Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салтаноў


Ягор Маёрчык, Салтаноў

Практычна зь любой кропкі вёскі Салтаноў кідаецца ў вочы будынак дзіцячага садка. На старой пацямнелай дахоўцы ляжаць сьвежыя латкі. Бляшанкавы канёк зьзяе на сонцы. Такая карціна цешыць вока вясцоўцаў: нарэшце адрамантавалі дах, і цяпер на дзетак ні ўзімку, ні ўлетку ня будзе капаць са столі. Пакуль дожыўся рамонт, садок не працаваў. Адчыняць яго напярэдадні Новага году.

А пакуль выхавацелька Ніна Пырх разам з каляжанкамі сядзіць у адным з пакояў. Усе чакаюць, калі загадчыцца вернецца з райцэнтру — Рэчыцы. Яна абяцала прывесьці заробак, па 40 тысяч на кожную.

(Карэспандэнт: ) “Дык давайце я вам пару пытаньняў задам...”

(Пырх: ) “Мне аж сьпякотна стала!.. Садок наш стары. Патрэбны капітальны рамонт. На вёсцы сад — нібыта забіты: усё лепшае ідзе на горад. Ды праблемаў хапае. Усё ўкладваецца ў фінансы”.

(Карэспандэнт: ) “А што зь фінансамі?”

(Пырх: ) “Сьпяваюць рамансы гэтыя фінансы”.

(Карэспандэнт: ) “Гляджу, што ў вас тут несьпякотна”...

(Пырх: ) “Эканоміка мусіць быць эканомнай: энаномім паліва. А заробкі... Ад нашага жаданьня яны вялікім ня будуць. Якая стаўка ёсьць, так і плацяць”.

(Карэспандэнт: ) “Хапае на жыцьцё?”

(Пырх: ) “Хапае, бо дома ёсьць карова, сьвіньні, куры. Кабанчыка па горлу, і мяса ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Заканчваецца год. Тое, што плянавалі, ці ўсё адбылося?”

(Пырх: ) “Адбылося. Што плянавалі, тое й зрабілі. Чакалі, што нам зробяць дах — і добра, што зрабілі. Шмат загадваць нельга. Лепей патрошку”.

Па вяртаньні загадчыца радуе не заробкам, а навагоднім падарункам ад райана. Дзіцячаму садку выпісалі новую лядоўню. Выхавацелькі зьвязалі гэты факт з маім візытам. Маўляў, спэцыяльна падстроілі да прыезду карэспандэнта. Мае апраўданьні іх не пераканалі. Яны запрашаюць у госьці яшчэ. І пры гэтым згадваюць пра старое абсталяваньне на кухні.

У Салтанове ёсьць прамысловасьць — гэта сьпіртавы завод. Па-першае, ён адметны тым, што сваімі вытворчымі магутнасьцямі задушыў вытворчасьць самагону. Вяскоўцы скемілі, што ня варта корпацца з закваскай, брагай і выганкай, калі можна набыць крадзены сьпірт практычна ў любых аб’ёмах. А па-другое, рабочыя — самыя заможныя ў вёсцы людзі. Пра гэта ўведалі камэрцыйныя агенты. Прыяжджаюць, ходзяць па хатах ды прапаноўваюць свой тавар.

У нейкім сэнсе я стаў ахвярай гэтай сытуацыі, калі прыйшоў на сустрэчу да Сьвятланы Стачэнкі. Спачатку да майго зьяўленьня яна паставілася занадта насьцярожана.

(Карэспандэнт: ) “Мяне завуць Ягор Маёрчык, я карэспандэнт радыё. Я раблю праграму пра вашу вёску”.

(Стачэнка: ) “Госпадзі! Усё зразумела. А я-та думала, што гэта рэкляма. Штодня тут нешта рэклямуюць. Розныя прыстасаваньні: фэны, масажоры”.

(Карэспандэнт: ) “І вы падумалі, што я вам буду прапаноўваць масажор. Так?”

(Стачэнка: ) “Ці што-небудзь іншае. Тостэр, напрыклад — як ім карыстацца, ці які ён прэстыжны... У сярэднім я атрымліваю 260 тысяч. Не, не хапае”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі хацелася б атрымліваць?”

(Стачэнка: ) “Хаця бы 400”.

(Карэспандэнт: ) “Калі пачынаецца новы год, людзі заўсёды нешта плянуюць у жыцьці…”

(Стачэнка: ) “На будучыню нічога сказаць не магу, бо аб’ядноўваемся з Гомельскім лікёра-гарэлачным заводам. Каб гэта ўсё было па ўзаемнасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Калі браць у грашовым вымярэньні, колькі вы можаце аддаць на падарункі дзецям і мужу?”

(Стачэнка: ) “100 тысяч — Новы год усё-такі. На стале — усё смачненькае. Грошай няма, але стол мусіць быць. Пазычым, а пасьля аддадзім”.

Увесь Салтаноў жыве ў чаканьні, што хутка сьпіртзавод увойдзе ў склад Гомельскага лікёра-гарэлачнага заводу. Вяскоўцы супраць таго, каб прадпрыемства згубіла незалежнасьць. Тады, кажуць, значная частка заробленых грошай будзе заставацца ў Гомелі. Ды й няма гарантыі, што пры новым кіраўніцтве ўсе захаваюць працоўныя месцы.

Пра гэтую небясьпеку адкрыта кажуць ня толькі працоўныя прадпрыемства, але й Уладзімер Гаўрон, старшыня Дземяхоўскага сельскага савету, на тэрыторыі якога знаходзіцца вёска. Але гэтая тэма была адной з шэрагу ў нашай размове.

(Карэспандэнт: ) “У наступным годзе што будзе зьдзейсьнена? Што абяцаеце? Што выканаеце?”

(Гаўрон: ) “Болей зрабіць у справе навядзеньня санітарнага парадку. Паводле пастановы прэзыдэнта, 2003 год аб’яўлены годам добраўпарадкаваньня. Людзей трэба пераканаць, а можа дзесьці й прымусіць словам, альбо фінансава, ужыць і штрафы”.

(Карэспандэнт: ) “У наступным годзе павінныя адбыцца выбары ў мясцовыя саветы. Ці ёсьць ужо нейкая актыўнасьць?”

(Гаўрон: ) “Сьвядомасьць у людзей мяняецца. Самі прыходзяць і гавораць: “Я бы мог вылучыць сваю кандыдатуру”. Праз дэпутацтва можна вырашыць нейкія праблемы. Апазыцыі ў нас няма. Апазыцыйных дэпутатаў у нас ня будзе. Збольшага, у нас будуць старыя дэпутаты”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ўласна ў гэтым годзе чаго дасягнулі, чым можаце ганарыцца?”

(Гаўрон: ) “У мяне нарадзіўся ўнук. Год прайшоў без хваробаў. Пляны для самога сябе... Ну, па-першае, застацца старшынём сельсавету на трэці тэрмін”.

(Карэспандэнт: ) “Які падарунак хочаце на Новы год?”

(Гаўрон: ) “Каб жонка добрую парфуму падрыхтавала. Я ня так жадаю сам падарунак, як мне прыйдзецца дарыць падарунак жонцы. Мяркую набыць добрае паліто”.

Арганізаванай апазыцыі ў Салтанове няма. Гэта праўда. Але дакладна вядома й тое, што ў вёсцы жыве спадар, які адкрыта выказвае свае крытычныя погляды. Гэта — 83-гадовы Фама Стукач. Ён нават быў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Увогуле, тая палітычная кампанія ледзь ня вылілася для крэўных Стукачоў у сямейную драму.

(Стукач: ) “Унучка — сакратар выбрачай камісіі, а я — незалежны назіральнік. Вядома, ёй было неяк няёмка, што я, нібыта, супраць яе. Але потым яна зьмірылася, усё наладзілася. Я сяджу, назіраю, а камісія працуе. Я апазыцыянэр да мазга касьцей! Я на сто адсоткаў апазыцыянэр!! Я страшнейшым чынам адношуся да сёньняшняга рэжыму!!!”

(Карэспандэнт: ) “Якія вашыя прэтэнзіі да ўлады?”

(Стукач: ) “Можна мне гэта казаць?”

(Карэспандэнт: ) “Можна”.

(Стукач: ) “Мяне за гэта не пасадзяць?.. Чалавек — нішто пры нашым сёньняшнім рэжыме. Кожны чалавек павінен думаць, што трэба чакаць лепшага. Мяркую, што будзе лепей. Мяркую, так”.

У Рэчыцкім раёне саўгас “Дземяхі” на добрым уліку. Ад гэта ён і церпіць: менш пасьпяховыя навакольныя гаспадаркі ліквідуюць, а зямлю, маёмасьць, а разам зь імі і даўгі перадаюць саўгасу.

Я завітаў на фэрму. Пасярод працоўнага дня засьпець хоць каго-небудзь на месцы аказалася ня так ужо й лёгка. Мне пашэнціла толькі праз паўгадзіны пошукаў.

(Карэспандэнт: ) “Гэты год заканчваецца. Як ён прайшоў для вас? Ці ўсё тое, што плянавалі, зрабілі?”

(Спадар: ) “Нармальна. Усё выдатна, усё добра”.

(Карэспандэнт: ) “А чаго вы чакаеце ад наступнага году?”

(Спадар: ) “Во карова ацеліцца”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, а можа для краіны... Як далей усё будзе разьвівацца?”

(Спадар: ) “Сьвіньню заб’ю, на базар прадам. І гэта будзе для краіны. Разумна? Разумна!”

(Карэспандэнт: ) “Як вы будзеце Новы год сьвяткаваць?”

(Спадар: ) “О! Гэта ўжо сакрэт! Ну, я такога ў мікрафон не скажу. Вазьму сабе бутэльку віна. Вып’ю, дый усё”.

(Карэспандэнт: ) “А што да бутэлькі? Што зь ежы будзе на сьвяточным стале?”

(Спадар: ) “Жонка мая... я ёй замоўлю, каб сала нарэзала ды селядцоў”.

(Карэспандэнт: ) “А падарунак — які на Новы год?”

(Спадар: ) “Ну, ёй — кветкі. А сабе? А сабе...”

Не пасьпеў гэты спадар зрабіць замову Сьвятому Міколу.

Увогуле, хачу сказаць, што ў вандроўках цягам 2002 году я час ад часу станавіўся сьведкам сварак паміж людзьмі. То дырэктар Кобрыньскага гістарычнага музэю накінецца на прадстаўніка раённых энэргасетак за тое, што той усяго толькі наважыўся нагадаць: калі ня будзеце плаціць за сьвятло, адключым. То жонка зьбітага некалі Аляксандарам Лукашэнкам мэханізатара Ўладзімера Барандукова дрынам ганяе па двары свайго мужа, каб той у мікрафон не сказаў чаго лішняга.

Вось і тут, толькі спадар задумаўся пра навагодні падарунак, як перад ім узьнікла начальніца.

(Спадарыня: ) “Ну-ка працаваць! Хутка працаваць, пакуль я дырэктара сюды не прывяла й не паляцеў ты за браму! Бягом! А хто вы такі?”

(Карэспандэнт: ) “Я карэспандэнт радыё. Прыехаў рабіць праграму пра саўгас і вёску”.

(Спадарыня: ) “Пайшліце, я з вамі пагавару”.

(Карэспандэнт: ) “О! Зь вялікімі задавальненьнем!”

Спадарыня прагнала свайго падначаленага. Празь нейкі час яна супакоілася й прадставілася: Тацяна Капалёва, галоўная кармачка (так тут называюць чалавека, які даглядае худобу).

(Капалёва: ) “Плацяць нам дрэнна. 180 — гэта самае вялікае”.

(Карэспандэнт: ) “А хоць у час плацяць?”

(Капалёва: ) “Не. За верасень атрымалі літаральна два тыдні таму. Хто ў гэтым вінаваты? Мабыць, наш урад. Чаму мы мусім нашага дырэктара браць за глотку, каб ён аддаў нам грошы?”

(Карэспандэнт: ) “Заканчваецца 2002 год. Ці ўсяго вы дасягнулі, чаго хацелі?”

(Капалёва: ) “Мабыць, не ўсяго. Хацелася лепшага, заробак у нас трохі косіць на ніз. Чым можна пахваліцца? Набылі дом. Гаспадарка ўласная таксама ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Як Новы год будзеце сьвяткаваць?”

(Капалёва: ) “Сьвяточны стол і свая сям’я. Ёлка. Пад ёлку — мужу чакушку, а дзецям, што скажуць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы што б хацелі атрымаць на Новы год?”

(Капалёва: ) “О! Я багата чаго хацела атрымаць на Новы год. Але самае вялікае — калі наш дырэктар аддасьць нам заробак Усё. Болей ніякіх падарункаў нам ня трэба!”

Калі падагульніць, вынікі 2002-га для вёскі Салтаноў выглядаюць так: год пражылі — і добра. З заплянаванага дасягнулі не ўсяго. Сьвяточны стол будзе абавязкова. З падарункамі — крыху цяжэй. Загадваць на наступны год — няварта. Прасьцей жыць адным днём.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG