Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Галоўчын на Магілёўшчыне


Марыя Ўсьціновіч, вёска Галоўчын

Найбольшую вядомасьць вёска Галоўчын атрымала падчас расейска-швэдзкай вайны. Менавіта тут адбылася адна з найбуйнейшых бітваў: швэды апошнім разам перамаглі расейскае войска, якое вымушанае было адступіць у кірунку Магілёва.

У 2008 годзе будзе адзначацца 300-годзьдзе бітвы пад Галоўчынам, і мясцовыя жыхары спадзяюцца, што швэды ці расейцы падтрымаюць іх інцыятыву пабудаваць помнік-царкву. Усё ж такі ў вёсцы пад курганам пахаваныя больш за тры тысячы салдатаў абодвух войскаў. Аднак пакуль амбасады на просьбы аб фінансавай дапамозе не адклікаюцца.

Праваслаўную мураваную царкву на кургане пачалі будаваць сем гадоў таму, аднак грошы ў калгаса скончыліся, праваслаўныя вернікі са сваіх пэнсіяў сабраць сродкі няздольныя, і цяпер недабудаванае паступова разбураецца. Аднак у Галоўчыне ўсё яшчэ спадзяюцца, што прыйдзе дзень, калі вёску будуць абуджаць яе званы.

* * *
Васіль Цыркуноў, дырэктар Галоўчынскага музэя, нездарма называе ў сваіх экскурсіях самай трагічнай старонкай гісторыі яго вёскі другую сусветную вайну.

(Цыркуноў: ) “Я заўсёды, калі стаю ў нашым музэі каля стэнда, дзе больш за 150 прозьвішчаў нашых землякоў, якія бязьвінна загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны – гляджу на гэты сумны сьпіс і большасьць у ім як раз гарбрэйскія прозьвішчы. Такія як Кац, Ізаксон ды іншыя”.

Перад вайной у Галоўчыне жыло 75 габрэйскіх сем’яў, больш за дзьве сотні чалавек вялі сваю гаспадарку. Галоўчынскія габрэі былі адукаванымі і прадпрымальнымі людзьмі. Амаль усе ў вайну былі расстраляныя.

На стэндах галоўчынскага музэя – землякі, якія атрымалі званьне героя сацыялістычнай працы. Сярод іншых – фота Васіля Старавойтава. Ягоныя карані – у 20 кілямэтрах ад Галоўчына, у вёсцы Гута.

Лецішча Васіля Старавойтава там было канфіскаванае, але ахвотнікаў яго набыць так і не знайшлося. Казалі, што старшыні калгасаў у акрузе наўмысна байкатавалі продаж – як бы ў падтрымку свайго калегі. Хату хацелі адзін час перабудаваць у паляўнічы домік, далей размоў справа не пайшлі. Цяпер Лецішча Васіля Старавойтава разрабавалі: павыдзіралі вокны і сантэхніку, адбілі плітку.

У Галоўчынскім музэі, нягледзячы на заўвагі пільных гасьцей, Васіль Цыркуноў так і ня зьняў са стэнда выяву апальнага героя.

(Цыркуноў: ) “Мы шануем гэтага чалавека, бо сапраўды ведаем яго ўнёсак у разьвіцьцё сельскай гаспадаркі ўсёй Магілёўшчыны. Зразумела, многае, што ён рабіў, узята на ўзбраеньне нашым калгасам”.

* * *
Галоўчын месьціцца ў Бялыніцкім раёне. Сёньня тут жыве каля 700 чалавек. Большая частка зь іх – пэнсіянэры. Насельніцтва год ад году скарачаецца, і ў новым навучальным годзе ў першую клясу пойдуць толькі 10 дзяцей, на наступны год – яшчэ менш, 7.

З аднаго боку, Галоўчын – вялікая і прыгожая вёска, дзе ёсьць школа (зараз у ёй вучацца 150 дзяцей), ёсьць дзіцячы садок, дом культуры, бібліятэка, музычная школа, музэй, які даглядае мой суразмоўца Васіль Цыркуноў.

(Цыркуноў: ) “А з другога боку – заробкі нашых калгаснікаў сёньня вельмі невялікія. Ды і тыя выплачваюцца раз у 3-4 месяцы. Зразумела, што большая частка моладзі не затрымліваецца сёньня ў калгасе і на вёсцы”.

Таму так і складваецца неспрыяльна дэмаграфічная сытуацыя. Толькі зь верасьня да лютага ў Галоўчыне памерла 16 чалавек, а дзяцей не нарадзілася. Галоўчынцы гавораць, што вёска іх сапраўды вымірае. Праўда, сумаваць з гэтай нагоды няма часу. Тым, хто трымаецца за зямлю, трэба працаваць, каб жыць.

(Цыркуноў: ) “Сёньня ў калгасе даволі значная колькасьць людзей жыве за кошт сваёй асабістай гаспарадкі. Тры чалавекі набылі зямлю ў сваё пажыцьцёвае карыстаньне, астатнія ўзялі па гектару. Але сытуацыя, якая складваецца ў гэтым годзе, многіх пужае. Я маю на ўвазе тое, што прыйдзецца плаціць за коніка падатак, за трактар, у каго нейкі захаваўся. Ды і за зямлю прыйдзецца плаціць значна болей. Таму мае землякі ў нейкай роспачы. Ня ведаюць, як сустрэць гэтую вясну, як пойдуць справы”.


* * *
У Галоўчыне няма прадстаўнікоў палітычных партыяў, ды і ў Бялыніцкім раёне найбольш актыўна дзейнічаюць краязнаўчае таварыства ды дабрачынныя арганізацыі. Галоўчынцы даўно не абмяркоўваюць свае праблемы галосна, і нават прадавачка ў карме баіцца распавесьці журналісту, якія тавары часьцей за ўсё набываюць сяляне.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, што цяжкае жыцьцё ў ва ўсіх. І мы, і наша вёска – не выключэньне!”

Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў прайшлі безальтэрнатыўна. Людзі ўспрынялі гэта спакойна і нават абыякава. Прыкладам, 70-гадовы Васіль Вайтовіч хоць і ходзіць на выбары, але павагі да мясцовай улады ня мае.

(Вайтовіч: ) “А што мне той дэпутат? Ён мне нічога не адкажа абсалютна. Гэта проста лішняя папяровая валакіта для дзяржавы”.

* * *
Васіль Цыркуноў родам са знакамітай старажытнай вёскі Баркалабава на Быхаўшчыне. У Бялыніцкім раёне апынуўся пасьля заканчэньня Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту. Ён працаваў настаўнікам, выйшаў на пэнсію і цяпер узначальвае музэй.

(Цыркуноў: ) “У Галоўчыне я праслужыў 27 гадоў, і ўвесь гэты час імкнуся пакінуць адбітак у гісторыі гэтай вёскі”.

Васіль Цыркуноў – найстарэйшы дэмакрат у найноўшай гісторыі Бялыніцкага раёну. Ён быў першым у раёне прыхільнікам і ўдзельнікам руху БНФ. Ён гаворыць, што ў любыя часіны – і ў камуністычныя, і цяперашнія – не хаваў свайго меркаваньня і імкнуўся яго выказаць.

У пачатку 1990-х дэпутат Васіль Цыркуноў адстойваў свае пазыцыі ў раённым савеце. Ён узгадвае сэсію, на якой прымалася рашэньне аб падтрымцы абаронцаў Белага дому ў Маскве.

(Цыркуноў: ) “І я памятаю зараз, калі я сказаў, што мяне хвалюе лёс дэмакратыі ў Беларусі, у раёне. “Не турбуйцеся, Васіль Емельянавіч, мы – маладыя і ў нас досыць сілаў, каб гэтую кволую жанчыну дэмакратыю абараніць”. А як пайшлі справы далей, гэта добра вядома. Гэтыя моцныя і дужыя хлопцы усё ж такі гэтую Дэмакратыю адстаяць не здолелі”.

* * *
Жыхарка Галоўчына Надзея Вітальеўна Сушчынская, якой больш за 70 гадоў – дачка знкамітага чалавека. Віталь Сушчынскі быў адным зь першых ваенных лётчыкаў у Расіі, камандзірам бамбардыроўшчыка ў імпэрыялістычную вайну, аднак савецкая ўлада яго не пашкадавала. Бацьку Надзеі Вітальеўны рэпрэсавалі.

(Сушчынская: ) “Забралі яго, калі мне яшчэ 7 гадоў не было, арыштавалі. Брату яшчэ і трох гадоў не было. Я прыйшла, а па калідоры міліцыянт ходзіць. Зайшла ў хату, бацька трымае малога. Адзёжа была за фіранкай, і ёй выцірае сьлёзы. Яго расстралялі там з прысуду тройкі”.

Надзея Сушчынская 16 гадоў адпрацавала кіроўцай. Цяпер жыве адна, трымае козачку і лічыць, што на вёсцы зараз нармальна жыве толькі той, у каго ёсьць здароўе працаваць. Аднак ўсё роўна цяжка.

(Сушчынская: ) “Таму што дарагавізна невыносная. Кропельку дадасьць ён пэнсіянэрам, а дарагавізна якая! Прыйдзеш, паглядзіш… Ну раз набудзеш пачаставацца каўбасы”.

Надзея Вітальеўна, як і яе аднавяскоўцы, тэлебачаньне глядзіць, палітыкай цікавіцца, аднак прызнаецца, што ня вельмі у ёй разбіраецца. Маўляў, я – маленькі чалавек.

(Сушчынская: ) “Калі б мне далі ў рукі ўладу – ОООО! Я б у першую чаргу вось што зрабіла. Ужо падаецца, ну столькі год мы пасьля вайны. У вайну разруха такая была. У Менску было ўсё разбомблена. Усё таньнела штогод. Малако было 24 капейкі, летам з красавіка да восені – 20 капеек. Так жа і хлеб. А зараз усё даражэе і даражэе. Невыносна!”

Бабуля наракае, што моладзь зь вёскі з’яжджае, народ п’е горкую, а багаты калгас разваліўся канчаткова. На яе думку, кіраўнікі толькі пра свой дабрабыт клапоцяцца, а таму летась пакінулі зімаваць на палетках 40 гектараў грачыхі. Таму Надзея Вітальеўна прапануе свой плян адраджэньня.

(Сушчынская: ) “Трэба, каб працавалі. Зараз кругом п’янкі: вось адсядзеў тэрмін за крадзёж, там выкінулі з фэрмы жанчыну, таму што крала і прапівала. Трэба, каб людзі працавалі, каб ім плацілі добра і добры кіраўнік патрэбны”.

* * *
Калгас “Наша перамога”, цэнтрам якога ёсьць Галоўчын, у 1960-70 гады сапраўды быў перадавым. Цяпер усё зьмянілася – падзеньне вытворчасьці і вялікія запазычанасьці.

“З працай цяжка!” – сказаў пра асноўную праблему “Нашай перамогі” вясковы пэнсіянэр Васіль Вайтовіч.

(Вайтовіч: ) “Вось разумееце: мэханізатару няма паліва, трактар стаіць. А што яму рабіць? Дзеці воюць. Калі пэнсіянэра ў хаце няма, а ўвесь заробак перададуць у краму? І ўсё! А дзеткі ў школу ходзяць, трэба ж заплаціць за харчаваньне. Трэба ж, як той казаў, набыць і пантофлі, і калготы. Разумееце? Вось такія праблемы”.

Васіль падлічвае фэрмы, якія зачыніліся апошнім часам у акрузе. Налічыў нешта каля дзясятка. І робіць наступную выстнову пра кіраўнікоў:

(Вайтовіч: ) “Яны, бачыце што, не імкнуцца гэтую краіну зрабіць шчасьлівай. Бураць усё. Фэрмы паразбурылі. Была лазьня, і тая не працуе, бурыцца. Ну што зробіш для краіны, калі каму што не скажы, дык гэта як… сказаў, як вецер паляцеў”.


* * *
Іншая частка жыхароў Галоўчына ўсё ж спадзяецца на рэфармаваньне сельскай гаспадаркі. Васіль Цыркуноў прыводзіць прыклад.

(Цыркуноў: ) “Першыя крокі ў гэтым накірунку – як гавораць у Расіі, асобы каўказскай нацыянальнасці купілі ўжо ферму, заплаціушы каля 7 тысяч даляраў. Разводзяць гусей, буйны рагаты статак, свіней. Справы, каб ішлі вельмі шпарка, нельга казаць. Хутчэй за ўсе адбіваецца тое, што у ніх няма вопыту работы ў сельскай гаспадарцы. Таму нейкіх вельмі вялікіх посьпехаў няма”.

Людзі ў Галоўчыне асьцерагаюцца фэрмэрства. Напачатку 1990-х гадоў Аляксандар Жвік, родам з гэтых мясьцінаў, вярнуўся з Мурманску, узяў 25 гектараў зямлі і пачаў працаваць. Ня вельмі падобная была ягоная сялянская сядзіба на заможную фэрму, аднак і на яе, гавораць у Галоўчыне, знайшлося зайздросьлівае вока. Гады з тры таму фэрмэра і яго маці забілі, а гаспадарку падпалілі. Забойцаў да сёньняшняга дня не знайшлі.

Аднак ёсьць у Галоўчыне чалавек, які спрабуе адрадзіць справу фэрмэрства. Праўда, ён ужо ў вельмі сталых гадах. Пётар Фядотавіч Трамбачоў і ягоная жонка Клаўдзія Пятроўна зрабілі на сваёй зямлі паказальную і заможную гаспадарку.

* * *
(Трамбачоў: ) “Ну што ты, дурак, навошта цябе тры каровы і конь? Колькі ты пэнсіі атрымліваеш? Ну 170 рублёў. А баба колькі? 100 рублёў. Навошта табе працаваць? Вы дурныя? Вот так не знаходжу я тут для сябе навакольнага асяродзьдзя. Ніхто мяне не падтрымлівае”.

Пётар Фядотавіч сядзіць у сваёй сялянскай хаце на лаўцы, якой больш за сто гадоў. Гэта – сямейная рэліквія, на ёй вырасьлі ўсе продкі жонкі і нашчадкі Пятра Фядотавіча.

(Трамбачоў: ) “Я з такога кулацкага роду, што мы безь зямлі ня можам і без прыроды. І я, і мой бацька, і дзед рэпрэсаваныя”.

Пасьля вайны Пётар Трамбачоў прыйшоў працаваць у калгас і заахвоціў людзей на ўборку бульбы – штодзень кошык кожнаму працаўніку. Прыгразілі, забаранілі, а потым асудзілі як ворага народу за тое, што тая бульба так і засталася няўбраная. Выпусьцілі зь лягераў пасьля сьмерці Сталіна. Потым разам з жонкай ён працаваў у Магілёве на мэталюргічным заводзе, выхавалі траіх дачок, а 18 гадоў таму пасьля пэнсіі Трамбачоў вярнуўся да сваёй улюбёнай справы – працаваць на зямлі, у садзе, з пчоламі.

(Трамбачоў: ) “Таму што я без іх не магу жыць. Таму што я не чалавек без гэтых пчолаў, калі няма ў мяне каровы, каня, мышкі і коткі каля двара – гэта я ўжо не чалавек, нічога ня маю. Я – чалавек прыроды. Я нават ведаю размовы пчолаў. Няхай зь мяне нехта і сьмяецца, а я ведаю, што яны гавораць. Я бязь іх не магу жыць”.

Аднак аднойчы і пчолаў Трамбачова, і гародніну патруцілі.

(Трамбачоў: ) “Чаму? Гэта зайздрасьць. Таму што так выхаваныя, таму што ў людзей такая сьвядомасьць – нізкая. Так выхаваныя людзі: “Ты хто? Да ты – кулацкая морда. Табе б усяго многа, ты б усё забраў”.

Пётар Фядотавіч вытрымаў усё, і цяпер ахоўвае сваю тэрыторыю вельмі старанна. Жыве ён эканомна і хваліцца, што ў ягонай гаспадарцы нічога не зьнікае, усё, да апошняй галінкі і каліва – у справу.

(Трамбачоў: ) “ Вось паглядзіце, як трэба працаваць. Каб жыць так, як у Амэрыцы. Я тут як расток жыцьця. З такіх людзей пачынаецца жыцьцё, з такіх – як я. Вот так можна жыць! Я ня п’ю гарэлку, не палю, а працую – улетку ад усходу сонца і да захаду. І ў калектыўнай гаспадарцы так ніхто і ніколі ня будзе працаваць. Няхай 8, 10 гадзінаў, але ж ня так, як для сябе. А я працую, як для сябе”.

Пётар Трамбачоў усё жыцьцё не мяняе свайго меркаваньня наконт таго, як трэба будаваць нармальнае жыцьцё. Аддаць людзям зямлю – бясплатна, тым, хто хоча ўзяць і працаваць на ёй сваёй сям’ёй. Толькі так, паводле меркаваньня галоўчынскага гаспадара, зможа паступова зьмяніцца псыхалёгія і вырастуць сапраўдны працаздольныя людзі. Не такія, якія ёсьць зараз.

(Трамбачоў: ) “Яны ня бачаць пачатку. Не маё – нашае. Нашае – гэта нічыё. Мы вырачаныя на вечнае жабрацтва, пакуль уласнасьць будзе ня нашая, а агульная. Розум і працу ня можа прыкласьці чалавек, таму што ім вечна нехта камандуе, адзін чалавек. Вось калі шмат будзе такіх, як я, тады мы толькі пачнем жыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG