Дызэль-цягнік “Ворша – Магілеў” спыняецца тут роўна на дзьве хвіліны і тут жа рухаецца далей. Але ўжо безь мяне: я выходжу на станцыі Копысь. Прынамсі, пра гэта паведамляе вялікая шыльда над уваходам. А вось на дарожным указальніку напісана зусім іншая назва – вёска Александрыя… Куды ж я ўрэшце трапіла?
(Cпадар: ) “Александрыя Шклоўскага раёну. Радзіма прэзыдэнта!”
(Карэспандэнтка: ) “Станцыя ж нібыта “Копысь” называецца…”
(Спадар: ) “Станцыя—Копысь, заўсёды так было.”
(Карэспандэнтка: ) “Як гэта здарылася?”
(Спадар: ) “Ня ведаю. Пяройдзеце вунь па мосьце, і там – Копысь.”
Ідучы паўз мост, згадваю, што і сапраўды з гэтай самай “радзімай прэзыдэнта” была нейкая блытаніна. Напярэдадні выбараў 1994 году ў прэсе зьявілася інфармацыя, што кандыдат у прэзыдэнты нарадзіўся ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. У 1997 годзе прэзыдэнцкая прэсавая служба ўдакладніла ягоныя біяграфічныя зьвесткі, і Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка нарадзіўся ў гарадзкім пасёлку Копысь на Аршаншчыне.
Потым высьветлілася, што афіцыйным месцам нараджэньня спадара Лукашэнкі ёсьць усё-ткі Копысь, бо нарадзіўся ён у тамтэйшым шпіталі – у Александрыі, дзе жыла ягоная маці, адпаведнае мэдычнае ўстановы не было. Так што рушу на “афіцыйную радзіму”!
Маё першае ўражаньне ад Копысі – гэта дзіўная ілюзія спыненага часу: на будынках самых адметных установаў у пасёлку пазначаныя гады іхнага ўзьвядзеньня – апошнія гады ХIХ стагодзьдзя. Яшчэ можна вызначыць, што бібліятэка месьціцца ў колішняй карчме, клюб – ці не ў будынку колішняй стайні. Але ж вокны ў іх зьзяюць навюткімі шклопакетамі, сьцены крамаў пакрытыя белым плястыкам, а дарогі, здаецца, яшчэ пахнуць сьвежазакатаным асфальтам. Адкуль такія цуды ў час татальнага недахопу бюджэтных сродкаў? Ці, дакладней, адкуль такія грошы?
На гэтае пытаньне старшыня пасялковага савету Кацярына Вацура адказвае сьціпла і нешматслоўна:
(Вацура: ) “Сёлета нам дапамаглі – і з раёну, і з вобласьці, і з “рэспублікі”. Шпіталь адрамантавалі, школу, аптэку, пошту, клюб, савет адрамантавалі, усе крамы, бар, бістро, пляцоўку дзіцячую, альтанку, абнесьлі ўсё агароджай такой прыгожай, браму зрабілі… У нас там зона адпачынку. Яна і раней была, канечне, ды што раней было – усё ўласнымі сіламі. А тут нам дапамаглі.”
(Карэспандэнтка: ) “Чаму раптам пра Копысь так пачалі клапаціцца? То дзесяць гадоў нават мост пантонны цераз Дняпро не маглі пабудаваць, людзі тапіліся, а то за нейкія паўгады – і суцэльная перабудова?”
(Вацура: ) “Во! Дык сёлета – год добраўпарадкаваньня! У Віцебскай вобласьці, я ведаю, штогод абіраюць нейкі пасёлачак ды плоцікі там папраўляюць, сьметнічкі прыбіраюць, дрэвы аварыйныя…”
Тут спадарыня Вацура, канечне, крыху не дагаворвае. Або сьвядома хітруе, бо ніколі ніводзін пасёлак на Віцебшчыне на “плоцікі” ды “сьметнічкі” не атрымліваў 8 мільярдаў рублёў. Безумоўна, Копысь ёсьць выключэньнем. Сем месяцаў таму Віцебскі аблвыканкам прыняў пастанову аднавіць гэты “значны гістарычна-культурны населены пункт”. Пастанова была выкананая самымі ўдарнымі тэмпамі: цягам некалькіх апошніх месяцаў у Копысі аднавілі ды пабудавалі столькі аб’ектаў, колькі не будавалі за апошнія сто гадоў.
Дарэчы, праз шэсьць гадоў Копысь адзначае 950-гадовы юбілей. Толькі вось у адрозьненьні ад старшыні, мясцовыя жыхары тлумачаць нечаканы клопат уладаў пра свой пасёлак зусім не ягонай “гістарычнай” альбо “культурнай значнасьцю”.
(Спадар: ) “Проста прыяжджаў тут летась у жніўні Лукашэнка. Паглядзеў: ягоная радзіма памірае! І вось таму пачалося гэтае добраўпарадкаваньне: газ праклалі, вадаправод праклалі, заасфальтавалі ўсё. Адным словам, рамонт капітальны зрабілі!”
(Карэспандэнтка: ) “І што людзі кажуць? Маўляў, пашанцавала нам, што тут Лукашэнка нарадзіўся?”
(Спадар: ) “Рознае кажуць. Пэнсіянэры задаволеныя, а астатнія… Большасьць кажа, што спачатку трэба было ўкласьці грошы ў гэтыя нашыя, скажам так, “фабрыкі”, працоўныя месцы стварыць. Потым, як прадпрыемствы будуць дужыя – будуць плаціць падаткі, і тады ўжо паціху добраўпарадкаваць пасёлак. А так грошы хіба змарнавалі.”
(Карэспандэнтка: ) “Дык лепей было б на гэтыя грошы “запусьціць”, скажам, ваш керамічны завод?”
(Сп.Валеры: ) “Канечне! Абсталяваньне новае закупіць, а сыравіна ў нас свая. Вунь там вёска ёсьць, Сьмётанка, дык там такія залежы гліны, зь якой мы кафлю рабілі! Я ж 12 год на тым керамічным адпрацаваў!”
Наагул, Копыскі керамічны завод заслугоўвае асобнага аповяду, бо з давён Копысь славілася сваёй кафляй. Рэльефнай ды паліхромнай – ружовай, зялёнай, блакітнай з золатам – такой, якую цяпер можна пабачыць хіба ў музэі.
Тут выраблялi і дэталi для аблiцоўкі печак: вуглы ды гзмысы з кветкамі, медальёны з ільвінымі галовамі. Калісьці ў Копысі было 20 заводаў, якія выраблялі кафлю. А напрыканцы дваццатага стагодзьдзя застаўся ўсяго адзін, і вырабляў ён ужо зусім іншую кафлю – не каляровую і не рэльефную, а звычайную – белую ды гладку. Пасьля, ня вытрымаўшы канкурэнцыі зь менскім “Керамінам”, прадпрыемства зачынілася. Застаўся ўсяго адзін вытворчы цэх, які вырабляе керамічны посуд ды сувэнірныя вазы рознага памеру, і працуюць там усяго 18 чалавек.
(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі столькі людзей засталося бяз працы, то чаму старшыня вашага пасялковага савету не прапанавала, каб хаця б частку грошай аддалі на разьвіцьцё вытворчасьці? Яна ж мае, пэўна, нейкі аўтарытэт, калі яе на другі тэрмін абралі?”
(Спадар: ) “Дык яе ж не народ абіраў, гэта дэпутаты так прагаласавалі. А што яна можа. Баба… Ды ўсе начальнікі – яны ж баяцца! Тут жа “штаб” зьбіраўся – па 35-40 “Волгаў” прыяжджалі… І зь Менску, і зь Віцебску, і з Воршы! Спачатку ў клюбе засядалі, а калі там рамонт пачалі рабіць, дык у школе.”
Вельмі паказальна, што цягам некалькіх месяцаў, пакуль усё было зачынена на рамонт, жыхары Копысі мусілі абыходзіцца ня толькі бяз клюбу ды безь бібліятэкі, але і без шпіталю! А ўсё дзеля таго, каб захаваць гэтыя аб’екты у “некранутым стане” – аж да моманту ўрачыстага адкрыцьця ў прысутнасьці высокага начальства. Толькі той момант усё адкладаўся ды адкладаўся. Спачатку ў Копысі казалі, што ўсё пасьпеюць зрабіць да восені, і, маўляў, добраўпарадкаваньне пасёлка будзе падарункам Аляксандру Лукашэнку да чарговых угодкаў. Потым плянавалі сьвята горада на кастрычнік, пасьля – на лістапад. Цяпер мясцовыя дасьціпнікі жартуюць, што да 50-годзьдзя Лукашэнкі пасьпеюць дакладна!
Наагул адносіны землякоў да Аляксандра Лукашэнкі лепей за ўсё вызначыць адным словам – складаныя.
(Спадарыня: ) “Вельмі харошы мужчына! Я во пэнсію атрымала – раней было восемдзесят шэсьць тысячаў, а цяпер сто дваццаць. Мне хапае! Ну, не на ўсё хапае, канечне, але так…”
(Карэспандэнтка: ) “А хто не на пэнсіі, тыя як жывуць?”
(Спадарыня: ) “Вельмі цяжка! Вось мая дачка, яе скарацілі з заводу “Легмаш”. Вось нашто гэты цэх зачынілі? У яе ж чацьвёра дзяцей, ёй на нешта ж трэба жыць?”
(Карэспандэнтка: ) “Вашай дачцэ таксама падабаецца Аляксандар Лукашэнка?”
(Cпадарыня: ) “Ня ведаю! Нічога ня ведаю! Нічога вам пра гэта не скажу!”
Тутэйшы цэх № 15 Акцыянэрнага таварыства “Орша”, або, як гэтае прадпрыемства звалася раней, заводу “Легмаш”, у Копысі таксама зачынілі з прычыны ўсеагульнай эканамічнай нішчымніцы. Працаўнікі-аршанцы нават страйкавалі з-за таго, што невялікім фондам заробкаў даводзіцца дзяліцца зь філіяй у Копысі. Цяпер цэх не працуе ўжо 3 месяцы, а колішнім рабочым было прапанавана прыбіраць за будаўнікамі сьмецьце. Што зь імі будзе пасьля, ніхто пакуль ня ведае.
(Карэспандэнтка: ) “Ці не зьвярталіся вы да свайго земляка зь нейкімі просьбамі, можа, праблемамі?”
(Спадар: ) “Супраць уладаў? Ды кіньце вы! Можа, нехта і зьвяртаецца. Але хто ў нас тут застаўся, Госпадзі! Адныя пэнсіянэры! Дык ім жа пэнсію ён плаціць!”
(Карэспандэнтка: ) “З пэнсіянэрамі яшчэ зразумела. А вось вы, да прыкладу, як ставіцеся да спадара Лукашэнкі?”
(Спадар: ) “Ну, як да яго стаўлюся… Як і ўсе! Усё-ткі зямляк, мы зь ім разам у школу хадзілі, ён старэйшы на два гады…”
Школа ў Копысі носіць імя Янкі Купалы – тут недалёка славутыя Ляўкі, так што імя беларускага песьняра ўшанаванае належным чынам. А вось школа ў суседняй Александрыі – не, імя Лукашэнкі яна пакуль ня носіць. Але “музэй Лукашэнкі” там ужо ёсьць! Праўда, афіцыйна ён завецца краязнаўчым.
Над уваходам вісіць плякат “Ведай свой край!”, а ўнутры – шматлікія фотаздымкі Аляксандра Рыгоравіча ды ягонай радзіны. Колькі год запар гэтую экспазыцыю зьбірала настаўніца Натальля Емяльянава.
(Емяльянава: ) “Маці ягоная дала шмат дакумэнтаў і цешча – яна працавала ў нас завучыхай. Некалькі фотаздымкаў Аляксандар Рыгоравіч сам перадаў, праўда, не асабіста. А вось партрэт з аўтографам мы атрымалі зь ягоных рук, калі ён прыяжджаў сюды ў 2001 годзе. Фотаздымкаў шмат, у нас жа тут яшчэ дзядзька ягоны жыве, і брат стрыечны”.
(Карэспандэнтка: ) “Яны, можа, усе нейкія пасады адказныя таксама займаюць?”
(Емяльянава: ) “Ды не! Дзядзька ўжо пэнсіянэр, а брат з маці жыве. Там, недалёка, дзе хатка Кацярыны Трафімаўны стаяла. А во дом, дзе яна жыла ўжо пасьля таго, як яе сын прэзыдэнтам стаў”.
Ёсьць у музэі і фотаздымак той, першай “хаткі” – кажуць, яе знарок зьнесьлі, бо яшчэ б трохі, і сама павалілася б. Цяпер на ейным месцы драўляная альтанка за акуратным плоцікам. Тут летась, на 48-ы дзень нараджэньня, здымала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне. А пакуль будавалі альтанку, паламалі плот бліжэйшым суседзям. Так і жывуць цяпер зь перакошанай брамай спадарыня Надзея ды спадарыня Настасься – адной 62 гады, другой 87.
(Спадарыня Надзея: ) “ Прыяжджаў во летась, калі быў дзень народзінаў ягоны. Прыходзілі, здымалі яго ды забаранялі: не кажыце нічога, усё зробім! Мы нават ішлі на то, што заплацім. Заплацім! Толькі зрабіце! Вашыя ж людзі паламалі, у вас тут і матэрыялы, і ўсё. Дык нават гэта не зрабілі. Вы напішэце там, што былі, бачылі суседак… Няхай бы старой бабе крыху падрамантавалі.”
(Спадарыня Настасься: ) “Ён жа на маіх руках гадаваўся! Ён як прыехаў, а я на лаўцы села ды сяджу. Ён мяне абшчапіў: “Што трэба, мама?” А я яму кажу: “Ай, Саша! Усё ладна, усё ладна, усё ладна.” Ну, усё цяпер раскажу ўжо! Тады прасілі: не кажы, маўчы, не кажы. Я паслухала. Усё цяпер раскажу, няхай толькі прыедзе.”
Дарэчы, паваленыя платы ў гэтай вёсцы мне сустракаліся не аднойчы. І дарогі ў Александрыі, у адрозьненьне ад суседняй Копысі, сьвежага асфальту ня бачылі ўжо гадоў пяць. Так што разважаньняў пра тое, колькі юбілеяў трэба справіць прадстаўнікам найвышэйшае ўлады, каб добраўпарадкаваць усе мястэчкі ў Беларусі, мне хапіла якраз да самай чыгуначнай станцыі.