Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ў Беларусі ўсяго 2 тысячы бяздомных. Між тым, ствараецца ўражаньне, што гарады краіны перапоўнены бамжамі. Дык хто памыляецца ў ацэнцы сытуацыі: улада або грамадзкая думка? Ці вырашаецца праблема, ці замоўчваецца?
Найчасьцей іхны адрас — ня дом і ня вуліца: падвал, звалка, лес, закінутыя пабудовы. Адпаведна з паўафіцыйным сацыяльным статусам — “асобы бяз пэўнага месца жыхарства”. Колькі бамжоў насамрэч, ніхто ў краіне ня ведае. Хоць у Расеі такая лічба агучаная: каля 10 мільёнаў — своеасаблівая бяздомная Беларусь. Але ў Менску, Горадні, Пінску, Полацку ды іншых гарадах адпаведнымі падлікамі ня вельмі заклапочаныя. Бо фактычна гэтай катэгорыяй грамадзянаў ніхто не займаецца. Яны кінутыя на волю лёсу. Распавядае Віктар зь Пінску:
(Віктар: ) “Я працаваў цесьляром на будоўлі. Было ўсё нармальна, зарабляў, пакуль не падманулі мяне. Застаўся без кватэры, цяпер вось на вакзале начую. Зімою былі моцныя маразы, ня вытрымаў, ампутавалі нагу, летам хтосьці прывёз мне інвалідную каляску, цяпер лягчэй”.
Не стае элемэнтарнага — статыстыкі праблемы. А калі няма ўліку, то й гадамі нічога ня робіцца. Хоць фармальна праблеме ўжо 11 гадоў: у 1992-м скасавалі славуты 204-ы артыкул “за дармаедзтва і бадзяжніцтва”. Тады думалі пра дэмакратызацыю жыцьця. Але неўзабаве дзяржава цынічна выкарыстала адсутнасьць адпаведнай прававой базы для апраўданьня ўласнае бязьдзейнасьці.
У суседняй Польшчы за гэты ж час намаганьнямі толькі аднае грамадзкае структуры “Маркот” створана 60 цэнтраў сацыяльнай рэабілітацыі бамжоў, нядаўна для іх пачала выходзіць адмысловая газэта. Гэты досьвед ухваліў Папа Рымскі. “Бацька” ж на адной з нарадаў своеасабліва “пахваліў” не апякуноў бяздомных беларусаў, а іх саміх — назваў “санітарамі гарадоў”. Маўляў, энтузіясты, бясплатна дапамагаюць у навядзеньні парадку на зямлі. І што думаюць самі “санітары”?
(Мікалай: ) “Зьбіраю бутэлькі, дзякуючы чаму і жыву. Я інвалід, аднак пэнсіі па інваліднасьці атрымаць не магу. З кожным днём усё горш і горш робіцца, і паляпшэньня ніякага не прадбачыцца. Жыцьцё даражэе, а жыць кожнаму хочацца, і трэба жыць”.
(Натальля: ) “Моўчкі мы спраўляемся са сваімі праблемамі. Паплачам самі сабе — дый усё”.
(Мікалай: ) “Як гаворыцца, самі сабе жывём”.
Мікалаю, якога сябры за ўсходнюю смуглявасьць завуць Будулаем, толькі 55, але выглядае 70-гадовым. Летась няўдала “пасанітарыў” якраз у навагоднюю ноч: адмарозіў ногі, стаў інвалідам. Пэнсіі ня выбіў. Бо воз юрыдычных нюансаў — недасканаласьць, калі не адсутнасьць нарматыўна-прававой базы адносна бяздомных, бездакумэнтных грамадзянаў.
Клясычная сытуацыя выглядае так: пашпарт згубіў — на працу не ўладкавацца, а хочаш узнавіць яго — дай даведку, што працуеш. Няма прапіскі, стажу, паперак з паліклінік — няма і пэнсіі. Кола замыкаецца. І стварылі яго ня толькі тыя, хто захлынаецца на сацыяльным “дне”, але яшчэ больш — бязьдзейная дзяржава. Дый грамадзтва ня лепшае: так шугае бамжоў! Адная інтэлігентнага выгляду бабуля абуралася: “Гэтыя мярзотнікі аб’ядаюць бедных катоў і сабакаў, ну ўсё, усё ў іх забіраюць на сьметніках!”
(Перавязка: ) “Ідзі сюды, бомж!”, ці яшчэ нешта такое, да чаго яны прывыклі, бо да іх жа ставіліся, як да жывёлаў. І яны мне казалі: вось каб усе былі такія, як вы тут, дык, можа, гэтага і не было б… Мы падымаем людзей з руінаў. Некалі будавалі пасьля вайны разбураныя гарады, а цяпер трэба падымаць людзей”, — гэтак разважае дырэктар адзінага ў краіне прытулку для бамжоў у Бабруйску Віталь Перавязка.
Прытулак адкрыўся два месяцы таму. А першаму і таксама адзінаму ў Беларусі начному прытулку для бяздомных трохі больш, ён на Меншчыне. Кіраўнік, Мікалай Вяркееў, кажа, што іхны досьвед першапраходцаў спатрэбіўся і бабруйчанам:
(Вяркееў: ) “Летась яны прыяжджалі да мяне дзеля абмену вопытам”.
(Карэспандэнт: ) “І што абмяркоўвалі?”
(Вяркееў: ) “У першую чаргу дакумэнтацыю, нарматыўна-прававую базу”.
(Карэспандэнт: ) “Гэты мэханізм адпрацаваны зь Міністэрствам унутраных справаў, з мэдыкамі?”
(Вяркееў: ) “Абавязкова. Без мэдычнага агляду нельга. Толькі пасьля яго засяляем да сябе”.
(Карэспандэнт: ) “Ці правільна грамадзтва ставіцца да такіх людзей?”
(Вяркееў: ) “Рашэньнем гарвыканкаму адкрылі нашую ўстанову: гэта і ёсьць падстава чалавеку-бамжу можа аднавіць дакумэнты. Супрацоўнікі пашпартна-візавай службы зробяць іх, прапішуць, ёсьць магчымасьць працаўладкавацца, стаць у чаргу на атрыманьне жыльля”.
Выглядае, што пэўная прафіляктыка бадзяжніцтва ўсё ж ёсьць. Так, менавіта “пэўная”. Зробленая толькі мізэрная праца. Празь дзесяцігодзьдзе гэтае сацыяльнае зьявы краіна фактычна пачала вяртацца да таго, што ўжо некалі пачынала рабіцца на самым пачатку, але заглохла з-за дзяржаўнай ды грамадзкай абыякавасьці. У Горадні, напрыклад, яшчэ ў пачатку 1990-х выканкам стварыў адмысловы савет дзеля работы з асобамі “бяз пэўнага месца жыхарства”. А пры цэнтры адаптацыі раней асуджаных — малое прадпрыемства “Грод-ост”, дзе працавалі і былыя зьняволеныя, і бамжы. Для іх нават ложкі меліся ў інтэрнаце. А сёньня нічога гэтага не засталося. Ёсьць толькі намер узнавіць той самы савет. Распавядае Алег Іваноў, які некалі й займаўся тымі праблемамі:
(Іваноў: ) “Разумееце, праблема яшчэ ў чым — калі там рабіць, трэба рабіць нармальна: зь міліцэйскім пастом, каб нехта там сядзеў, ахоўваў. Бо публіка гэта такая. Іх адных пакінеш, дык чорт ведае што будзе! Але баюся, гэта зноў адная прафанацыя, і далей размоваў справа ня пойдзе. Пад гэта патрэбныя грошы, пад гэта патрэбныя штаты. І патрэбна, каб у кагосьці яшчэ добрая воля мелася, разумееце?”
Пакуль жа няма ні першага, ні другога. Не стае і трэцяга. Хоць добрыя людзі ёсьць — касьцёл, напрыклад, дае бамжам бясплатныя абеды. Ён імкнецца ня толькі да ачышчэньня душаў аблуднае сваёй паствы. Таму ўмова: накормім, калі ёсьць даведка, што прайшоў санітарную апрацоўку. А мэдыкаў у сваю чаргу цікавіць месца начлежкі. Як уведаюць, дзе той падвал — усё пазаліваюць “хіміяй”, а міліцыя зачыніць дзверы на пудовы замок: гуд бай, бомжык! А дзе спаць? Зноў замкнёнае кола, зноў валацугаў ганяюць па ім і пры гэтым абвінавачваюць: разносіце хваробы, такія-гэткія, разводзіце “гадзюшнікі”!.. Праўды тут не адрозьніш ад крыўды, клопат — ад фальшу... І ўсё ж Царква сёньня найпершы сябар гэтых людзей. Распавядае ксёндз аршанскага касьцёлу Сьвятога Язэпа Міхал Цьвячкоўскі:
(Айцец Міхал: ) “Шмат ёсьць людзей, якія стукаюцца ў нашыя дзьверы, просяць дапамогі. І мы гэтых дзьвярэй не зачыняем. Ёсьць гуманітарная дапамога, якую выдзяляе “Карытас” Віцебскае япархіі, і мы просім гэтае дапамогі, якая прыходзіць з-за мяжы, патрэбныя рэчы раздаем бедным, і гэта канкрэтная, добрая дапамога. І яны ўдзячныя, бо сапраўды ня маюць, каб набыць патрэбныя рэчы. Вядома, ёсьць і малітва за бедных, але найперш патрабуецца канкрэтная, матэрыяльная дапамога, і мы імкнемся гэта рабіць”.
А вось што кажа сястра Маргарыта з аршанскага Сьвята-Міхайаўскага храму:
(Маргарыта: ) “Людзі грэцца ў храм ідуць, хто булачку возьме…Такіх заўсёды шмат, асабліва калі халадае. Адзеньне бяруць, якое прыхаджане ахвяруюць. Калі бацюшка дабраславіць, то з ахвяры можна нешта ўзяць. Ну, і міласьціну ж падаюць! Глядзіш, калі чалавек ня п’яніца, а так, няшчасьненькі, то канечне ж дасі!..”
Між тым, у шырокай грамадзкай думцы і першыя, і другія — аднолькавае зло з адвечным жаданьнем нешта сьцягнуць, каўтануць танных “чарнілаў” ды забыцца бяздумным сном. А чым жывуць Мікалай і Натальля, якія згодна зь лёгікай сястры Маргарыты хутчэй падпадаюць пад катэгорыю “няшчасьненькіх”? Што думаюць яны пра нас, “шчасьлівенькіх”?
(Натальля: ) “Вось каб людзі, якія жывуць у сваіх кватэрах, перасталі рабіць адзін другому подласьці, было б намнога лепей. Тычыцца гэта і палітыкаў, і бізнэсоўцаў. Гэтым яны самі сабе робяць шкоду. А мы адзін другога падтрымліваем. Напрыклад, прачытаў нейкую кніжку сам — памяняўся з таварышам. Нехта падняў абутак, кофту — таксама мяняемся. А палітыкі й бізнэсоўцы, яны абы толькі выдраць сабе... Тым сябе і караюць, бо не прыходзяць да нейкай згоды”.
(Мікалай: ) “Так, і самі больш за нас церпяць”.
Лічыцца, што бамжы ня здольныя да цьвярозай ацэнкі жыцьця. І так мяркуюць ня толькі шарагоўцы. Цытую публікацыю кандыдата мэдычных навук Ігара Валынца: “Найвышэйшыя пачуцьці — сумленьне, удзячнасьць, абавязак, каханьне, дружба — адсутнічаюць. Па сутнасьці, гэта біялягічны ўзровень жыцьця. Як правіла, яны алькаголікі 3-й, апошняй ступені. Усе — на адзін твар. Яны ня могуць жыць па-чалавечы. А галоўнае — ня хочуць! Яны запраграмаваныя быць на дне”.
На пытаньне, чаму Мікалай і Натальля ня хочуць пайсьці ў Бабруйскі прытулак для бамжоў, адказалі, што пачакаюць, прыгледзяцца, як наладжваецца жыцьцё. Ня вельмі спяшаюцца туды і сябры Мікалая. Але першыя 15 чалавек вызначыліся. Размаўляем з дырэктарам, спадаром Перавязкам:
(Перавязка: ) “Адкрыліся мы 18 жніўня, на базе Чырвонага Крыжа. Разьлічаны прытулак на 100 чалавек. Свая сталоўка, свая кухня. Памяшканьні на 7–10 чалавек. Спонсары нашыя італьянцы”.
(Карэспандэнт: ) “Таксама нейкая міласэрная арганізацыя?”
(Пверавязка: ) “Так, італьянскі Чырвоны Крыж. Будуць у нас стаяць дзьве цяплічкі, мэр гораду дазволіў узяць памяшканьне пад сьвінарнік. Плянуем зрабіць і сваю фэрму разьвядзеньня трусоў. Чалавек, які адседзеў у турме 20 і больш гадоў, ён на ўсе рукі майстар. 99 адсоткаў маюць жаданьне падняцца, стаць на ногі. 99 адсоткаў!”
Пры гэтым спадар Перавязка спасылаецца ня толькі на ўласныя назіраньні, але й на досьвед менскіх калегаў, якія працаўладкавалі ўжо больш за сотню бамжоў і амаль паўтысячы дапамаглі з прапіскай, інтэрнатамі. Гэтыя факты разьбіваюць лёгіку кандыдата навук, які кажа пра татальную, незваротную дэградацыю людзей сацыяльнага дна. І ўсё ж чаму бабруйскі прытулак запаўняецца марудна?
(Перавязка: ) “Загрузка невялікая, таму што мала хто чуў пра нас. Другое, зь іхных словаў, яшчэ цёпла. А пачнуцца халады — пацягнуцца”.
(Карэспандэнт: ) “Прыкмета: як холад — птушкі лятуць зь Беларусі, а яны зьлятаюцца ў вялікія гарады”.
(Перавязка: ) “Так, самі кажуць: хутка папаўненьне… Ужо ёсьць адзін чалавек ажно зь Піншчыны — вычытаў пра нас у газэце і на перакладных дабраўся сюды, і мы яго ўзялі”.
(Карэспандэнт: ) “А што, скажыце, перашкаджае таму, каб ваш досьвед быў распаўсюджаны ва ўсіх абласных, або такіх вялікіх гарадах, як Ліда, Полацак, Мазыр?”
(Перавязка: ) “Як пакажуць па цэнтральным тэлебачаньні, дык адкрыюць ва ўсіх рэгіёнах”.
(Карэспандэнт: ) “Затраты на абсталяваньне такіх дамоў ці вялікія?”
(Перавязка: ) “Не, не…”
Ці спраўдзіцца спадзеў спадара Перавязкі на тое, што іхным досьведам зацікавяцца ўсе — і бамжы, і грамадзкасьць, і, нарэшце, улады? Найменшыя зрухі пакуль у вэртыкалі. На ўзроўні рэспубліканскіх структураў увогуле думаюць не пра памяшканьні, кадры, кантакты з прадпрыемствамі, а як стварыць ці то міжведамасную камсію, ці то адмысловую рабочую групу. Прычым спачатку хочуць прааналізаваць міжнародны досьвед. Ды любы турыст пацьвердзіць, што ў Парыжы па ўсім горадзе для клёшараў бясплатныя начлежкі, у Бэрліне ня толькі тройчы накормяць, памыюць, але й 20 эўра на дзень дадуць…
Мо беларскія чыноўнікі хочуць у замежную камандзіроўку? Дакладна вядома іншае: пасьля “вывучэньня” яны хочуць заняцца ня пошукам сродкаў, а законапраектамі. Калі меркаваць са словаў начальніка ўпраўленьня прафіляктыкі МУС Беларусі, хутчэй, гэта пачнуць з рэанімацыі ўсё таго ж славутага 204 артыкула. Ён просты ў рэалізацыі: бамжоў адсочваць — і за краты! Але гэта ўсё тое ж замкнёнае кола, якое не дае выніку і зацягвае час. Вось і кажа Мікалай пра ўладу:
(Мікалай: ) “Мне толькі адзін чалавек падабаўся і падабаецца па сёньняшні дзень — Машэраў. Гэта быў вельмі талковы чалавек, зь сёньняшнімі кіраўнікамі не параўнаць. Ён паважаў сваіх людзей, змагаўся за Беларусь, за кожнага чалавека. А цяпер нейкія ня тыя адносіны, ня тыя падыходы”.
Натальля сумна жартуе: ня тыя падыходы да іх і ў надвор’я — летась ейны сябар ледзьве ногі ня страціў, чаго ж чакаць сёлета? А халодны сэзон, калі бамжы гінуць дзясяткамі ад марозаў і пажараў, распачаўся. Пытаюся ля царквы ў пасінелага бамжа, як зьбіраецца перазімаваць?
(Бомж: ) “Як звычайна! Я прыходжу сюды, ну, як гэта называецца… Ну, прыйду, перахрышчуся, пацалую крыж…”
Спадзеў, такім чынам на сябе й Хрыста...