Агульная магутнасьць беларускіх гідраэлектрастанцыяў складае каля 9 мэгаватаў. Праз тры гады яна павялічыцца мінімум упяцёра — гэтаму паспрыяюць Гарадзенская і Полацкая ГЭС, будаўніцтва якіх неўзабаве распачнецца. А праз шэсьць гадоў рэкі краіны мусяць выпрацоўваць ужо 250 мэгават электрычнасьці. Гэта своеасаблівая рэвалюцыя — вялікая энэргетычная.
Рэвалюцыі, нават калі яны навукова-тэхнічныя, падзяляюць грамадзтва. Але спачатку гэта незаўважна. Адзін зь лідэраў руху “зялёных” у краіне Валер Дранчук так мяркуе пра будаўніцтва каскаду ГЭС:
(Дранчук: ) “Беларусь — невялікая краіна. І для нас такі праект, як будаўніцтва на Нёмане альбо на Заходняй Дзьвіне плацін, гэта вельмі вялікі праект. Гэта вялікая небясьпека. Гэта, можа, той выпадак, калі сапраўды патрэбны і рэфэрэндум! Я думаю, людзі адчуюць, што гэта небясьпека і для іх таксама”.
Тыдзень таму эколяга з адукацыі Яраслава Пятроўскага разам зь ягоным сябрам міліцыя затрымала толькі за тое, што хлопцы апранулі майкі з надпісам “Нёман бяз ГЭС” і спрабавалі ўзяць удзел у шэсьці з нагоды сьвята Горадні. А вось кіраўнік гарадзкога клюбу прадпрымальнікаў Франц Мамуля прымае ідэю новае станцыі:
(Мамуль: ) “Як грамадзянін гораду, я ня супраць пабудовы ГЭС, таму што энэргія нам патрэбная, і ня трэба залежаць ад іншых дзяржаваў альбо ад абставінаў. Мы павінны самі вырабляць для сябе энэргію”.
Натхнёны пэрспэктывамі і куратар праекту Полацкай ГЭС Аляксандар Кашпараў:
(Кашпараў: ) “Будаўніцтва Полацкай гідраэлектрастанцыі, якое пачнецца прыкладна ў траўні-чэрвені 2004 году, мае важнае дзяржаўнае значэньне, асабліва з гледзішча эканомікі. Мы пачнем прадукаваць самую танную электраэнэргію, ГЭС будзе эканоміць прыкладна 2,1 мільёна даляраў у год. Па-другое, станем вырабляць 112 мільёнаў кіляватгадзінаў электраэнэргіі”.
Такім чынам, сутыкнуліся дзьве пазыцыі. Прыхільнікі дзяржаўнай падтрымліваюць лёгіку, прадыктаваную новымі эканамічнымі ўмовамі. А яны патрабуюць ад паліўна-энэргетычнага комплексу краіны максымальна задзейнічаць мясцовы патэнцыял, у тым ліку й павольных беларускіх рэчак. Урад вызначыў тры падыходы да праблемы: частковую рэканструкцыю наяўных магутнасьцяў, стварэньне новых і, нарэшце, будаўніцтва да 2017 году першага блёку беларускай атамнай станцыі. Пляны апошняй толькі абмяркоўваюцца.
А вось лёс ГЭС вызначаны. Дзясятак раней закінутых станцыяў — напрыклад, Лёзьненскую, Клясьціцкую, Лукомскую, Багінскую, нават пасьпелі аднавіць. Дарэчы, пасьля вайны ў Беларусі паставілі ажно каля двухсот маламоцных турбінак. Часам, яны давалі жыцьцё толькі адной вёсцы ці невялічкаму заводзіку. А сёньня, па разьліках адмыслоўцаў, у краіне можна пабудаваць толькі сотню малых станцыяў. Чаму? Пра адну з істотных прычынаў распавядае вядомы дасьледчык наступстваў мэліярацыі публіцыст Анатоль Казловіч:
(Казловіч: ) “Беларускія рэчкі асаблівыя — яны вельмі спакойныя, як і наш беларускі характар. Калі абыходзіцца зь імі проста як з вадатокамі, нібы ў часы татальнае мэліярацыі, то рэчкі нашыя пратэстуюць. Пратэстуюць яны сваёй пагібельлю. Амаль усе маленькія і так званыя сярэднія беларускія рэчкі зьніклі ў выніку асушэньня. Па-першае, яны былі паглыбленыя, па-другое, выпрамленыя. Цяпер тое самае, па сутнасьці, плянуюць зрабіць зь Нёманам”.
Прыхільнікі рэанімацыі малых ГЭС кажуць пра стварэньне новых працоўных месцаў, ажыўленьне мясцовае эканомікі, добраўпарадкаваньне ляндшафту. На першы погляд, так і павінна быць. Але ў суседняй Латвіі, якая даўно перажыла адпаведны бум, сёньня падняўся магутны рух супраць малых ГЭС. Найперш грамадзкасьць непакоіць, што яны спрычыняюцца да паводкаў, пагаршэньня якасьці вады, гібелі рыбы — папуляцыя ласося, напрыклад, скарацілася больш чым на 70%.
А вага такіх станцыяў у агульным аб’ёме спажыванай электраэнэргіі не перавышае 0,1%, гэта зусім не вырашае праблему дэфіцыту магутнасьцяў. А як амаль нулявая эканамічная аддача, дык стала мітам і надзея, што людзі знойдуць сабе працу. Заўважым: у Беларусі такая статыстыка яшчэ меншая. Таму шмат хто зусім не ў захапленьні ад укладваньня сродкаў у праект з сумнеўнай аддачай. Слова — Валеру Дранчуку:
(Дранчук: ) “Перамагчы ў змаганьні супраць плацінаў можна толькі эканамічна. Калі будзе праведзены разьлік эканамічны, мне здаецца, што гэта адзіны аргумэнт на карысьць таго, каб прырода была без плацінаў”.
Тым ня менш, урадавы энэргетычны сцэнар адводзіць новым плацінам адметную ролю. Чаго вартая, напрыклад, ідэя цэлага каскаду ГЭС на Дзьвіне!
Такога рэвалюцыйнага праекту ў Беларусі яшчэ не было. Гаворыць намесьнік начальніка службы пэрспэктыўнага разьвіцьця “Віцебскэнэрга” спадар Панушкін:
(Панушкін: ) “Увогуле мы плянуем у пэрспэктыве пабудаваць чатыры ГЭС: Віцебскую, Бешанковіцкую, Полацкую ды Верхнядзьвінскую. Вырашылі пачаць з Полацкай. Навошто мы гэта ўсё плянуем? Ясна: у Беларусі мала ўласных энэргарэсурсаў, мы вымушаныя купляць іх у Расеі. Меркаваны эфэкт — гэта эканомія 35 тысяч тон паліва на год, якое спажываецца на Навалукомскай станцыі”.
Заплянаваная магутнасьць Дзьвінскага каскаду — 128 мэгаватаў. Прычым амаль палову будзе вырабляць Віцебская ГЭС. Але першай запрацуе ўдвая меншая, Полацкая. Ейнае будаўніцтва будзе каштаваць падаткаплатнікам 38 мільёнаў даляраў. Акупнасьць складзе 13 гадоў. Сёньня прыгожы архітэктурны праект станцыі праходзіць дзяржаўную экспэртызу. У працэсе хіба ці не аўральнае даводкі многія найважнейшыя вузлы. Напрыклад, спачатку меркавалася ставіць турбіны вэртыкальна, аднак затым праектанты зьвярнуліся да досьведу чэхаў — на Вэлтаве іх разьмясьцілі гарызантальна.
Галоўны інжынэр Полацкай ЦЭЦ Аляксандар Кашпараў засяроджвае ўвагу на перавагах ГЭС:
(Кашпараў: ) “Калі мы не выкарыстоўваем паліва, то грунтоўна паляпшаем экалягічнае асяродзьдзе, бо не выкідаем дымавых газаў у атмасфэру. Другі момант — мы падвышаем узровень вады ў Дзьвіне. Гэтая частка ракі робіцца суднаходнай”.
Спадар Панушкін — практык. А як ставяцца да “каскаднай” ідэі навукоўцы? Па-рознаму. Вось думка прафэсара Міжнароднага экалягічнага ўнівэрсытэту Барыса Фашчэўскага:
(Фашчэўскі: ) “На Нёмане і на Заходняй Дзьвіне можна будаваць станцыі: невялікай магутнасьці, якраз такой, што й прадугледжана там”.
Але з трывогаю дадае:
(Фашчэўскі: ) “Ёсьць участак на Нёмане ў раёне Мастоў — як бы з шырокай поймай. Дык важна, каб яны гэта не затапілі, нягоднікі. Я ня ведаю тонкасьцяў праекту, але ж там самае багацьце!”
Згодна сьведчаньню спадара Кашпарава, экалёгіі надаецца выключнае значэньне — хоць зона затапленьня ўсяго каля двух з паловаю тысяч гектараў. Узровень вады не перасягне рысы вясновае паводкі. Дзьвіна будзе ўзьнятая на працягу 80 кілямэтраў, таму зьнясуць паўсотні прыбярэжных пабудоваў. Страты, нібыта, не вялізныя. Але гісторык Уладзімер Лобач кажа, што ўлады абмінаюць увагай такі, напрыклад, аспэкт:
(Лобач: ) “Праблема гэтай пабудовы палягае і ў тым, што будзе затопленая значная плошча з культурным пластам — з унікальным сярэднявечным паселішчам ля вёскі Лучна, магчыма, і рэшткамі манастыру. А таму пільна трэба дасьледаваць блізу трох тысяч квадратных мэтраў зямлі”.
Пад Горадняй археолягі таксама прадбачаць страты, бо электрастанцыя разьмесьціцца ўсяго за дзесяць кілямэтраў ад абласнога цэнтру, а вадасховішча выцягнецца кілямэтраў на пяць. Там зьбіраюцца праводзіць раскопкі, толькі калі — вось-вось зіма, а далей будоўля загудзе. Аднак начальнік аддзелу капітальнага будаўніцтва “Гарадняэнэрга” Канстанцін Жынь запэўнівае:
(Жынь: ) “Без дазволу археолягаў мы не пачнем будаўнічых работаў. Без дазволу Саўміну і прэзыдэнта мы не пачнем будаўніцтва. Гэта значыць, усё завязваецца на праект, а яго яшчэ няма”.
Затое ёсьць прыблізныя тэрміны пуску ГЭС. І актыўная апрацоўка грамадзкае думкі. Улады абяцаюць добры адпачынак на навюткім вадасховішчы, яхты, каноэ, водныя лыжы, піва і пад яго — плойму рыбы, якой у рацэ засталося няшмат.. Аднак ня ўсе вераць абяцаньням. Улетку незарэгістраваная суполка моладзі “Разам!” наладзіла незвычайную акцыю супраць будаўніцтва гідраэлектрастацыі. Яны разьбілі свой лягер зь лёзунгамі пратэсту на нёманскім востраве проста ў горадзе. Адным з удзельнікаў быў і днямі затрыманы міліцыяй за “зялёную” агітацыю Яраслаў Пятроўскі:
(Пятроўскі: ) “Акцыя выкліканая яшчэ і тым, што такі буйны, важны для жыцьця рэгіёну аб’ект будуецца амаль бязь ведама мясцовага насельніцтва. На нашую думку, можна было бы правесьці нават нейкі рэфэрэндум наконт гэтага. Праводзіліся грамадзкія слуханьні ў 2001 годзе, але яны ня выклікалі ніякага рэзанансу, і што паказальна — там не прысутнічалі службовыя асобы, яны адмовіліся туды прыйсьці!”
Над высілкамі гарадзенскіх “зялёных” разважае Валер Дранчук:
(Дранчук: ) “Я шакаваны, што пратэстны патэнцыял як бы не спрацаваў, ён быў адкінуты, ён праігнараваны. У сувязі з гэтым думаю пра мэханізмы прыняцьця такіх рашэньняў, як будаўніцтва плацінаў — петляў на шыях нашых рэк. Чаму гэты мэханізм зьведзены да нейкіх такіх прымітыўных формаў: вы, грамадзтва, там пратэстуйце, а мы прымем рашэньне такое, якое нам хочацца!”
Дарэчы, у Полацку і Наваполацку, дзе ў другой палове 1980-х узьнік магутны экалягічны рух, голасу “зялёных” сёньня не чуваць. Хоць шарагоўцы занепакоеныя сытуацыяй з энэргетычным каскадам:
(Спадарыня: ) “ГЭС ужо зьбіраюцца будаваць, а мы дагэтуль ня ведаем, якія наступствы рацэ прынясе будоўля? Нам ніхто не сказаў, ці будзе больш вады ў Дзьвіне, ці менш, ці яе зусім ня будзе”.
Кантрастам выглядае сытуацыя ў Расеі, дзе летам урачыста адкрылі Бурэйскую ГЭС — апошняя станцыя такой магутнасьці будавалася ў Сыбіры чвэрць стагодзьдзя таму. Рэвалюцыйны прарыў у энэргетыцы краіны суправаджаўся сапраўднай прапагандысцкай помпай: маўляў, на Бурэі ўлічылі ўсе памылкі ейных славутых папярэдніц — і лес у зоне затапленьня сьпілавалі, і археалёгію выратавалі, і рыбаразводны завод спраектавалі, ну ўсё прадугледзелі!
Аднак грамадзкасьць гэтаму не паверыла, і ў выніку ўпартае барацьбы Чубайс з урадам пагадзіліся на шматгадовую праграму сацыяльна-экалягічнага маніторынгу з мэтаю хуткага рэагаваньня на непрадбачаны нэгатыў. Падкрэсьліваю — непрадбачаны! Біялягічны, метэаралягічны, хімічны кантроль будзе ня толькі над водным асяродзьдзем, але й жывёльным, расьлінным сьветам.
А ў Беларусі — цішыня. Хоць у тутэйшых гідрабудаўнікоў няма досьведу расейскіх калегаў, яны ігнаруюць папярэджаньні, напрыклад, піцерскіх навукоўцаў наконт небясьпечных наступстваў Нёманскай ГЭС. Тым больш без увагі застаюцца ідэі айчынных апанэнтаў. Распавядае незалежны экспэрт з Горадні Ніна Палуцкая:
(Палуцкая: ) “Наконт рыбы: у нейкім артыкуле было сказана, што вадасховішча — гэта плойма рыбы і ледзьве не вырашэньне харчовай праграмы. Насамрэч гэта ня так. Успышка рыбапрадукцыйнасьці у вадасховішчах назіраецца толькі першыя пару гадоў. А потым адбываецца, наадварот, затуханьне, і пачынаюць разьвівацца малакаштоўныя пароды і маруднарослыя, гэта па-першае. А па-другое, аблавіць вадасховішча практычна немагчыма, таму што там гніюць і тырчаць здолу дрэвы, хмызьнякі”.
Ніну Палуцкую найбольш непакоіць тое, што зь незалежнымі эколягамі, з грамадзкасьцю ня хочуць раіцца. Ня хочуць выслухаць супрацьлеглае гледзішча, наладзіць дыскусію. Напрыклад, пра мажлівасьць утварэньня ўздоўж Нёману вялізных равоў, як ужо адбылося ў суседзяў-літоўцаў, пра небясьпеку для мастоў, пра шкодныя донныя назапашваньні і гэтак далей. Чаму ігнаруецца дыялёг? Распавядае Валер Дранчук:
(Дранчук: ) “Я хачу нагадаць, што ў нас у краіне дзейнічае спэцыяльная міжнародная канвэнцыя аб нашых экалягічных правах. Паводле якой такія рашэньні павінны вельмі шырока абмяркоўвацца. І з удзелам навукі, і з удзелам грамадзкасьці, і незалежных — я паўтараю: не адной, а некалькіх незалежных экалягічных экспэртызаў”.
А вось папярэджаньне прафэсара Барыса Фашчэўскага:
(Фашчэўскі: ) “Вельмі важна разьмесьціць з розумам. Каб не паўплываць на Горадню — гэта ж цудоўны горад! Каб не зьмяніць там клімату. Ну і з Полацкам каб дурнога не атрымалася. Каб людзі не хварэлі. У Краснаярску пачалі хварэць на сухоты ажно ўтрая больш! Ня кажучы пра тое, што з-за пераменаў у вільготнасьці прастудныя захворваньні ўзрасьлі хіба ці не ўшасьцёра, разумееш?”
Дарэчы, ГЭС, тым больш іх каскады, гэта ня толькі небясьпечны экспэрымент з прыродай, але й патэнцыйная тэхнічная пагроза. У сярэдзіне 1970-х пасьля разбурэньня дзьвюх кітайскіх станцыяў ад забруджваньня і эпідэміі загінулі 250 тысяч чалавек. Ды і ў Беларусі яшчэ памятаюць, што размытую дажджамі Дабрамысьленскую плаціну адбудоўвалі цэлы год. Тут дарэчы ўзгадаць і апошнія згубныя паводкі ў Заходняй Эўропе: міжнародныя экспэрты лічаць, што адной з галоўных прычынаў сталіся менавіта непрадуманыя экспэрыменты з вадой — гэта і плаціны, і асушэньні, і павароты рэк. А што ўжо казаць пра Паволжа, Сыбір? Разважае Анатоль Казловіч:
(Казловіч: ) “Зьніклі цэлыя прыродныя комплексы. І тое ж самае чакае Беларусь, калі на Гарадзеншчыне перакрыюць Нёман. Я ня веру нашым гідрамэліяратарам: няма ў нас той школы, той выдатнай экалягічнай школы, якая можа стварыць нешта такое, што задаволіла б і чалавека, і прыроду, і будучае, і сучаснае. Я ня веру пакуль праектантам. Ня веру — таму, што няма ў нас школы”.
Затое сярод энэргетыкаў ёсьць майстры прапагандысцкай школы: калі раней яны абяцалі жыхарам Горадні забясьпечыць рэсурсамі новай ГЭС палову патрэбаў хімічнага аб’яднаньня “Азот”, дык сёньня кажуць іншае — электрычнасьці хопіць для ўсіх кватэраў і дамоў абласнога цэнтру! Людзі сталага веку ўсьміхаюцца: яны памятаюць, што станцыю зьбіраліся рабіць і за Хрушчовым, і нават яшчэ раней, 70 гадоў таму — за палякамі, якія тады гаспадарылі тут. Цяпер новая ўлада, і ў яе новыя, рэвалюцыйныя пляны! Але гісторыя вучыць: рэвалюцыя — гэта заўсёды небясьпека вялізных стратаў.