Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Руба


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Калі вы памятаеце, як аднойчы па тэлевізіі Аляксандар Лукашэнка пагражаў забараніць продаж расейцам нашых беларускіх угнаеньняў, то ведайце: гэта тычылася і Рубаўскага даламіту.

Руба ёсьць невялікім гарадзкім пасёлкам за 15 км ад Віцебску, дзе жывуць 7,5 тысяч чалавек. А даламіт – гэта мінэрал, зь якога вырабляюць адмысловае ўгнаеньне, даламітавую муку. Яна выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы дзеля вапнаваньня кіслых глебаў. “Даламітам” завецца і адзінае мясцовае прадпрыемства, працаўнікі якога толькі й чакаюць, каб нехта купіў іхную прадукцыю – тыя самыя ўгнаеньні…

Некалі апісаньні распрацовак тутэйшага даламітавага радовішча –дарэчы, буйнейшага на Беларусі – былі вельмі ўдзячнай тэмай для прыхільнікаў сацыялістычнага рэалізму, якія захоплена пісалі пра тое, як “магутныя экскаватары вагою ў 400 тон здабываюць з 30-мэтровай глыбіні скамянелыя парэшткі гістарычнага Дэвонскага мора…”

Сёньня прадпрыемства практычна спынілася. І на тле грувасткай, даўно не запатрабаванай тэхнікі цалкам можна здымаць кіно ў жанры “тэхнагенных катастрофаў”: машыны застылі нерухомымі пачварамі, а Дэвонскае мора, падобна, ізноў вяртаецца ў свае берагі – людзі кажуць, што за час прастою ў вялізных даламітавых кар’ерах ужо пасьпела завесьціся рыба…”

Гаворыць Васіль Ігнаценка, колішні працаўнік “Даламіту”:

(Ігнаценка: ) “Што там робіцца зараз – гэта проста жах! Расьцягнулі, разваравалі ўвесь завод! Але ж ва ўсёй эканоміцы так”.

(Карэспандэнтка: ) “А як жа людзі жывуць? Заробкі ім плацяць хаця б зрэдчасу?”

(Ігнаценка: ) “Плацяць, бо людзям жа трэба жыць, і няма дзе працаваць, апроч вось гэтага заводу. Працаваць больш няма дзе, і людзі вымушаныя трываць: хоць якая капейка калі ня сёньня, дык заўтра ці пасьлязаўтра будзе. У асноўным там распахалі ўсю зямлю, якая толькі навокал ёсьць, бульбу садзяць, буракі нейкія, за кошт гэтага й жывуць”.

Канечне, знакамітае калісьці прадпрыемства “Даламіт” сталася стратным не адразу. Яшчэ год 15 таму і завод, і ўвесь пасёлак Руба проста квітнелі: колішні генэральны дырэктар Марыя Чуманіхіна дамаглася таго, што грошы на разьвіцьцё вытворчасьці ды інфраструктуры ёй выдаткаваў сам Пётар Машэраў…

Пра нязломны характар гэтай жанчыны ў Рубе дагэтуль ходзяць легенды: хтосьці і цяпер называе яе “маці Марыя”, а хтосьці згадвае іншую мянушку –“Напалеон у спадніцы”. Аднак і прыхільнікі, і непрыяцелі пагаджаюцца ў адным: Марыя Чуманіхіна ніколі не імкнулася дагадзіць начальству, за што пэрыядычна атрымлівала партыйныя вымовы. Аднак “Даламіт” славіўся на ўсю краіну, і на пачатку 90-х гадоў тагачасны стршыня абкаму КПБ Уладзімер Грыгор’еў прадставіў Марыю Чуманіхіну на званьне “Героя Сацыялістычнай працы”. Але неўзабаве адбыўся “развал” СССР, і званьне “Героя…” разам з Ордэнам Леніна спадарыня Чуманіхіна атрымала толькі ў 1998 годзе! Гэты факт жыхары Рубы дагэтуль лічаць вартым Кнігі рэкордаў Гінэса: каму яшчэ праз 7 гадоў пасьля распаду СССР уручалі колішні савецкі ордэн?

Праўда, сама спадарыня Чуманіхіна асаблівае радасьці з гэтае нагоды ня выказала, і ордэн гэты ніколі потым на ёй ня бачылі. Сваю адданасьць ды ўдзячнасьць за аказаны давер яна давяла іншым чынам: у 1991-м годзе, калі камуністы страцілі былыя пазыцыі, Марыя Чуманіхіна добраахвотна саступіла сваё дырэктарскае крэсла таму самаму Ўладзімеру Грыгор’еву, які прадстаўляў яе на званьне “Героя…”, – цяперашняму амбасадару Беларусі ў Расеі…

На тым зорныя часы “Даламіту”, а таксама Рубы незваротна сышлі. Распавядае Васіль Ігнаценка:

(Ігнаценка: ) “Грыгор’еў прыйшоў, здаецца, у студзені 1992-га году, таму што яго ня бралі ў Віцебску ні на адно прадпрыемства –рабочыя страйкавалі, да прыкладу, радыёзавод страйкаваў, каб толькі туды яго ня ўзяць… І вось ужо ў лютым людзі не атрымалі аванс, затое ён адразу “Форд” сабе купіў, вельмі шыкоўны – там нават рацыя была, і людзі дзівіліся, упершыню радыётэлефон бачылі. Купілі мікрааўтобусы два, два “ўазікі” – гэта каб намесьнікаў ужо вазіць. Я быў напісаў у газэту “Выбар” заметку, а потым Грыгор’еў выклікаў мяне “на кавёр” ды пагражаў судом. Але не асудзіў, бо гэта ж праўда была…”

Не спадзеючыся ўтрымаць завод на былой вышыні, новы кіраўнік наважыўся рэфармавацьпрадпрыемства. Васіль Ігнаценка распавёў, што ў першыя ж месяцы свайго кіраваньня Уладзімер Грыгор’еў спрабаваў быў наладзіць на “Даламіце” вытварчасьць піва, папярэдне наладзіўшы паездку ў Чэхію дзеля вывучэньня адпаведнага досьведу:

(Грыгор’еў: ) “Спрабаваў. Памятаю, галоўны электрык прывёз адтуль вялікі плякат з аголенай дзяўчынай, ён месяц, мабыць, вісеў у яго потым. Больш я нічога ня бачыў з гэтага досьведу. Потым грыбы вырошчваць спрабавалі – вешанку, шампіньёны. Кіраўніцтва ела – гэта ўсё ж было даведзена да канца! Потым яны вырашылі ў былым будынку, дзе рамантавалі трактары, дзе мазута, у тых ямінах, дзе трактары рамантаваліся, вырошчваць фарэль. Такія былі размовы, але на размовах усё скончылася”.

Нарэшце на “Даламіце” вырашана было адчыніць керамічны цэх, які працуе й дагэтуль. Аднак жыцьцё працаўнікоў не зьмянілася ні тады, ні цяпер. Я запыталася ў спадарыні каля прахадной:

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, за апошні час вашае жыцьцё стала лепшым?”

(Спадарыня: ) “У 25 разоў стала горшым! У 25 разоў! Але магу сказаць – і ў 100!”

Васіль Ігнаценка, які ёсьць сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада, арганізаваў у Рубе грамадзкую прыёмную, куды мясцовыя жыхары зьвяртаюцца са сваімі праблемамі:

(Ігнаценка: ) “ЦК нашае партыі вырашыў прызначаць упаўнаважаных па працы з насельніцтвам, каб дапамагчы ім вырашаць праблемы, якія немагчыма было вырашыць з дапамогаю ўлады. Хаця менавіта ўлады мусілі б іх вырашаць. Мы зацікаўленыя ў будучых выбаршчыках, таму імкнемся аказваць ім дапамогу”.

Людзі прыходзяць сюды са скаргамі на несвоечасовую выплату пэнсіяў ды заробкаў, на дрэнную працу камунальнікаў, на недасканалы аўтобусны расклад – а гэта для рубаўцаў асабліва актуальна, бо значная колькасьць дарослага насельніцтва працуе цяпер па-за межамі пасёлка. Тым часам мясцовае кіраўніцтва лічыць, што ў Рубе вялікіх праблем няма. Гаворыць старшыня пасялковага савету Міхаіл Шаблакоў:

(Шаблакоў: ) “Пасёлак жыў, жыве, і практычна ўсім забясьпечаны: у нас ёсьць халодная вада, гарачая вада, ацяпленьне. Транспарт ходзіць. Асьвятленьне ёсьць, у тым ліку ў прыватным сэктары, рыхтуецца плян па рэканструкцыі асьвятленьня цэнтральных вуліцаў… А галоўная наша праблема –гэта бадзяжныя сабакі…”

Даць веры, што начальства проста ня бачыць іншых праблемаў, дастаткова цяжка. Да прыкладу, у адным будынку з пасялковым саветам месьціцца, а дакладней сказаць, цісьнецца адзіная ў Рубе кнігарня.

(Карэспандэнтка: ) “Што вашая кнігарня маленькая такая? Яна заўсёды тут мясьцілася?”

(Гандлярка: ) “Гэта не да нас пытаньне, чаму яна такая маленькая! Трэба болей, канечне!”

(Карэспандэнтка: ) “Ці шмат у вас пакупнікоў?”

(Гандлярка: ) “Калі ёсьць грошы, то шмат…”

(Карэспандэнтка: ) “А калі ў людзей бываюць грошы?”

(Гандлярка: ) “Калі іх нам даюць!” (сьмяецца)

(Карэспандэнтка: ) “І хто асноўныя вашы пакупнікі?”

(Гандлярка: ) “І настаўнікі, і дзеці, і ўрачы, і пэнсіянэры… І ўсё адно наша крама стратная. Мы, напэўна, адзіная крама ў Віцебскай вобласьці, якая плаціць грошы за арэнду. Хаця паводле ўказу прэзыдэнта за арэнду з нас браць ня мусяць. Але “Даламіт” усё адно бярэ. А арэндная плата дарагая – паўтара даляры за квадратны мэтар. Ды яшчэ цяпер ацяпленьне… Усё, што зарабляем, ідзе ў выдаткі. Але краму не зачыняюць, бо яна адзіная ды патрэбная людзям…”

(Карэспандэнтка: ) “А ці шмат у Рубе людзей, якія абыходзяць вашую краму бокам, каму кніжка ўвогуле не патрэбная?”

(Гандлярка: ) “Канечне!”

(Карэспандэнтка: ) “Чым цікавяцца гэтыя людзі?”

(Гандлярка: ) “Ну, чым... (сьмяецца) У кожнага свае інтарэсы. Каго вабяць іншыя крамы, а каго і “Чарачная”.

Але ў рубаўскай “Чарачнай” наведнікаў было няшмат.

(Карэспандэнтка: ) “Дзе гэта вашыя кліенты? Мне казалі, што ў вашай кавярні вялікі попыт на сьпіртовыя напоі, аднак гэта нешта не адчуваецца…”

(Гандлярка: ) “Во гэтымі днямі якраз і не адчуваецца! З чым гэта зьвязана? Я думаю, што ў людзей няма сродкаў. Грошай няма!”

(Карэспандэнтка: ) “А Вам асабіста як жывецца зараз?”

(Гандлярка: ) “Вельмі цяжка”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі параўнаць Вашае жыцьцё колькі гадоў таму ды зараз, што б Вы сказалі?”

(Гандлярка: ) “Зараз цяжэй стала. Няма ні ў чым пэўнасьці – ні ў рабоце, ні ў заробках, увогуле няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні: ці будзеш працаваць на гэтым месцы,ці не скароцяць, ці заплоцяць заробак…”

(Карэспандэнтка: ) “Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб гэтая ўпэўненасьць зьявілася?”

(Гандлярка: ) “Не магу дакладна сказаць. Але думаю, што гэта залежыць не ад нас”.

(Карэспандэнтка: ) “Увесну будуць выбары ў мясцовыя саветы. Ці спадзяецеся вы, што яны могуць зьмяніць ды лепшага вашае жыцьцё?”

(Гандлярка: ) “Сумняюся”.

(Карэспандэнтка: ) “А за каго вы галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах?”

(Гандлярка: ) “За Лукашэнку”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці задаволеныя вынікам?”

(Гандлярка: ) “Канечне ж не!”

Побач з “Чарачнай” месьціцца гаспадарчая крама. Тавары хатняга ўжытку жыхары Рубы набываюць сабе тут пераважна ў крэдыт – іначай не атрымліваецца. Але й крэдыт можа аформіць толькі той, хто мае заробак, большы за 100 тысячаў, а гэта прыкладна 40% тутэйшага насельніцтва. Да таго ж наступны крэдыт адчыняюць толькі пасьля пагашэньня папярэдняга, і таму гаспадарчая крама амаль заўсёды пустая. Адзіную наведніцу давялося чакаць пад дзьвярыма хвілін 40. Спадарыня Сьвятлана яшчэ паўгоду таму набыла сабе дыван, але грошы дагэтуль ня выплаціла. Таму да новае лядоўні толькі прыглядаецца.

(Сьвятлана: ) “Хочам во сабе такую набыць”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта вам даступна па грашах?”

(Сьвятлана: “Недаступна!”

(Карэспандэнтка: ) “А раней вы маглі сабе дазволіць купіць дарагую рэч?”

(Сьвятлана: ) “Так! Калі я працавала, і аклад у мяне быў 160 рублёў. Я магла сабе купіць і мэблю, і боты... Я ўсю мэблю сабе купіла, калі працавала інжынэрам- тэхнолягам”.

(Карэспандэнтка: ) “А цяпер?”

(Сьвятлана: ) “І цяпер працую інжэнэрам-тэхнолягам. Але гэтыя грошы у параўнаньні зь цяперашнімі! Цяпер на гэтыя грошы нічога ня купіш, нават якую дробязь”.

(Карэспандэнтка: ) “На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах вы за каго галасавалі ды на што спадзяваліся?”

(Сьвятлана: ) “За Лукашэнку. Спадзявалася, можа, зьменіцца што да лепшага…”

(Карэспандэнтка: ) “Ці задаволеная?”

(Сьвятлана: ) “Не! Не задавальняе ва ўсіх адносінах!”

Спадзяваньні жыхароў пасёлку на пераабраньне Аляксандра Лукашэнкі тлумачацца вельмі проста: напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ён меўся прыехаць у Рубу, і мясцовыя ўлады тэрмінова зрабілі грандыёзны рамонт. Краязнаўца Вячаслаў Белавус распавядае, што ніколі раней Руба не перажывала такіх вялікіх зьменаў за такі непрацяглы час:

(Белавус: ) “Тры месяцы працавалі – проста цукерку з пасёлка зрабілі! Усё пачысьцілі, пафарбавалі, нават там, куды б ня тое што Лукашэнка – ягоныя целаахоўнікі не палезьлі б – і там пафарбавалі! Тут асфальт адвеку не ляжаў – праклалі! Праўда, яго і ўзарвалі потым… Я ішоў па Рубе ды здьдзіляўся: такі пасёлак зрабілі, такі пасёлак! Адмысловае пасяджэньне пасялковага савету было па добраўпарадкаваньні Рубы, 36 пунктаў прынялі. І ўсё выканалі! Навялі ў Рубе такую прыгажосьць, а Лукашэнка ўзяў ды не прыехаў…”

Лукашэнка не прыехаў, новы асфальт узарвалі, каб правесьці газ, і ў жыцьці Рубы зноў усё сталася па-ранейшаму. Праўда, у часе мінулых прэзыдэнцкіх выбараў за Лукашэнку прагаласавалі далёка ня ўсе, кажа Вячаслаў Белавус. Хаця паводле афіцыйнае статыстыкі, за яго прагаласавала большасьць.

(Белавус: ) “Як казаў Восіп Вісарыёнавіч, няважна, як яны прагаласуюць,галоўнае, як мы палічым… Усё было наперад вядома з такою сыстэмай галасаваньня, як у нас. Калі гналі ўсіх галасаваць за два тыдні да выбараў, было ўжо зразумела, што потым знойдуць у гэтых скрынях, за каго тым прагаласавалі…”

(Карэспандэнтка: ) “А што іншыя кандыдаты ад апазыцыі, партыйныя лідэры? Няўжо, на Ваш погляд, нічога нельга было зрабіць?”

(Белавус: ) “Не было таго лідэра, які мог бы ўсё зьмяніць, а тыя, што высьвечваліся, ужо нічога зьмяніць не маглі. Сыстэма было ўжо дужа жорсткая… Трэба было нешта мяняць раней, на пачатку 1990-х гадоў”.

На пачатку 90-х Вячаслаў Белавус балятаваўся ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня ад Беларускага Народнага Фронту. Не прайшоў падобна шмат якім кандыдатам ад апазыцыі, але змагарскага імпэту ня страціў. Мабыць, сказаўся загартаваны яшчэ падчас службы ў Афганістане характар… Але да ўдзелу ў будучых выбарах у мясцовыя саветы спадар Белавус ставіцца досыць скептычна:

(Белавус: ) “Не хачу! Як я кажу сваім сябрам – не хачу хадзіць платы фарбаваць. Якія тут справы? Во там працякло, во тут абвалілася! Гэта гаспадарчая работа. Я хацеў у Вярхоўны Савет, каб нейкія законы новыя прымаць, штосьці ўзрушыць ва ўсёй дзяржаве… Прыходзілі да мяне хлопцы, казалі пра арганізацыю “Зубр”… Я пытаюся:”Што рабіць, канкрэтна? Дамы распісваць? Ну, распішам мы ў Рубе ўсе дамы, а што далей?” Гэта ж нічога ня зьменіць у палітычным сэнсе, і займацца такой лухтой у мае гады няёмка неяк… Вось і даводзіцца працаваць па нейкім сваім пляне”.

Вячаслаў Белавус стварыў у Рубаўскай школе суполку скаутаў.

(Белавус: ) “Мы праводзілі свае летнікі і на Нарачы, і на Сьвіры, рабілі паходы па Заходняй Беларусі – да самае літоўскае мяжы. І ад 10 да 30 чалавек хадзілі ў гэтыя паходы. Многа чаго цікавага было… А самае галоўнае – дзеці бачылі сьвет, размаўлялі зь іншымі дзецьмі, бачылі, што можна ня толькі піць, курыць ды калоцца наркотыкамі, а што ёсьць дарослыя ды дзеці вельмі разьвітыя, якія размаўляюць на беларускай мове. І столькі прыгожых мясьцін ёсьць на Беларусі! Гэта ўсё ўзрушвала дзяцей, яны пачыналі неяк па-іншаму глядзець на сьвет. Гэта – на ўсё жыцьцё. Адзін псыхоляг казаў, што каб вывесьці чалавека з крызыснага стану, ён дапамагае чалавеку ўзгадаць нешта сьветлае ў жыцьці. І, абапіраючыся на гэта сьветлае, ужо фармірую новы погляд на… Я думаю, што калі нешта сьветлае трэба будзе ўзгадаць маім выхаванцам, яны ўзгадаюць нашыя скауцкія паходы…”

А што трэба, каб вывесьці з крызыснага стану ўсю Беларусь? Настаўнік гісторыі Вячаслаў Белавус дапамагае сваім вучням знайсьці адказ і на гэтае пытаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG