Дачыненьні людзей і прыроды ніколі не былі ідэальныя. Ну а цяпер тым больш. Вось як камэнтуе сытуацыю для Радыё Свабода начальнік Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету Алег Яцкевіч:
(Яцкевіч: ) “Мы маем даволі сур’ёзныя лічбы, што кажуць самі за сябе. Сёлета зафіксавана 11147 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства — гэта на 1291 больш за аналягічны пэрыяд мінулага году”.
Пытаемся ў спадара Яцкевіча, у якіх рэгіёнах браканьеры пачуваюцца найбольш камфортна? Ці ёсьць у Беларусі зоны найбольш небясьпечныя і, адпаведна, такія, дзе традыцыйна захоўваецца парадак?
(Яцкевіч: ) “Лідэрства абласьцей у браканьерстве ідзе зь пераменным посьпехам. Калі быў нераст рыбы, дык “вызначаліся” Гомельская і Віцебская вобласьці — дзе болей азёраў, дзе болей рэчак. А ўвогуле, калі глядзець па рэгіёнах, дык непарадак паўсюль...”
Поўнач Беларусі — край азёрны. У адным толькі Ўшацкім раёне плошча вады складае 8 тысяч гектараў. Таму і ня дзіва, што тут, асабліва падчас нерасту, лютуюць браканьеры. Такой парой работнікі Полацкай інспэкцыі аховы рыбных рэсурсаў і паляўнічых відаў жывёлы складаюць штотыдня 30–40 пратаколаў за незаконныя ловы рыбы, але ні штрафы, ні канфіскацыя рыбарскага рыштунку не ўтаймоўваюць парушальнікаў.
Нядаўна зацяты рыбак новапалачанін Валодзя паехаў з сынам на рэчку Вушачу, каб паказаць таму, як трэба завіхацца са сьпінінгам. З гэтага, аднак, нічога не атрымалася.
(Валодзя: ) “Я хацеў навучыць сына лавіць рыбу сьпінінгам, ды не ўдалося знайсьці прыдатнага месца, бо праз кожныя 50 мэтраў упоперак ракі стаяла сетка. Прычым даводзілася выцягваць такую сетку, ячэйка якой менш за 20 мілімэтраў. Паўстае пытаньне: што ж мы празь дзесяць гадоў будзем мець у нашых рэках, калі станем вылоўліваць літаральна ўсю драбязу?”
Ну а другі навапалачанін, Андрэй папросту абураны барбарскімі мэтадамі ловаў, калі ў рэках і азёрах не застаецца нічога жывога.
(Андрэй: ) “Практычна ўсе вадаёмы ў ваколіцах Полацку аблытаныя сеткамі. Але гэта ня самае страшнае. Найбольшую шкоду робяць так званыя электравуды. Я днямі быў на рыбалцы на возеры каля вёскі Новая Палата. Прыйшлі зь сябрам на бераг, бачым: плаваюць дохлыя карасі. Спыталіся ў пастухоў — што такое? Адказваюць: прыехалі людзі з электравудамі ды пабілі ўсю рыбу”.
Тое ж самае адбываецца і на Гомельшчыне. Распавядае жыхар Лоева Віктар:
(Віктар: ) “Век электронікі, прыдумляюць розныя там электронныя вудачкі. Самае страшнае — вось гэтыя электавуды. Іншым разам ідзеш — бітая рыба, малёк. Потым чайкі зьбіраюць. Гэта толькі электравудай прайшлі”.
Ягоны сябар Сяргей таксама пацьвярджае, што ў тутэйшых мясьцінах актыўна практыкуецца лоўля з дапамогаю электратоку.
(Сяргей: ) “Я дакладна ня ведаю, але чуў, што пасля гэтага рыба калі й выжывае, то два гады ня нерасьціцца. Рыба на нераст два гады потым ня ідзе”.
Паўсюль, як бачна, сытуацыя абвастрылася. Быў спадзеў, што становішча можа паправіць здача вадаёмаў у арэнду дзяржаўным і прыватным структурам. Афармляецца яна на пяць гадоў, прычым арандатар мусіць клапаціцца пра зарыбленьне малькамі прамысловых гатункаў рыбы — у асноўным судака і шчупака, а таксама пра ахову. Ідэя спадабалася многім прадпрымальным людзям, і толькі ў Полацкім раёне арандавалі амаль палову ўсіх вадаёмаў. Але высьветлілася, што і прыватнікі ня ў стане ўтаймаваць браканьераў. Не прыжылася нават такая навацыя як папулярная на Захадзе рыбная лоўля за невялікую плату. Ва ўсім рэгіёне выключэньне ў гэтым сэнсе складае толькі адно возера — Шчаты.
Калі ня могуць абараніць свае не такія ўжо і вялікія ўладаньні арандатары, тым больш не пад сілу арганізаваць эфэктыўны адпор шматлікім аматарам дармавой рыбы супрацоўнікі Дзяржінспэкцыі па ахове жывёльнага й расьліннага сьвету. Распавядае ейны начальнік Алег Яцкевіч:
(Яцкевіч: ) “Працягласьць рэк і каналаў на аднаго інспэктара — 168 кілямэтраў. А плошча паляўнічых палеткаў на аднаго інспэктара — 107000 гектараў. Канечне, пры такіх умовах ніхто ня зможа ўсё адсачыць і ўпільнаваць. І на кожнае возера ахову не паставіш, і на кожную рэчку не пасадзіш інспэктара”.
Структура, якой кіруе спадар Яцкевіч, толькі пачынае нарошчваць моц. Цяпер там усяго 150 чалавек. Праўда, плянуюць падваеньне колькасьці супрацоўнікаў. Гэта, безумоўна, вельмі важна. Аднак гэтага мала. Людзі, прафэсійна занятыя аховай рыбных рэсурсаў і жывёльнага сьвету, даўно не адчувалі пільнае ўвагі да сваіх патрэбаў з боку дзяржавы.
Зусім слушна яны ставяць наступныя пытаньні: чаму ім не даплачваюць за начную працу і рызыку канфліктаў з арганізаванымі групамі браканьераў? Чаму на іх не распаўсюджваецца дзяржаўнае страхаваньне ад няшчасных выпадкаў, якое прынятае ў міліцыі? Калі інспэктары пачнуць атрымліваць спэцвопратку? Ці будуць нарэшце падвышаныя іхныя заробкі? Навошта дзяржава парушыла ранейшы парадак, калі частка накладзеных на браканьераў штрафаў заставалася для падтрымкі непасрэдна інспэкцыяў? Пытаньняў шмат, адказаў жа пакуль няма. Адсюль і паўсюдны рост нэгатыўнай статыстыкі зьнішчэньня жывой прыроды. Хоць яе абаронцы і працуюць, як кажуць, не складаючы рук. Распавядае спадар Яцкевіч:
(Яцкевіч: ) “Учора з начнога рэйду вярнулася шмат груп, больш за трыццаць інспэктараў. Я быў зь імі. Разам працавалі ў раёне нарачанскіх азёраў і далей на поўнач. Аглядзелі больш за дзесяць азёраў. Адначасова, за адны суткі. Каля 50 сетак сканфіскавалі, больш за 60 пратаколаў склалі. І гэта яшчэ ня ўсё”.
Сапраўднай бядой становіцца апошнім часам пастаўленая ці не на прамысловую аснову лоўля рыбы быццам бякрыўднымі традыцыйнымі прыладамі — прыкладам, так званай “донкай”. Калі чалавек мае яе ў мінімальнай колькасьці, гэта, як кажуць, на здароўе. Але жыхары вёсак вакол азёраў Сьвір і Вішнеўскае выстаўляюць вечарам адразу некалькі дзясяткаў “донак” кожны!
Самым вялікі вадаём на Ўшаччыне — возера Чарсьцьвяцкае. Пра тое, што там чыніцца, распавядае рыбак Яўген:
(Яўген: ) “Я жыву ў вёсцы Апанаскавічы Ўшацкага раёну. Заўсёды ж, канечне, хочацца рыбкі паесьці, таму што ў калгасах не разжывесься: заробак дрэнна плацяць. Таму і ловіш: і мяружкі паставіш, і крыгамі ловіш. А што ж яшчэ рабіць? Мы ж ловім толькі для сябе, каб пачаставацца”.
Затое кажучы пра гарадзкіх, што прыяжджаюць на Чарсьцьвяты, Яўген умомант пасуравеў з твару.
(Яўген: ) “На жаль, едуць да нас і з гораду. Гэткія крыхаборы! Ловяць усялякімі там заезьнікамі, ловяць сеткамі-“кітайкамі”: ставіць іх і на два, і на тры кілямэтры. Горш за ўсё, калі ловяць электравудамі. Гэтых бы я забіваў, калі б спаймаў. Але ж іх цяжка злавіць: паловяць і адразу зьбягаюць. А потым прадаюць рыбу на базары”.
Гэтак сама абураюцца “сетачнікамі” і гомельскія рыбакі-аматары:
(Віктар: ) “Ставяць кілямэтры сетак. Ня сотні мэтраў, а менавіта кілямэтры, і ўсё нармалёва, ніякіх табе праблемаў. Ставяць у асноўным ноччу. Як ставілі, так і ставяць. Сеткі ставяць, а потым яшчэ ланцугамі ганяюць. Магчыма, ведаюць, калі рыбнагляд прыяжджае”.
Віктара з райцэнтру Лоеў дапаўняе ягоны сябар Сяргей:
(Сяргей: ) “Любая сетка — браканьерская. Сьпінінг — гэта, як кажуць, 50 на 50, мы роўныя з рыбаю. А сетка і ёсьць сетка. Перакрываюць ёю хады. Рыба стаіць на яме, а потым ідзе на кармёжку. Ведаюць гэтыя хады-дарогі і перакрываюць: яна ідзе й трапляе ў сетку. Жывадзёры самыя натуральныя!”
Праблема, такім чынам, абвастраецца, а радыкальных прафіляктычных мераў няшмат. Шмат хто кажа, што рыбныя рэсурсы Беларусі, у прыватнасьці вугра, можа чакаць сумны лёс Расеі. Больш дакладна — расейскай “цар-рыбы”, асётраў. За апошняе дваццацігодзьдзе зьнішчэньне іх браканьерамі прыняло татальны, незваротны характар: так, да 2010 году асётры на Касьпіі зьнікнуць. Калі ў крамах і на рынках Менску, Рэчыцы, Воршы, Ліды, Бабруйску і іншых гарадоў вы бачыце касьпійскую асятрыну або ікру, дык ведайце: гэта амаль пэўна браканьерская прадукцыя.
Прыбытковасьцю “гразь” (так у Дагестане называюць ікру) саступае толькі наркотыкам. Замежныя экспэрты падлічылі, што пазалетась асятровая мафія паставіла яе на эўрапейскі рынак больш за 1000 тон і атрымала каля 100 мільёнаў даляраў прыбытку. Каб прыпыніць расейскіх браканьераў, краіну на год пазбавілі права гандляваць гэтым далікатэсным таварам. Сытуацыя зь беларускімі рыбнымі рэсурсамі іншая, але яна патрабуе тэрміновага вырашэньня на дзяржаўным узроўні.
Дарэчы, спадар Яцкевіч засяроджвае ўвагу і на нэгатыўных тэндэнцыях, што адбываюцца ў жывёльным сьвеце, хоць тут захады супраць браканьераў традыцыйна больш жорсткія:
(Яцкевіч: ) “На браканьера са стрэльбай, калі ён будзе выяўлены, інспэктар складзе пратакол, начальнік раённай, абласной інспэкцыі прыме па ім рашэньне. Сёння яму пагражае штраф да дзесяці мінімальных заробкаў, калі забіў дзікую жывёліну, зброя будзе сканфіскаваная — тут не патрэбна нават ніякага судзьдзі. Гэта права інспэктара. Могуць пазбавіць права паляваньня да трох гадоў. Калі з аўтамабілем будзе паляваць, ён таксама лічыцца прыладай паляваньня, таксама можа быць сканфіскаваны”.
Асаблівае абурэньне начальніка Дзяржінспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету выклікае незаконнае паляваньне ў чарнобыльскай зоне. Так, два гады таму ішла сапраўдная вайна паміж егерскай службай Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка і брагінскімі міліцыянтамі. Апошнія разам з браканьерамі лавілі рыбу, забівалі ласёў. А збывалі ўсё гэта ў абласным цэнтры, Рэчыцы і, кажуць, вазілі нават у сталіцу. Дарэчы, рыбу і цяпер прадаюць на трасах блізу Гомелю. Распавядае рыбак Сяргей Кунцэвіч:
(Кунцэвіч: ) “З “зоны” я чуў, што прывозяць і прадаюць. Вывешваюць рыбу па трасе, і гандаль ідзе. Машыны едуць, спыняюцца, купляюць рыбу. На гэтым неблагія грошы маюць. Гэта ўсё адбіваецца на людзях”.
Брагінскія баталіі паміж егерамі й міліцыянтамі скончыліся ня толькі адстаўкай начальніка міліцыі падпалкоўніка Лысянка. Зьняты з пасады і дырэктар Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка Мікалай Варанецкі. Кажуць, нібыта на верталёце ён таксама займаўся незаконным паляваньнем. Прычым разам з высокімі менскімі начальнікамі. У прыватнасьці, з былым кіраўніком Беларускай чыгункі спадаром Рахманьком.
Той факт не даказаны і не аспрэчаны. Аднак людзі схільныя верыць гэтаму. Бо браканьерства, незаконныя паляўнічыя акцыі з удзелам мясцовага і вышэйшага чынавенства сталі ці ня нормай для краіны. Зуброў, дзікоў, ласёў ды іншых прыгажуноў беларускія егеры падганялі ня толькі царам ды цэкоўцам, але і меншаму кіроўнаму люду. І да гэтага так прызвычаіліся, што браканьерства “па знаёмстве” лічыцца хіба ня нормай: “Ну як жа, начальства, яму можна!..” А вось старшыня Ляхавіцкай раённай арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбакоў” Алег Гейлаш сьцьвярджае, што браканьерства ў Беларусі — гэта справа дзьвюх іншых сацыяльных групаў:
(Гейлаш: ) “Справа маладых і справа прафэсіяналаў, тых людзей, што паставілі гэта на паток. Тая катэгорыя, вядома, самая арганізаваная і самая складаная, зь ёю вельмі цяжка. Яна падрыхтавана і юрыдычна, і тэхнічна”.
Што да “профі”, то зь імі, на думку спэцыяліста, ня справіцца без аб’яўленьня сапраўды вялікай вайны — не на жыцьцё, а на сьмерць. Зразумела, маецца на ўвазе ціск праз Крымінальны кодэкс. А вось новенькіх аматараў паляваньня дзяржава робіць злачынцамі штучна. Разважае спадар Гейлаш:
(Гейлаш: ) “Маладому чалавеку стаць паляўнічым цяпер вельмі і вельмі дорага, практычна немагчыма, бо ўвялі дзяржаўныя пасьведчанні, і з гэтага году бяруць пошліну на дзесяць мінімальных заробкаў. А дзе чалавеку ў дваццаць гадоў узяць такую суму? Плюс да гэтага, за здачу дзяржэкзамэну заплаціць, за праходжанне мэдычнай камісіі і іншае, і іншае... Усяго каля 200 тысяч”.
І гэта яшчэ ня ўсё: пяць базавых велічыняў давядзецца пакінуць у міліцыі, каб атрымаць дазвол на набыцьцё стрэльбы. Дарэчы, самая танная — расейская, перакупленая — каштуе даляраў 30–40. Але ў модзе цяпер замежная зброя — гэта 250–300 умоўных адзінак. Адкуль у маладых такія грошы? Вось і робяцца яны браканьерамі. Распавядае Алег Гейлаш:
(Гейлаш: ) “Калі летась да нас далучылася восем чалавек, то сёлета яшчэ ніводнага. Людзі прыходзяць, кажуць: я хачу ўступіць, буду паляўнічым. Але як пачынаеш яму тлумачыць, што трэба і тое, і тое, і гэта, і ўсю бюракратычную сыстэму прайсьці, то ён дзівіцца — ды акрамя ўсяго яшчэ й столькі грошай плаціць? То мне гэта непатрэбна! Вось і атрымліваецца, што маладому чалавеку шлях у паляўнічыя закрыты. Таму й маладзее браканьерства”.
Такім чынам, справа ня толькі ў тым, што за парадкам у лесе і на вадаёмах ня сочаць. Каб абараніць ад браканьераў рыбу і зьвяроў, дзяржаве адначасова неабходна паклапаціцца пра больш гнуткую прававую, рэглямэнтоўную базу. А яшчэ варта памятаць пра грамадзкую думку, фармаваньне якой апошнім часам пушчана на самацёк.
Адзін мой літоўскі знаёмец так патлумачыў, чаму ў іх значна багацейшыя і лясы, і вадаёмы: “Акрамя юрыдычных умоваў, прынцыповае значэньне маюць народныя традыцыі. У Літве дагэтуль памятаюць, як звычайныя паспалітыя злавілі на браканьерстве партыйнага кіраўніка Антанаса Сьнечкуса. Во быў скандал! А ў вас, у Беларусі, такое можна ўявіць?” Няма адказу. Бо для тутэйшых гэтае пытаньне, на жаль, рытарычнае.