўлялi па-беларуску, што сьпявалi беларускiя песьнi, насiлi стужкi зь беларускiм арнамэнтам і несьлі вырабленую самімі птушку-вясьнянку. Міліцыянты спакойна назіралі за тым пагромам. Адгрымела “перастройка” і сканала савецкая імпэрыя. Кім сталі тыя дзеці, што аднаго пагоднага веснавога дня атрымалі свой першы палітычны ўрок?

Алена Давідовіч і Віка Метрычэнка студыявалі ў Амстэрдаме, Алесь Кашкараў ды Сяргей Ермаловіч вучыліся ў Дзюсэльдорфу, што ў Нямеччыне, а Дзяніс Раманюк скончыў Акадэмію мастацтваў у Вільні. Ды й жывуць яны сёньня ў розных краінах. Па іншаму яны глядзяць і на мастацтва.

Андрыс Фрыдбэргс, напрыклад, вярнуўся разам з бацькамі ў незалежную Латвію, дзе й атрымаў вышэйшую мастакоўскую адукацыю. Цяпер ён жыве ў Рызе й выстаўляецца ва ўсім сьвеце. Якое мастацтва цяпер там у пашане? Адказвае Андрыс Фрыдбэргс...

(Андрыс Фрыдбэргс: ) “Быў на адкрыцьці выставы ў Гэльсынкі “Арс”. Раз у чатыры гады гэта робіць Марытэ Якуры, адна зь вядучых куратараў выставаў у скандынаўскім рэгіёне. Мяне моцна ўразіла тое, як яна гэта ўсё зрабіла і як увогуле выглядала тая выстава. За апошнія чатыры гады зьмянілася ўвогуле мастацтва і погляд мастакоў на тое, хто такія мастакі, на тых людзей, хто робіць мастацтва. На гэтыя рэчы, на сьветаўспрыманьне.

Першае – гэта тое, што модна зараз. Напрыклад, быў адзін індзеец і яму казалі, каб ён рабіў такое нешта “індзейскае”. Гэта на рынку карыстаецца попытам. І ён выставіў вельмі цікавыя рэчы: красоўкі, выразаныя такія. І розныя іншыя рэчы, выбраныя з таго кантэксту, у якім яны зьявіліся. Жыве там нейкі мастак у Бразыліі, ці ў Ню Ёрку, там у нейкім квартале, робіць свае рэчы і “лік” мастака зьмяніўся. Я вось гляджу – у Рызе, тыя мастакі, якія ў “top”е – гэта такія маладыя людзі, якія ня вельмі ветлівыя”.

Латыш Андрыс Фрыдбэргс 20 красавіка 1986 году быў сярод тых самых падлеткаў, якія гукалі сваю вясну над Сьвіслаччу...

Сёлета Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы й выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка, што ў Менску, адзначыць сваё саракагодзьдзе. Сёньня яна афіцыйна завецца ліцэеем. А вучні міжсобку завуць яе Парнатам. Чаму? Адкажа Алесь Поклад, таксама ўдзельнік драматычных падзеяў красавіцкае нядзелі 86-га году...

(Алесь Поклад: ) «Побач была Парніковая вуліца. Там парнікі былі. І ў спалучэньні «парніковая» і «інтэрнат» атрымлівалася – Парнат. Парнат, Парнас... І плюс у нас установа была закрытая, дзе дзеці там і жылі і вучыліся, толькі на вакацыі ад'яжджалі дадому. Атрымлівалася, што як у парніку выхоўваліся...»

За гэтыя дзясяткі гадоў выпусьнікамі школы імя Ахрэмчыка сталі тысячы мастакоў і музыкаў. Сьвятлана Гарбунова і Рыгор Сітніца, Андрэй Смаляк і Алесь Пушкін... Але гэтым разам гутарка пра пакаленьне, якое прыйшло ў мастацтва разам зь незалежнасьцю Беларусі. Алесь Поклад, скончыўшы пасьля “Парната” Беларускую Акадэмію мастацтваў, падаўся да брата ў Вільню, тут ажаніўся, тут цяпер і жыве. Свой погляд на прызначэньне мастацтва ён выкладае гэтак...

(Алесь Поклад: ) “Я лічу, што канкрэтна нешта несьці для шырокіх масаў мастацтва ня можа. Хутчэй за ўсё, гэта мастацтва для адзінак, каму ты падабаесься. Я лічу, што гэта элітарнае мастацтва. А для шырокае публікі існуюць іншыя віды творчасьці, накірункі. Мастацтва ня можа на нешта «уплываць».

Алесь Поклад катэгарычна сьцвярджае, што высокае мастацтва, як на сёньня, рэч элітарная. А ці хапае табе таго, што ты зарабляеш са свайго мастацтва, жывучы ў Літве? Я маю на ўвазе, ці дастаткова табе займацца адно творчасьцю?

(Алесь Поклад: ) «У гэты час я жыву за кошт мастацтва. Хапае, каб халсты набываць, каб кватэру аплочваць, каб канцы з канцамі зьвязываць.»

Што да элітарнасьці найноўшага мастацтва, то аднакурсьнік Алеся Поклада, Андрыс Фрыдбэргс з тым катэгарычна ня згодны...

(Андрыс Фрыдбэргс: ) “Як ня дзіўна, напрыканцы ХХ стагодзьдзя мастацтва перастала быць справаю эліты. Яно перастала быць элітарным. Мастацтвам можа займацца абсалютна кожны. І асабліва ў гэтым дапамагло мастацтву гэта вэб-мастацтва, кампутарнае мастацтва.”.

Школа-інтэрнат імя Ахрэмчыка стала сапраўднай аранжэрэяй талентаў. Рэжым тут быў лагодны, а настаўнікі цярплівыя. Гісторыя гэтае навучальнае ўстановы распачалася ў 1962 годзе, калі было прынятае рашэньне пра адкрыцьцё адмысловае ўстановы ў Менску, дзе маглі бы вучыцца адораныя дзеці. Многія зь іх паходзілі з мастакоўскіх сем’яў. Як, напрыклад, Андрыс Фрыдбэргс. Ягоны бацька, Лайманіс Фрыдбэргс быў вядомы ў Беларусі мастак, майстра вырабаў з каляровага шкла. Андрыс гавора пра бацькоў...

(Андрыс Фрыдбэргс: ) “Мая маці працавала на студыі “Беларусьфільм”, агучвала фільмы. А бацька – займаўся вітражом і керамікай. Напрыклад, у Менску рабіў станцыю мэтро “Інстытут культуры”, розныя іншыя рэчы... Безумоўна, ён мастак.”.

Але перадусім у інтэрнаце імя Ахрэмчыка выхоўваліся дзеці зь беларускае правінцыі, зь вёсак ды мястэчак. Алесь Поклад прыехаў вучыцца ў гэтую ўнікальную школу з далёкай Краснапольшчыны, зь вёскі Кажамякіна...

(Алесь Поклад: ) “Наогул дзіўная гісторыя была. Была кантрольная па альгэбры, дырэктар школы ў нас выкладаў. Замест таго, каб задачкі рашаць, я маляваў. Дырэктар падыйшоў, паглядзеў, кажа: «Зайдзі да мяне пасьля заняткаў». Прыйшоў, а ён кажа: «Табе трэба вучыцца маляваць. Давай напішам запрос у Міністэрства асьветы.». І праз месяц які прыйшоў адказ: з усіх установаў табе толькі сюды можна. Я паслаў у школу-інтэрнат, Рэспубліканскую, ці можна паступаць? Я з маці паехаў у 83-м здаваць іспыты. Было складана першы раз у горадзе такім вялікім. Але паступіў».

Некалі савецкія школьнікі, а цяпер вядомыя мастакі, выпусьнікі інтэрнату Ахрэмчыка пранесьлі праз усё жыцьцё вернасьць беларушчыне. Досьвед “Гуканьня вясны” 1986 году не прайшоў для іх марна. Гаварыць міжсобку па свойму, па-беларуску для іх цалкам натуральна. А вось сваю культурную прыналежнасьць яны акрэсьліваюць па рознаму. Гавора Андрыс Фрыдбэргс...

(Андрыс Фрыдбэргс: ) “Безумоўна, у мэнтальным сэнсе я пачуваю сябе латышом, але я лічу, што я вельмі, вельмі мультыкультурны чалавек. У ва мне сплаў розных культураў. І сваіх дзяцей я пастараюся зрабіць мультыкультуральнымі людзьмі. Але каб яны адчувалі, каб месца, дзе яны жывуць, каб іх трымала.. Мне падабаецца нардычнасьць такая балтыйская”.

Латыш Андрыс ганорыцца сваім паходжаньнем ды сваёй мультыкультуральнасьцю, што дазваляе яму паслуговацца рознымі мовамі, разумець іншыя традыцыі.
Для Алеся Поклада, як для мастака, ягоная беларускасьць ня ёсьць самамэтаю...

(Алесь Поклад: ) «Дастаткова таго, што я раблю, наколькі магу, прафэсыйна. Калі я сваё мастацтва прадстаўляю ў некай галерэі, то я ж падпісваю, што я – беларус. А мастацтва ня мае межаў, кранае, як мастацтва, а не як нацыянальную рысу чалавека. Таму, калі яшчэ даведваюцца, што ты - беларус, што ёсьць такая краіна – то гэтага дастаткова.»

Алесь і Андрыс вучыліся разам, у адных настаўнікаў. А сталі яны зусім рознымі творцамі. Чым яны займаюцца цяпер, як вызначаюць свой собскі стыль?

(Андрыс Фрыдбэргс: ) “Я займаюся зараз фатаграфіяй, але гэта няпраўда... Я проста жыву. Я зарабляю грошы, каб яны маглі падпітваць маё мастацтва. Але я ЖЫВУ. Я лічу, што маё жыцьцё – гэта мастацтва”.

(Алесь Поклад: ) «Тое, чым я зараз займаюся – гэта рамантычныя ўспаміны дзяцінства, жыцьця. Кожны мастак жыве альбо мінулым, альбо як фантасты прадбачыць будучыню. Я больш жыву ўспамінамі, тым жыцьцём якім жыў і якім зараз жыву. Філязафічны рамантызм. Фігуратыўны, натуральна. ».

Мастакі Андрыс Фрыдбэргс з Рыгі й Аляксандар Поклад зь Вільні з удзячнасьцю й піетэтам згадваюць сваіх колішніх настаўнікаў і выхавацеляў – мастакоў Сьвятаслава Федарэнку й Валянціну Сьвентахоўскую, Ягора Батальёнка й Андрэя Задорына, мастацтвазнаўцу Яўгена Шунэйку й гісторыка Генадзя Сагановіча.
Я запытаўся ў сваіх сёньняшніх суразмоўцаў, што б яны хацелі сказаць ім, сваім колішнім пэдагогам і, найперш, сваім раўналеткам, аднаклясьнікам у Беларусі?

(Андрыс Фрыдбэргс: ) “Я мог бы пажадаць дынамічнасьці ў жыцьці. Вельмі важна, каб чалавек адчуваў, што зь ім адбываецца, каб ён вычуваў гэты стан. У кожнай сытуацыі ёсьць свой шарм. І ў кожнай сытуацыі заўжды нечага не хапае. Мы ня можам зрабіць нейкі “рай”, таму што, каб тут быў рай, то мы не зразумелі бы што гэта рай”.

(Алесь Поклад: ) «Займацца сваёй справай, любімай. Той справай, да якой сэрца найбольш ляжыць, справай, якую выбралі. Знаходзіць сілы, задавальненьне, творчыя выйсьці з гэтых сытуацыяў. Займацца той справай, якой прысьвяцілі ўсе сілы на пачатку жыцьця. Большасьць людзей, якія эмігруюць, шкадуюць. Я не шкадую, таму што тут няма той сытуацыі, якая мяне змусіла бы вярнуцца назад. Я магу ў любы час вярнуцца, у любую хвіліну. Я ж усё адно ежджу да бацькоў. Можна жыць і працаваць у любым месцы».

Беларускай Рэспубліканскай шоле-інтэрнату імя Ахрэмчыка сёлета спаўняецца 40 гадоў. З гэтых сьценаў выйшлі сотні мастакоў і музыкаў. Яны вучыліся разам у дзяржаве, якой ужо няма. Яны цяпер жывуць і твораць у розных краінах. Сёньня новая генэрацыя гадаванцаў “Парнату” зазанае тыя самыя ўрокі творчасьці й сяброўства, патрыятызму й непрыманьня зла.

Фэномэн гэтага асяродку, што на вуліцы Парніковай у Менску можна вытлумачыць даволі проста, як гэтым разам зрабіў Алесь Поклад, але нізка тлумачэньняў можа быць прадоўжаная. Перадусім, канстатую – тыя, хто вучыўся ў школе імя Івана Ахрэмчыка, праз усё жыцьцё застаюцца вернымі абранаму шляху. У мастацтве й у... беларушчыне.
XS
SM
MD
LG