Верамейкі – вялікая вёска ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласьці. Тут жыве цяпер больш за 2 тысячы чалавек.
Лічыцца, што Верамейкам больш за чатыры сотні гадоў. Гісторыкі мяркуюць, што назва вёскі ўзьнікла ад імя мясцовага памешчыка Ерамея, аднак на нядаўнім конкурсе на лепшае паданьне пра паходжаньне Верамеек перамагала іншая, больш арыгінальная ідэя.
Мясцовы настаўнік гісторыі Ўладзімер Лукашэнка распавёў на беразе возера, зь якога пачыналася вёска, вось такую гісторыю.
(Лукашэнка: ) “Ад памешчыкаў з розных месцаў беглі людзі, сяліліся вось тут, таму што тут было прыгожае месца. Але як яны пачыналі тут жыць, то нічога ў іх не ўдавалася, ураджаю не было, навальніцы вельмі часта пагражалі ім і гэтак далей. І яны абазьліліся на сваё жыцьцё і нават на Бога, несьлі праклён небу, і раптам загрымеў гром і зьверху такія раздаліся словы: “Веру мей!” Вось пасьля таго людзі прыслухаліся да гэтых слоў, пабудавалі царкву. Вырашылі верыць у Бога, выконваць усе запаветы, і з гэтага часу жыцьцё іх вельмі зьмянілася”.
І гэтая гісторыя скончылася тым, што ў гонар божых словаў “Веру мей!” і былі названыя Верамейкі.
* * *
Верамейкі называюць больш прагрэсіўным і інтэлігентным паселішчам у параўнаньні з суседнімі вёскамі. Тут ёсьць сярэдняя школа, амбуляторыя, крама і прадпрымальніцкія шапікі, інтэрнат, сельскі савет. Людзі ў асноўным працуюць на сьвінакомплексе пад назвай “Сьветлы” і ў саўгасе “Ўдарнік”.
Праўда, будучыня сьвінакомплексу “Сьветлы” ўяўляецца зараз не такой сьветлай, як хацелася б. Алена Маркаўна адпрацавала там вэтэрынарам 11 гадоў, і яна сьведчыць, што справы на “Сьветлым” ідуць не ў гару.
(Спадарыня: ) “Зноў пачаўся падзёж. А ад чаго – хто яго ведае. Па сто галоў адыходзіць у суткі – а гэта ж увогуле трэба плакаць”.
Саўгас “Ударнік”, дзе працуе іншая частка сялянаў (раней – тры сотні, а зараз некалькі дзесяткаў), быў аб’яўлены банкрутам. Пэнсіянэр Мікалай Аляксандравіч, які ўсё жыцьцё адпрацаваў трактарыстам, перажывае за гаспадарку.
(Спадар: ) “Саўгас наш слабенькі. Нешта адбылося незразумелае, і яго паклалі. Не паставілі на калені, а менавіта паклалі”.
Жыхары Верамеек спадзяюцца на свае сілы і на свае агароды і вельмі проста адказваюць на пытаньне “Як выжыць у гэтай краіне?”
(Спадар: ) “За кошт сваёй бульбіны беларускай! Увогуле, кожны прыстасоўваецца як можа”.
(Спадарыня: ) “Што я раблю? Мардуюся лета поўнае. Бульба, грады. Як? Ва ўсім сабе адмаўляю, акрамя хлебу, алею і цукру”.
(Спадар: ) “Калі б не агарод, ніякага б жыцьця не было. І бульбы накапаеш, капусты пасоліш, вось і ўсё!”
* * *
Шпацыр па цэнтральнай вуліцы Верамеек зь мікрафонам хутка выявіў асноўныя праблемы вяскоўцаў. Сельскую сям'ю – Мікалая Аляксандравіча і ягоную жонку – вельмі хвалюе платнае мэдычнае абслугоўваньне.
Каб жонка ачуняла ад апэрацыі ў Чэрыкаўскім раённым шпіталі, Мікалай Аляксандравіч вымушаны быў набыць лекі на 35 тысячаў. Ён абураны тым, што абяцаньні кіраўніцтва краіны пра бясплатную мэдычную дапамогу вельмі разыходзяцца з рэальнасьцю.
(Спадар: ) “Там ад ёду і лейкапластыру да самых дарагіх лекаў трэба набываць. Нават выпісавалася жонка, я кажу: “Можна гісторыю хваробы?” – “Набудзь сшытак, мы табе напішам!” Гэта дзікунства 21 стагодзьдзя, вы разумееце? Дзікунства!”
Пэнсіянэрка Алена Маркаўна пакрыўджаная на ўладу за страчаныя грошы – 7 тысячаў савецкіх рублікаў, кроўна заробленых.
(Спадарыня: ) “Нам Лукашэнка шмат чаго абяцаў, аднак толькі нічога не зрабіў. Абяцаў, што нашыя ўклады кампэнсуюць. 40 тысячаў ці колькі там налічылі, ды і тыя не аддаюць грашыма. Няхай яно застаецца на прапой ім. Я іх не забірала і забіраць ня буду. Згубілася ўсё, згубілася жыцьцё”.
* * *
Пэнсіянэр і тутэйшы грамадзкі актывіст Яўген Іванавіч Шарабурка прадстаўляе ў Верамейках Беларускі Гельсынскі камітэт. Ён калісьці паехаў на Поўнач на камсамольскую будоўлю, а потым вярнуўся ў родныя мясьціны і будаваў сьвінагадоўчы комплекс у якасьці галоўнага энэргетыка.
Яўген Іванавіч ў свой час пасьля 28 гадоў сяброўства ў КПСС пакінуў шэрагі партыі без ваганьняў.
(Шарабурка: ) “Калі я сыходзіў з КПСС, то напісаў прама, што ў партыі вельмі шмат людзей з дэфармаванымі годнасьцю і сумленьнем”.
Потым верамейкаўскі актывіст спрабаваў разам з аднадумцамі стварыць дэмакратычную плятформу ў камуністычнай партыі, але зараз называе гэта “вялікай наіўнасьцю”.
(Шарабурка: ) “Вось калі я сутыкнуўся з гэтай бяздарнасьцю, калі сутыкнуўся са злачынцамі з партыйнымі білетамі ў кішэні, я вырашыў, што іду не туды, куды трэба”.
Цяпер Шарабурка – сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яўген Іванавіч шчыра гаворыць, што яму цяжка ўжыцца зь мясцовымі кіраўнікамі, сярод якіх трапляюцца, паводле яго меркаваньня, людзі нядобрасумленныя.
(Шарабурка: ) “Гэта хлопцы, якія нечыму недзе вучыліся, аднак нічога плённага не могуць прынесьці ў нашае жыцьцё. Яны неяк з камсамолу прабіваліся ў кіраўнікі буйнога маштабу. І зь імі ўжо працаваць стала зусім немагчыма”.
* * *
(Уладзімер Лукашэнка: ) “Што датычыцца мясцовых уладаў, то імі, я лічу, на 99 адсоткаў насельніцтва нашае незадаволенае. Але ў іх ніхто і не пытаецца. Фактычна некалькі сустрэчаў праводзілі, як зараз любяць казаць – выязныя агіткалектывы. Фактычна яны толькі слухаюць пытаньні, запісваюць, едуць і нічога ня робяць”.
Гэта казаў настаўнік гісторыі Верамейкаўскай школы Уладзімер Лукашэнка, які вымушаны цікавіцца палітыкай. Прозьвішча вымагае. Настаўнік прызнаецца, што асабліва цяжка яму давялося, калі ён паехаў у Нямеччыну. Немцы дазнаваліся, што спадар Лукашэнка прыехаў з Магілёўшчыны, і верамейкаўскі гісторык адказваў за ўсе праблемы краіны і беларускага народу. Выратавала толькі тое, што прозьвішча жонкі Ўладзімера – Гарбачова. Толькі тады прыдзірлівыя грамадзяне ФРН паверылі, што гэты Лукашэнка з тым сувязі ня мае.
Дык вось Уладзімер лічыць, што супраць ягоных Верамеек ідзе на мясцовым роўні барацьба: нядаўняе закрыцьцё вясковай больніцы, спроба ліквідацыі базавай гаспадаркі, цяпер яшчэ і транспартныя праблемы – гэта не выпадковасьць, а сьвядомы ўціск, так падаецца настаўніку.
(Лукашэнка: ) “Нашыя людзі усё ж такі больш свабодалюбівыя, і нельга тут так заціснуць, як тыя саўгасы, якія далей ад цэнтру знаходзяцца. Ну што могуць зрабіць? Выгнаць з працы. Стварыць такія абставіны, што пойдзеш з працы? Ну, тады можна кудысьці ўладкавацца ў іншае месца. Таму ў раённых уладаў наш саўгас заўсёды як косьць у горле”.
Справа ў тым, што мясцовых кіраўнікоў Верамейкі не заўсёды абіраюць дэпутатамі – нават тады, калі ім няма альтэрнатывы.
(Лукашэнка: ) “Мы ў рэчышчы кіраўніцтва раённага не ідзем. Калі нам прапануюць адную кандыдатуру, то гэта не азначае, што яна пройдзе. У іншых месцах: хто прызначаецца, той і пройдзе. Адсюль і маё перакананьне, што такая мэтанакіраваная палітыка ідзе супраць Верамеек”.
* * *
Іван Міхайлавіч раней працаваў у калгасе “Ўдарнік”, потым быў фэрмэрам, цяпер, як ён кажа – грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Выжывае за кошт уласнай гаспадаркі і чакае сапраўднай прыватызацыі.
Іван Міхайлавіч мяркуе, што трэба нарэшце даць людзям магчымасьць выкарыстаць чэкі “Маёмасьць”, якія, як ён кажа, “гніюць у шафах”, і атрымаць свой кавалак маёмасьці.
(Іван: ) “Потым ужо людзі змогуць самастойна рабіць выбар, як ім далей жыць. Трэба пусьціць прыватызацыю. Але на гэта, як мне падаецца, дзяржава найбліжэйшым часам не пойдзе”.
Ёсьць у Верамейках і такія людзі, якія лічаць, што чым чакаць нейкіх вялікіх падзеяў ці ласкі ад улады, лепей пачаць з малога. Напрыклад, пераасэнсаваць сваё ўласнае жыцьцё.
Леаніда Мікалевіча і ягоных сяброў у Верамейках жартам называюць “сэктай”. Людзі гэта немаладыя, гадоў па 40, дзяцей гадуюць, аднак погляд на жыцьцё ў іх адрозны ад іншых месьцічаў. Яны вырашылі змагацца ўласным прыкладам з алькагалізацыяй, якая сёньня ёсьць вялікай праблемай.
(Леанід: ) “Перш за ўсё – гэта здаровы лад жыцьця. Натуральна, што калі чалавек у алькагольным трансе ці ў наркатычным, ад паленьня ці ад усялякіх іншых празьмернасьцяў, ён няправільна, неадэкватна ацэньвае сытуацыю”.
Усё залежыць ад самога чалавека: і ягонае жыцьцё, і ўлада, і зьмены ў грамадзтве – да такой высновы прыходзяць актывісты зь Верамеек.
(Леанід: ) “Павінен зьмяніцца сам чалавек. Спытаць цяжкасьці, якія стварае ўлада, праз свой страўнік, праз свае жыцьцё і сям'ю. І меркаваць наступным разам, каго будзем абіраць. Калі людзі самі зьменяцца, стануць добрымі і нармалёвымі, зьменіцца і самая ўлада – гэта безумоўна”.
* * *
Яўгена Шарабурку вельмі засмучае няздольнасьць вяскоўцаў актыўна змагацца за сваю свабоду і лепшае жыцьцё. Большасьць лічыць, што пакуль ім хапае на хлеб ды соль, можна трываць.
(Шарабурка: ) “Калі я жыў на Поўначы, то мяне дражнілі як беларуса: “Бульба ёсьць, рэчка побач, дроў нарэжам і парадак”. Я тады лічыў, што гэта проста прыгожы выраз, гульня слоў. А потым калі я пажыў тут столькі гадоў, я ўпэўніўся, што гэта – псыхалёгія маіх землякоў. Ну сапраўды, бульба ёсьць, шкварка будзе, самагонку выганім, ну што яшчэ? Яне не разумеюць іншага жыцьця, яны ня бачылі іншага жыцьця”.
Уладзімер Лукашэнка тут спадзяецца на сваіх вучняў, на моладзь. Цяпер у мясцовай школе вучыцца 380 дзяцей, гэта самая вялікая школа ў раёне. Большасьць выхаванцаў бярэ актыўны ўдзел ва ўсіх грамадзкіх справах вёскі. Напрыклад, сёлета вучні самі зарабілі грошы, каб паставіць помнік тысячам салдатаў, якія загінулі ў гэтых мясьцінах у 1941 годзе.
(Лукашэнка: ) “Выхоўваю нацыянальную самасьвядомасьць. Але не ў такім сэнсе: маўляў, патрыятызм – значыць, выконваць пляны партыі і гэтак далей. А каб чалавек ня проста разумеў сваю гісторыю, але і адчуваў сваю адказнасьць за далейшую гісторыю Верамеек”.
Уладзімера Лукашэнку ўсьцешвае аптымізм маладога пакаленьня, і ён верыць, што людзі, якіх ён зараз выхоўвае, здолеюць нешта зрабіць для адраджэньня роднага краю. Яўген Шарабурка таксама хоча лепшай будучыні для сваіх Верамеек, каб на гэтай зямлі вольна жыў працалюбівы народ.
(Шарабурка: ) “Я б хацеў, як любы нармальны чалавек, каб у гэтай дзяржаве быў гаспадар. І каб гэтая дзяржава, улічыўшы вопыт суседніх дзяржаваў, разьвівалася менавіта дэмакратычным шляхам”.
І на завяршэньне размоваў з жыхарамі Верамеек мне распавялі яшчэ адное тлумачэньне назвы вёскі. Адзін з маладых людзей сказаў, што гэта ад лацінскага “вера” – “праўда”. А гэта значыць, што ў Верамейках будуць заўсёды спадзявацца на праўду, якая і дапаможа людзям выжыць у будучыні.