Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне клясыкаў і клясычных помнікаў


Сяргей Харэўскі, Вільня

Партрэт Хведара Дастаўскага ў кнізе Адама Міцкевіча – новая праца графіка Ўладзімера Вішнеўскага. Ці варта аднаўляць страчаныя помнікі? У гутарцы бяруць удзел архітэктары-рэстаўратары Валянцін Калнін і Вадзім Гліньнік.

Днямі ў Менску завяршыўся чарговы, шосты нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі”. У ім спаборнічала блізу 8 тысяч выданьняў, а дыплёмы на ім атрымалі шэсьць дзясяткаў. Беларуская паліграфія, тымчасам, на думку адмыслоўцаў, колісь найлепшая ў СССР, перажывае ня лепшыя часы.

За савецкім часам для афармленьня нават прасьцецкага даведніка садавода, прыцягваліся прафэсійныя мастакі й абавязкова мастацкі рэдактар. Цяпер кампутарная тэхніка дазваляе любому паспрабаваць сябе ў выдавецкай справе. І ўсё часьцей за афармленьне кнігаў бяруцца непрафэсіяналы. Але беларускім графікам-кніжнікам ёсьць і чым ганарыцца...

Працягнуць гутарку пра сучаснае мастацтва кнігі ў Беларусі я вырашыў з мастаком Уладзімерам Вішнеўскім, ляўрэатам конкурсу “Мастацтва кнігі” за 1988 год, а зараз удзельнікам конкурснага журы.

(Уладзімер Вішнеўскі: ) “На мой погляд, адсутнічае сацыяльны заказ. Шмат адкрылася новых выдавецтваў, не заўсёды прафэсійных. Але ў той жа час, асабліва ў дзіцячай літаратуры, зьявілася шмат маладых мастакоў, якія скончылі нашую Акадэмію й непасрэдна ў мяне вучыліся.

Сярод такіх гэта Павал Татарнікаў, які ўжо набраў багата прэміяў і ў нашай дзяржаве, і за межамі. Летась ён атрымаў “Залаты яблык” на біенале ў Братыславе. Гэта адзін з самых каштоўных прызоў. Такога ў Беларусі яшчэ не было. За апошнія гады ён зрабіў шмат цудоўных кніжак у выдавецтве “Кавалер”. Так што агульны стан не нашмат пагоршыўся.

Сур’ёзных, капітальных выданьняў вельмі мала... Няма стымулу. Няма ніякай падтрымкі ад дзяржавы. Я многа гадоў удзельнічаю у конкурсе, у складзе журы як загадчык катэдры. Таму што вельмі шмат нашых маладых мастакоў і студэнтаў бяруць удзел у ім. Сёлета гэты конкурс праводзіцца ў шосты раз”.

Уладзімер Вішнеўскі, выкладчык Беларускае Акадэміі мастацтваў, лічыць, што беларускае кніжнае мастацтва апошніх гадоў вартае славы папярэдніх эпохаў. Адно бракуе ўвагі да саміх мастакоў.

Сам спадар Вішнеўскі аздобіў гэткія кнігі як “Вянок беларускіх народных песьняў”, “Палата кнігапісная” й вось зусім новае выданьне Міцкевічававай паэмы “Дзяды”. Усе яны аздобленыя ў тэхніцы афорту. Рэзкія разарваныя сьветлыя лініі, прадрапаныя на шчыльным цёмным фоне, ствараюць свае пісьмёны, што можна расшыфроўваць, разглядаць, чытаць.

Разгарнуўшы новую кнігу “Дзядоў”, я заўважыў, апроч вобразу паэта й духаў дзядоў, адзін надзвычай знаёмы пэрсанаж. Беларускі. Даўгабароды стары, у рызьзі, захінаючы рукамі агмень, стаіць на танюткай драбіне, у атачэньні анёлаў і зданяў. Хведар Дастаеўскі? Чаму? – спытаў я ў мастака.

(Уладзімер Вішнеўскі: ) “Дастаеўскі. Ёсьць у мяне адзін афорт, выкарастаны пры афармленьні гэтае кнігі, прысьвечаны Дастаеўскаму. Я таксама лічу, што ён наш дзед, наш беларускі пісьменьнік. Продкі яго паходзяць зь Беларусі, з Дастоева, – таму. Я сам вельмі люблю Дастаеўскага, лічу яго найважнейшым для нас літаратарам. Я захапляюся Дастаеўскім, ўвесь час перачытваю. Чым больш сталею, тым больш адкрываюцца мне нейкія глыбіні ў яго. Таму я прысьвяціў свой твор Дастаеўскаму.

Ён завецца “Сьвет у поцемкі душаў”. Сутнасьць такая, што сам Дастаеўскі ў мяне сымбалічная фігура, як бы храм. Ён у мяне спускаецца ў глыбіні і ў адначасьсе падымаецца на вяршыні, да сьвятых, можна сказаць, вяршыняў. Я невыпадкова яго ўставіў, бо ён і па стылю блізкі да гэтага твору”.

Ніхто, бадай, да мастака Вішнеўскага не заўважаў стылёвае падабенства постаці Хведара Дастаеўскага да паэзіі Адама Міцкевіча. У першай жа кнізе, што выйшла ў нашым стагодзьдзі Міцкевічавых беларускіх перакладаў, яны стаяць цяпер поруч. Дзякуючы твору кніжнае графікі. Два геніі, якія паходзяць з аднаго народу. Наступнае пакаленьне беларусаў, бадай, ужо ня зьдзівіцца гэткаму суседзтву пад адной вокладкай. У новым тысячагодзьдзі Дзяды вяртаюцца...

***
У Віцебску, на Ўсьпенскай гары, распачаліся работы дзеля аднаўленьня аднаго з самых славутых храмаў Беларусі – Сьвята-Ўсьпенскага сабору. Ён быў пабудаваны ў пачатку 18 стагодзьдзя і на доўгія, доўгія гады стаў сымбалем гораду. Ім захапляліся ня толькі простыя вернікі, але й пакаленьні мастакоў. Яго малявалі Юзаф Пешка й Іван Хруцкі, Дзьмітры Струкаў й Ільля Рэпін, ну а Шагал пакінуў нам дзясяткі вэрсіяў вобразу гэтае бажніцы, што абавязкова ўплішчваліся ў ягоныя творы, калі гэтыя творы былі прысьвечаныя Віцебску. Але ў 1938 годзе савецкія ўлады загадалі зруйнаваць сабор дашчэнту.

Аднаўленьне помніка такога маштабу – новая справа для Беларусі й, выглядае, справа спрэчная. Архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліньнік, дырэктар навукова-вытворчага прадпрыемства “Белінфармрэстаўрацыя”, катэгарычны ў сваіх ацэнках:

(Вадзім Гліньнік: ) “Калі паглядзець на сытуацыю па-дзяржаўніцку, то ў нас ёсьць вялікія культурныя рэсурсы. Яны занядбаныя. І агромная колькасьць помнікаў знаходзіцца на правінцыі, якія бяз дахаў, якія разбураюцца. Сёньня для іх трэба толькі кубамэтар дошак і рубэройд. Заўтра, каб іх рэстаўраваць, спатрэбяцца мільёны даляраў.

Варта спачатку было бы ўсё закансэрваваць, а потым займацца такімі буйнамаштабнымі праектамі аднаўленчымі. Таму неэтычна, недапушчальна зараз канцэнтраваць рэсурсы не на помнікі архітэктуры, а на навабудоўлі, якім ёсьць віцебскі праект. У дадзеным выпадку гэта ўрбаністычны праект. Некаторыя знакавыя аб’екты мо’ й варта было аднавіць, але гэта можна зрабіць і праз 100 гадоў. Такая будоўля запатрабуе намаганьняў усяго народу. З этычнага гледзішча гэта пакуль неапраўдана. Найперш трэба захаваць аўтэнтыкі для будучых пакаленьняў”.

На думку Вадзіма Гліньніка, узнаўленьне гэткага маштабнага аб’екту як сабор у Віцебску – заўчаснае.

Па камэнтар я зьвярнуўся і да Валянціна Калніна, вядомага беларускага рэстаўратара й дасьледчыка архітэктуры. Скажыце, калі ласка, наколькі апраўданым ёсьць аднаўленьне Сьвята-Ўсьпенскага сабору ў Віцебску з гледзішча горадабудаўіцтва?

(Валянцін Калнін: ) “Па сутнасьці помніка не засталося. Засталося толькі паветра. І ніякага такога страху тут няма. Толькі гэта трэба добра зрабіць. Зьявіцца нейкі абрыс, нейкія кампазыцыйныя, прасторавыя суадносіны, якія былі. І самае галоўнае – праглядаючы старыя здымкі, старыя абмеры, гэта быў вельмі цікавы барочны комплекс. Горад пусты, голы, ён не заняты. І калі ў іншых гарадах трэба нешта выломваць зноў нарослае, нешта замяняць, то тут усе пляцоўкі засталіся некранутымі, у Віцебску.

Ну, ведаеце, адзінае пытаньне тут – якасьць выкананьня. Гэта тое, што ў нас пакуль што не пераадолена. Не з-за таго што няма тэхнічных сродкаў, а таму што няма яшчэ духоўнае падрыхтоўкі”.

Дык наколькі гэткі грандыёзны праект актуальны менавіта цяпер? Пагатоў няма адкрытасьці вакол віцебскага праекту. Маўчаць і архітэктары. Валянцін Калнін працягвае...

(Валянцін Калнін: ) “Ну хочацца так. Хочацца, канечне. І многім хацелася б. З аднаго боку, патрэбны вялікі адказны аўтар, архітэкт зь вялікай літары, мастак. Якому бы давяралі. Каб ён ня быў у адзіноце. Каб была падтрымка грамадзкасьці. Каб быў водгук. Тады ўсё будзе добра. Вось гэтае спалучэньне мастака й супольнасьці – самае важнае. Цяпер гэта разарвана”.

Я таксама хацеў бы пабачыць адноўлены Ўсьпенскі сабор, пабачыць яго такім, якім бачыў яго Марк Шагал. Можна зразумець і хаценьне царкоўных уладаў, якія маюць за прыклад аднаўленьне спаруды сабору Хрыста Збаўцы ў Маскве... Але выклікаюць пярэчаньні дзьве акалічнасьці: праект не абмяркоўваўся грамадзкасьцю, а па-другое – праект будзе фінансавацца зь дзяржаўнай кішэні, з тых грошай, што маглі бы ўратаваць аўтэнтычныя ўнікальныя помнікі.

Што важней у рэстаўрацыйных справах для нацыі – гаспадарскі падыход да наяўных здабыткаў, ці неадкладнае зьдзяйсьненьне мараў? Даць адказ на гэтае пытаньне я паспрабую ў іншых перадачах...
XS
SM
MD
LG