Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гальшаны


Віталь Сямашка, Гальшаны

Зь лёгкім трымценьнем пад’яжджаў я да Гальшанаў. І ня толькі таму, што, гаворачы словамі паэта, тут “кожны ўзьмежак, кожны касагор мінуўшчыны палоньнік і нашчадак”. А таму, што, дзякуючы “Чорнаму замку Альшанскаму” Ўладзімера Караткевіча, мястэчка Гальшаны ведаюць больш за райцэнтр – Ашмяны. Гэта – адная з самых, так бы мовіць, “містычных” мясьцінаў Беларусі, авеяная шматлікімі легендамі і паданьнямі. І хаця той жа Караткевіч напісаў у лісьце да гальшанскіх школьнікаў, што й легенду пра князёўну Браціславу, якая закахалася ў простага хлопца, за што стары князь замураваў таго жывым, ён па-пісьменьніцку вымысьліў — знайшлі-такі рэстаўратары ў скляпеньнях былога кляштара францысканцаў закаваны ў ланцугі чалавечы шкілет… Пасьля ж размовы са спадарыняй Акулевіч, загадчыцай Гальшанскай філіі Нацыянальнага мастацкага музэю, дазнаўся, што замкавыя прывіды нікуды ня зьніклі і ўспрымаюцца тут – дайце веры – на побытавым узроўні…

(Акулевіч: ) “У кляштары нашым у зімовыя ці асеньнія вечары мы адныя не застаемся: то зьвяры ўскрыкнуць, то ўздыхі нясуцца, то па другім паверсе хто прабяжыць лёгкімі крокамі. Аднойчы я пайшла ў будынак – ведаю, што нікога няма. Сваімі ключамі адкрываю дзверы – усё, што можна ўключыць электрычнае – уключанае. Жырандолі, падсьветкі… У раздражненьні ўсё выключаю. Там ёсьць пакойчык такі, паварочваюся да выключальніка і адчуваю – чыясьці рука мяне апярэдзіла і выключыла сьвятло! Я ня памятаю, як я сіганула з гэтага будынка, і доўга нікому пра гэта не расказвала”.

Тым ня менш, у Гальшанах, заснаваных адным з нашых самых старажытных і багатых родаў князёў Гальшанскіх, прымалі самых уплывовых і каранаваных асобаў. У 1492 годзе тут на зьезьдзе абмяркоўвалі кандыдатуру Вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага. У княгіню Соф’ю Гальшанскую закахаўся Ягайла. Сватам на іх вясельлі быў сам Вітаўт. А калі Ягайла памёр, каралём быў абраны яго 10-гадовы сын. У 17-м стагодзьдзі Гальшаны перайшлі ў валоданьне Паўла Стэфана Сапегі, які пабудаваў новы мураваны замак і стаў падканцлерам Вялікага Княства Літоўскага…

З Чаславай Францаўнай Акулевіч мы доўга маглі б узгадваць розныя гальшанскія цікавосткі, каб не трывожная навіна зь Менску. Нацыянальны мастацкі музэй блізкім часам мае намер адмовіцца ад сваёй філіі ў Гальшанах, якую, між іншым, мінулым годам наведалі 12500 чалавек, і перадаць будынак кляштара францысканцаў касьцёлу Яна Хрысьціцеля. Скажу адразу: пытаньне больш складанае за жаданьне сталічных бюракратаў ад культуры захаваць сабе скарачаныя працоўныя месцы ці за жаданьне парафіі “прыхапіць” дадатковую жылплошчу. Айцец Станіслаў паказаў мне пасьля шматлікія праломы ў раскалупаных сьценах ды фундамэнце, так і не закладзеныя за 14 гадоў рэстаўрацыі. Таксама, маўляў, помнік дзяржаўнага стаўленьня да гістарычнае спадчыны. Але ж будынкі касьцёла ды кляштара – адное цэлае. Так што рамантаваць іх можна толькі разам. А гэта вымагае адзінага гаспадара. І паколькі грошы ёсьць толькі ў вернікаў, мо хоць яны здолеюць колер часу ад часу ўратаваць?! Для нашчадкаў. Праўда, у вясковых літаральна празь некалькі гадзінаў узьнікла свая вэрсія таго, што адбываецца…

(Голас: ) “Я чула, закрываецца музэй, бо тут паселяць манашак…”

На местачковай плошчы аж да перабудовы зьбіраліся вялізныя кірмашы. З навакольных вёсак везьлі на продаж воўну. Гальшанскія жанчыны вязалі рукавіцы, шкарпэткі, панчохі, але асабліва славіліся “каптаны гальшанскія”. Я ж убачыў толькі забітыя дошкамі гандлёвыя шэрагі ды няголенага мужчыну з характэрным тварам. Падыходжу да яго…

(Карэспандэнт: ) “Вы карэнны жыхар?”

(Мужчына: ) “Канечне… Бамжуеце? Магчыма што і так . Ходзіш-бутэлькі зьбіраеш. Працаваў у калгасе на сіласнай яме – нават тысяча рублей не выходзіць за цэлы дзень да паловы дзявятай. Які сэнс працаваць? Дык лепей у людзей дровы парубіць, скасіць. Так людзі пакормяць…”

У бары заўважаю некалькі маладзёнаў. Толькі адзін зь іх – 27-гадовы Алесь – застаўся ў Гальшанах. Астатнія прыехалі гасьцяваць у родную вёску. Моладзь адсюль бяжыць. Алесь тлумачыць сытуацыю:

(Алесь: ) “Жыву толькі калі калымчыкі і што дзе… А як дзіцё пракарміць?! Матка хворая, бацька хадзіць ня можа. Прыходжу – грошай няма. Тут толькі можна сьпіцца і згуляцца. Заробак за красавік яшчэ не далі, і 20 тысяч – гэта палучка?! А славяць Гальшаны – о божа! – у нас тут і замак , і касьцёл, едуць экскурсіі. А цяпер прапашчы пасёлак…”
Тым часам пра прыезд карэспандэнта прачулі тубыльцы. І на выхадзе мяне чакалі…

(Голас: ) “Па-першае, няма ніводнай лямпачкі ў Гальшанах – а я прапрацаваў энэргетыкам 38 лет…”

(Голас: ) “Лазьня не працуе паўгоду, і народ крыўдзіцца. А лес гніе наўкола – такое марнатраўства, што страх глянуць…Вот рэчка была поўная рыбай, пакупацца можна было, а цяпер адна гразь, набярэшся хваробаў…”

(Карэспандэнт: ) “А хто вінаваты ва ўсім?”

(Голас: ) “Той, хто ў руля стаіць…”

(Карэспандэнт: ) “Вы ж за Лукашэнку галасавалі…”

(Голас: ) “Галасавалі як нам казалі, аднак паправы ніякай няма – ні ад Лукашэнкі, ні ад другога, ні ад трэцяга”.

(Голас: ) “Лукашэнка сядзіць у Менску за 120 км ад нас. Адно пытаньне самае ерундовае. Цяпер няма пашы пасьвіць скаціну. Мы схадзілі да свайго старшыні, і ня можам рашыць гэтае пытаньне. Зьвяртаемся да ашмянскага Лукашэнкі – Кудырка ёсьць такі. Столькі зямель нераспаханых! І ён ня можа даць выпас…”

Старшыня Гальшанскага сельскага выканкаму Тацяна Ашурок толькі махнула рукой: маўляў, страціўшы галаву, па шапцы ня плачуць. За апошняе дзесяцігодзьдзе два ўваходзячыя ў гаспадарку калгасы-мільянэры па прыбытках ператварыліся ў мільярдэры – па даўгах. Усё пакацілася, пасьля таго як “вярхі” далі заднюю хаду спробе акцыянаваньня сумесна з крухмальным заводам. Бізнэс-плян быў просты і ўдалы: сяляне заводу бульбу, прадпрыемства ім – гарантаваныя працу і заробак. Успамінае спадарыня Ашурок:

(Ашурок: ) “Людзі ўжо пачалі працаваць у новай структуры, рыхтаваліся дакумэнты на ўступленьне ў акцыянэрнае таварыства Гальшанскага заводу. А тут памянялася сытуацыя, спэцыялісты разьехаліся. Даўгі, я думаю, мы ніколі не аддадзім, бо цэны таго хлеба, мяса, малака не адпавядаюць запчасткам, бэнзыну, хіміі”.

Узгадваю пра пальму-прадказальніцу, якая займае ці не палову залі ўрачыстасьцяў выканкаму і якую завезьлі сюды 24 гады таму. Упершыню зацьвіла перад сыходам тадышняга старшыні. І на працягу 12 апошніх гадоў цьвіце рэгулярна перад кожным кадравым ператрусам…

(Карэспандэнт: ) “Тацяна Леапольдаўна, у вас пальма, кажуць, зноў зацьвіла. Не баіцеся гэтае крэсла пакінуць?”

(Ашурок: ) “Гэтае крэсла нікога ня вабіць, бо ўсе мы кіраўнікі на энтузіязьме працуем, асабліва ў калгасе…”

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Ашурок і сама рыхтуецца сысьці ў камэрцыю, як тут называюць дробнае прадпрымальніцтва. Тым больш, яе сяброўкі не бядуюць. Былы галоўны эканаміст Галіна Вайцахоўская мае ва ўласнасьці прадуктовую краму ды аптэку…”

(Вайцахоўская: ) “Мы прадукты купляем там, дзе таньней. Стараемся круціцца. З намі добра працаваць, бо ведаюць, што праз тыдзень-два разьлічымся…”

(Карэспандэнт: ) “Карацей, ёсьць у Гальшанах прадпрымальнікі з устойлівай дзелавой рэпутацыяй?”

(Вайцахоўская: ) “Ёсьць, ёсьць…”

Калі ж сваім розумам зажывуць гальшанцы? Як мяняюцца іх палітычныя настроі? Што і хто на на іх уплывае? Пра гэта – з актывістам БНФ Францам Вярбіцкім:

(Вярбіцкі: ) “Старшыня калгасу – дзяржава ў дзяржаве, бо ня дасьць каня, трактара, найгоршы ўчастак зямлі выдзеліць, саломы ня дасьць. Бо што скажа кіраўнік, тое людзі і робяць”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы думаеце, у палітычнай апазыцыі ёсьць пэрспэктыва на вёсцы?”

(Вярбіцкі: ) “Не, няма… Я адзін на Гальшанах “Народную волю” выпісваю, а раней стос быў. Ніхто нічым не цікавіцца, капаюцца на сваіх участках…”

Ідучы па мястэчку, заўважыў маленькага Казіка, якому перавязвала руку матуля – зваліўся з чарэшні. Высьвятляю, што ў Валянціны Міцкевіч чацьвёра дзяцей розных узростаў. Гэта адная з самых шматдзетных сем’яў у Гальшанах.
(Міцкевіч: ) “Вот Тані 17 будзе, Паўліку 15 – дзеці нараджаліся праз год, я ня мела калі думаць (сьмяецца)…”

(Карэспандэнт: ) “А каго больш любіш – сёстраў ці брацікаў?”

(Казік: ) “Усіх!”

(Міцкевіч: ) “Таня прыедзе з вучобы, кожнаму прывязе што-небудзь, хоць стыпэндыя невялікая. Пасьля Ані мне нельга было ражаць, бо дзеці нараджаліся з маёй групай крыві і рэзусам, значыць маглі ня выжыць. І вот сяджу я думаю: што я выгадавала трох, што, не магу чацвёртага?! І мне стала страшна, што яго ня будзе. І вось нарадзілася здаровая нармальная дзяўчынка, праўда, Аня?”

(Карэспандэнт: ) “Так што будзе шмат маленькіх Міцкевічаў – будуць вялікія Гальшаны?!”

(Міцкевіч: ) “Можа быць (сьмяецца)…”

“Хочаш быць вечным – будзь кансэрватыўным”, – такі плякат вісеў на апошняй выставе ў Гальшанскім музэі. Тэза, спрэчная для мастака, надзвычай ёміста і сэнсоўна гучыць для сучаснага жыхара Гальшанаў. Спадчына тут такая, што, калі яна запатрабававаная, дык дазволіць пераадолець самыя жахлівыя штормы часу пераменаў. І будуць яшчэ вялікія Гальшаны…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG