(Спадарыня: ) “Калі шампанскае адкрыеце, налівайце”.
(Стрэл корка з бутэлькі.)
(Cпадарыня: ) “..Ай! Спачатку будзе казаць пераможца”.
(Тацяна Быкава: ) “За перамогу я дзякую сваім аднадумцам. Вялікі вам дзякуй! І цяпер хоцца выпіць за больш шчыльнае творчае супрацоўніцтва ў нашай далейшай працы”.
(Спадарыня: ) “Усе паўставалі й чокаемся!”
У гэтым сьвяткаваньні не пачуць звону келіхаў з шампанскім. Удзельнікі імпрэзы чокаюцца плястыкавым посудам, выпіваюць і закусваюць апэратыўна зробленымі канапкамі. На стале тое, што пасьпелі падрыхтаваць за паўгадзіны.
Кіраўніца жаночай арганізацыі “Таіс”, псыхоляг Тацяна Быкава стала трынаццатай дэпутаткай гарадзкога ставету Белаазёрску. 60,5% выбарцаў прыйшлі на другі тур галасаваньня. Зь іх 60,5% аддалі перавагу ёй, а ня лекару Тэрытарыяльна-мэдычнага аб’яднаньня Аляксандру Канановічу, якога вылучылі паводле загаду раённай вэртыкалі.
Восем народных абраньнікаў, у тым ліку й спадарыня Быкава, заяўляюць пра свае дэмакратычныя погляды й крытычнае стаўленьне да вэртыкалі Бярозаўскага раёну. Усе яны вылучаліся праз збор подпісаў і аднолькава праводзілі свае агітацыйныя кампаніі. Сакрэт посьпеху раскрывае новаабраны дэпутат, кіраўнік Цэнтру рэгіянальнага супрацоўніцтва Юрась Губарэвіч:
(Губарэвіч: ) “Кандыдаты прыйшлі непасрэдна да гараджанаў. Яны абышлі амаль усе кватэры ў сваёй акрузе для таго, каб паразмаўляць з простымі выбарцамі — сказаць, што магчыма выправіць, а што — не. Людзі гэта ўспрынялі вельмі станоўча. І я мяркую, што гэта адзін са складнікаў перамогі”.
(Карэспандэнт: ) “Ад чаго так здарылася, што простыя выбарцы даверылі дэмакратычным кандыдатам?”
(Губарэвіч: ) “Спэцыфіка Белаазёрску — гэта малады горад. Тут няма пэўнага кансэрватызму. Дэмакратычныя пераўтварэньні адбываліся тут зь першых дзён атрыманьня Беларусяй незалежнасьці. Сюды прыехалі людзі з многіх мясьцінаў Беларусі. Бальшыня зь іх — высокаадукаваныя. Другая перадумова перамогі — гэта стомленасьць белаазёрцаў ад бязьдзейнасьці ўлады”.
Тут варта прыпыніць спадара Губарэвіча. Патлумачу: Белаазёрск зьявіўся на мапах Беларусі 40 гадоў таму, калі ў чыстым полі пачалі будаваць Бярозаўскую дзяржаўную раённую электрастанцыю. А 30 гадоў таму паселішча атрымала статус гораду.
А цяпер, каб даведацца, наколькі эфэктыўнымі былі пералічаныя дзеяньні, дамо слова шараговаму выбарцу.
(Карэспандэнт: ) “Чаму вы галасавалі за незалежнага кандыдата? Што вас пераканала? Што ён такога паабяцаў?”
(Выбарац: ) “Ён паабяцаў наладзіць асьвятленьне ў горадзе. Горад энэргетыкаў, але вельмі цёмна хадзіць па вуліцах. Асабліва вечарам пасьля дзевяці гадзінаў. Гэта жудасна! Па-другое, у нас вялікія праблемы зь пітной вадой. Ён паабяцаў, што зоймецца гэтымі пытаньнямі, бо ўсе праблемы вырашальныя. У газэце “Альтанка” былі такія артыкулы — “Чаму я хачу быць дэпутатам”. Людзі простымі словамі выказвалі погляды, якія прымальныя для мяне”.
(Карэспандэнт: ) “Наколькі дэпутат, якога вы абралі, зможа выканаць свае абяцаньні?”
(Выбарац: ) “Дэпутат мне абяцаў, што ён будзе кожныя паўгоду даваць справаздачу пра сваю працу. Магу задаць яму пытаньне: а чаму ты ня выканаў тое, што абяцаў? Чалавек будзе адказваць за свае словы. Таму, я мяркую, што яны й будуць рабіць тое, што паспрыяе паляпшэньню жыцьця ў нашым горадзе”.
Зрэшты, абыходам кватэраў і абяцаньнямі вырашыць будзённыя праблемы, агітацыя не абмяжоўвалася. У дадатак кожны з кандыдатаў выкарыстоўваў пэрсанальныя якасьці. Лешп за ўсё гэта атрымлівалася ў Віталя Пырхача.
(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што вы вельмі падобныя на Аляксандра Лукашэнку. Як вы пракамэнтуеце такія выказваньні?”
(Прыхач: ) “Я не магу нічога сказаць, бо вусаў у мяне няма, лысіны — таксама. Магчыма, што ў выступах штосьці ёсьць, недзе й пераклікаецца. Бабкі йшлі на выбары: “Дзе тут можна за гэтага прагаласаваць? Дзе? Дзе?” На бюлетэнях пісалі: “Галасуем толькі за гэтага хлопца”. З выбарцамі трэба размаўляць на іхнай мове. А яна, на жаль, пакуль што не беларуская”.
(Карэспандэнт: ) “Але цяпер ёсьць шанец зьвярнуцца да беларускай мовы. І далей весьці сваю дэпутацкую дзейнасьць па-беларуску”.
(Прыхач: ) “Так. Цяпер ужо так. Улады раённыя робяць усё для таго, каб горад паступова загінуў. Людзі згубілі давер да ўлады. Аляксандар Рыгоравіч прыяжджае сюды. Гаворыцца пра рэканструкцыю станцыі, пра тое, што горад будзе падымацца, пра новыя працоўныя месцы. А пасьля ягонага ад’езду, усё наадварот — развальваецца. Горад падпарадкаваны раённаму цэнтру. У нас ёсьць задумкі арганізаваць гарадзкое самакіраваньне. Зрабіць хаць бы некалькі крокаў, каб вывесьці з-пад гэта татальнага падпарадкаваньня”.
Пасьля першага туру выбараў ў Белаазёрску шмат хто шукаў адказу на пытаньні: чаму ўлады дазволілі абрацца незалежным кандыдатам? Чаму вэртыкаль напоўніцу не скарысталася мэханізмамі фальшаваньня вынікаў?
Тут супала некалькі чыньнікаў.
Па-першае, самі чыноўнікі перастараліся. 2 сакаівка яны пагражалі працоўным заводаў звальненьнем, калі тыя ня пойдуць на выбарчыя ўчасткі. Людзі выканалі патрабаваньне, пайшлі і прагаласавалі супраць вылучэнцаў уладаў.
А па-другое, ужо згаданыя дэмакратычныя традыцыі тычацца і падліку галасоў. Некалі ў гутарках зь сябрамі выбарчых камісіяў колішні старшыня гарсавету Васіль Банасевіч казаў: “Не істотна, хто будзе абраны, галоўнае, каб не было фальшаваньня вынікаў”. Пэрсанальны склад камісіяў з пачатку 1990-х у Белаазёрску амаль не зьмяніўся. Да таго ж, загад тагачаснага кіраўніка гораду ніхто не адмяняў.
Але парушэньні часам першага туру выбараў былі. Падаю сьведчаньне назіральніцы Сьвятланы Чурылы.
(Чурыла: ) “Калі камісія сказала, што выяжджае па хатах, назіральнікі прапанавалі паехаць разам зь імі. Але старшыня камісіі даў амоўны адказ. Мы сказалі, што паедзем сваім транспартам. Аўтобус накіраваўся да працоўнага пасёлку. Тут жа пачаліся гонкі. Кіроўца пачаў ехаць нейкімі закавулкамі, не зразумела як і куды, абсалютна не па той дарозе! Кіроўца нашай машыны паспрабавала яго дагнаць, але гэта было немагчыма. І яны ад нас зьбеглі! Вядома, гэта выглядае абсалютна ненармалёва, бо адразу выклікае сумненьні ў празрыстасьці выбараў. Складваецца ўражаньне аб фальсыфікацыі”.
Выбарчая камісія Бярозаўскага раёну зрабіла-такі ўнёсак ў тэхналёгію фальшаваньня. Гэтае вынаходніцтва можна назваць “пералікам галасоў на чужой тэрыторыі”.
А справа вось у чым. Цяперашні намесьнік старшыні гарвыканкаму Міхал Дзячэк яшчэ ў першым туры прайграў самому сабе (бо ня меў суперніка). Затым, месца дзеяньня пераносіцца ў будынак Бярозаўскага райвыканкаму, куды выкарыстаныя бюлетэні былі здадзеныя на захаваньня. Праз тры дні падліковая камісія пераправерыла вынікі галасаваньня і раптам знайшла 12 галасоў, якіх не ставала для перамогі спадара Дзячэка.
Цяпер размовы з удзельнікамі тых падзеяў вельмі нагадваюць допыты.
(Сябра падліковай камісіі: ) “Я баюся, што нічога вам не змагу распавесьці”.
(Карэспандэнт: ) “Чаму?”
(Сябра падліковай камісіі: ) “Забаронена даваць любую інфармацыю. З раёну забаранілі”.
(Карэспандэнт: ) “Менавіта недзяржаўным? Чаму толькі недзяржаўным? Чым я горшы за ваш “Маяк”?”
(Сябра падліковай камісіі: ) “Горшыя”.
(Карэспандэнт: ) “Гэта нейкая папера была, ці проста вам патэлефанавалі?”
(Сябра падліковай камісіі: ) “Вусна. З 25 акругаў выбары адбыліся паўсюль, але адбраныя былі толькі дванаццаць дэпутатаў. Але пасьля трынаццатага даабралі”.
(Карэспандэнт: ) “А што гэта за гісторыя? Наколькі гэта законна?”
(Сябра падліковай камісіі: ) “Мы канстатавалі факт. Пералічылі бюлетэні й там аказалася ня столькі, колькі было ў пратаколе”.
(Карэспандэнт: ) “А выпадкова, што ў бок падвышэньня?”
(Сябра падліковай камісіі: ) “Гэтае пытаньне не да мяне”.
(Карэспандэнт: ) “А выпадкова, што тым кандыдатам быў намесьнік старшыні гарвыканкаму?”
(Сябра падліковай камісіі: ) “Гэтае пытаньне таксама не да мяне. Гэта пытаньне задавайце ў райвыканкаме, там, дзе бюлетэні захоўваліся”.
Наданьне Міхалу Дзячыку статусу народнага абраньніка справакавала скаргі ў Цэнтральную выбарчую камісію і Пракуратуру Беларусі. Рэакцыяў адкуль яшчэ не было. Затое актывізавалася народная творчасьць. Спадар Дзячык атрымаў мянушку “фальшывы дэпутат”.
У паштовых скрынях гараджане знаходзяць улёткі, дзе падаюцца раней невядомыя факты зь ягонай біяграфіі: затрыманы за кантрабанду хімічных рэчываў, звольнены з пасады агранома саўгасу, пазбаўлены пасады ў сельскім савеце, звольнены загадам міністра сельскай гаспадаркі з племзаводу “Луч” за развал прадпрыемства.
Жыхары Белаазёрску ўпэўненыя, што Бярозаўская раённая вэртыкаль будзе прасоўваць Міхала Дзячыка на пасаду старшыні гарсавету дэпутатаў. Калі ў чыноўнікаў гэта атрымаецца, Жана Кулак — галоўная рэдактарка тутэйшай незалежнай газэты “Альтанка” — страціць апошнюю надзею вывесьці выданьне з падпольля.
(Кулак: ) “Самая вялікая праблема — гэта яе рэгістрацыя. Мы самі не разумеем, чаму райвыканкам адмоўлівае нам у гэтым”.
(Карэспандэнт: ) “А дарэчы, як на гэтае пытаньне адказваюць чыноўнікі райвыканкаму?”
(Кулак: ) “Ідэоляг нашага Бярозаўскага раёну Сакалоўскі Мікалай Андрэевіч сказаў, што калі зарэгіструюць “Альтанку”, яна будзе канкурэнтам “Маяку”. Мы — не прафэсіяналы ў сваёй справе. Якую мы можам канкурэнцыі скласьці “Маяку”, я ня ведаю. Дэмакратыяй тут і ня пахне! Гэта адназначна!”
(Карэспандэнт: ) “Прайшлі выбары ў мясцовыя саветы. Ці можна спадзявацца, што праблема рэгістрацыі газэту будзе вырашаная?”
(Кулак: ) “Гэта застаецца пад пытаньнем. Яны будуць спрабаваць нешта зрабіць, але калі колам стане райвыканкам, дык нічога й ня зьменіцца”.
Вяртаемся да размовы зь Юрасём Губарэвічам:
(Карэспандэнт: ) “Як вы бачыце вашыя ўзаемаадносіны з выканаўчай вэртыкальлю?”
(Губарэвіч: ) “Мы ня схільныя ісьці на канфрантацыі. Натуральна, мы бачым праблемы гораду. І мы будзем адстойваць пазыцыі гораду. І спадзяюся, што мы знойдзем паразуменьне з вэртыкальлю раёну”.
А пакуль у дэпутатаў ёсьць два тыдні, каб падрыхтавацца да першага паседжаньня. Яны ўжо заявілі пра ўтварэньне дэмакратычнай групы. Ня выключана, што чальцоў у ёй будзе болей за восем.
Цяперашнія незалежныя дэпутаты часам апошняй прэзыдэнцкай кампаніі зьбіралі подпісы за Сямёна Домаша і Ўладзімера Ганчарыка. Уявіце іхнае зьдзіўленьне, калі ў сьпісе дэпутатаў ад працоўных калектываў яны пабачылі прозьвішчы тых, хто ў 2001 годзе падпісваўся ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнта.
Але нават цалкам дэмакратычны гарадзкі парлямэнт залежыць ад выканаўчай улады. Па-першае, бюджэт фармуюць вэртыкальнікі ў Бярозе. А, па-другое, у гарадах раённага падпарадкаваньня старшыня савету дэпутатаў па сумяшчальніцтве зьяўляецца й кіраўніком выканкаму. Ягоную кандыдатуру мусяць ухваліць у раёне.
Чыноўнікі хочуць пасадзіць у гэтае крэсла Міхала Дзячыка. Але дэмакраты заблякуюць ягонае абраньне. Самі яны жадалі бы бачыць там Юрася Губарэвіча. Але яго ні ў якім разе не зацьвердзіць вэртыкаль. У выніку кампрамісу могуць пераабраць цяперашняга старшыню Вячаслава Дамброўскага.
Як бы там ні было, а Белаазёрск увайшоў у гісторыю Беларусі як адзіны горад, дзе паводле вынікаў сёлетніх выбараў, сфармаваны пераважна дэмакратычны гарадзкі савет дэпутатаў.