Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вынікае з праекту “Канстытуцыйнага акту саюзнае дзяржавы”?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: экспэрт грамадзкага аб’яднаньня “Праўная ініцыятыва” Яўген Лабановіч і экспэрт Беларускага цэнтру канстытуцыяналізму Сяргей Альфер.

(Карбалевіч: ) “Расейская газэта “Коммерсантъ–Власть” надрукавала праект Канстытуцыйнага акту гэтак званае “саюзнай дзяржавы” Беларусі й Расеі. Гэты дакумэнт абмяркоўваецца ўжо два гады. Пра яго шмат казалі й пісалі ў мэдыях, гаварылі афіцыйныя асобы, кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў. Праект Канстытуцыйнага акту пакуль што зьяўляецца звышсакрэтным. Яго не публікуюць афіцыйна з мэтаю азнаямленьня шырокае грамадзкасьці. І надрукаваны ён зараз неафіцыйна. Што новага зьмяшчае гэты дакумэнт у параўнаньні з “Дамоваю пра стварэньне саюзнае дзяржавы”, падпісанай 8 сьнежня 1999 году? Ці зроблены крокі ў перадачы большых паўнамоцтваў наднацыянальным органам?”

(Лабановіч: ) “2 красавіка 1997 году была падпісаная дамова пра саюз Беларусі й Расеі, статут новага міждзяржаўнага ўтварэньня. Лукашэнка казаў, што пачаўся новы этап інтэграцыі. Пасьля была падпісана “Дамова пра стварэньне саюзнае дзяржавы”, а вось зараз падрыхтаваны “Канстытуцыйны акт”. Усе гэтыя дакумэнты амаль не адрозьніваюцца адзін ад другога.

Нельга казаць, што ў ведзеньне саюзнае дзяржавы перадаецца шмат паўнамоцтваў. Да выключнай кампэтэнцыі саюзнае дзяржавы аднесены вельмі малы шэраг пытаньняў. Пераважна гэта пытаньні, якія датычаць функцыяваньня бюракратычнае машыны саюзнае дзяржавы. Найбольш важны пункт датычыць адзінае валюты саюзнае дзяржавы. Але гэтае пытаньне яшчэ ня вырашанае”.

(Карбалевіч: ) “Хачу нагадаць, што ў свой час, у 1999 годзе падчас падрыхтоўкі дамовы пра стварэньне саюзнае дзяржавы Лукашэнка быў вельмі незадаволены тымі паўнамоцтвамі, якімі надзяляюцца наднацыянальныя органы саюзнае дзяржавы. І ён назваў праект, які потым стаў асноўным дакумэнтам, “сьмяхоцьцем”. Новы праект мала адрозьніваецца ад таго праекту”.

(Альфер: ) “Сапраўды, праект Канстытуцыйнага акту гэтак званае “саюзнае дзяржавы” Беларусі й Расеі мала адрозьніваецца ад дамовы пра стварэньне саюзнае дзяржавы. Уся валтузьня ідзе вакол паўнамоцтваў кіраўнікоў Беларусі й Расеі.

Паводле гэтага праекту парлямэнт саюзнае дзяржавы стане структураю, якая нябудзе нічога вырашаць. Таму што любы яго нарматыўна-праўны акт можа быць адхілены прэзыдэнтам, віцэ-прэзыдэнтам, ці, паводле іншага варыянту, вышэйшай дзяржаўнай радаю. Парлямэнт будзе займацца мішурою, нічога ня будзе вырашаць, а толькі марна траціць грошы паткаплацельшчыкаў.

Згодна гэтаму дакумэнту, выключныя паўнамоцтвы ў фармаваньні праўнае прасторы саюзнае дзяржавы маюць два чалавекі: прэзыдэнты Беларусі й Расеі”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, саюзны парлямэнт будзе мець яшчэ менш паўнамоцтваў, чым бяспраўны беларускі Нацыянальны сход, які выконвае ролю парлямэнту.

Хачу задаць іншае пытаньне: ці пагражае праект Канстытуцыйнага акту гэтак званае “саюзнае дзяржавы” Беларусі й Расеі сувэрэнітэту Беларусі?”

(Лабановіч: ) “Гэта вельмі цяжкае пытаньне. Справа ў тым, што якія заўгодна гульні вакол сувэрэнітэту Беларусі зьяўляюцца небясьпечнымі.

Што тычыцца гэтага дакумэнта, то як юрыст я магу сказаць — ён не пагражае незалежнасьці Беларусі. Сытуацыя нагадвае змаганьне за арабскае адзінства у 60-70-я гады, калі была спроба стварыць Аб’яднаную арабскую рэспубліку. Усё гэта нічым ня скончылася.

Самае небясьпечнае для беларускага сувэрэнітэту — гэта адзіная валюта. Усе астатнія паўнамоцтвы саюзных органаў ня маюць уладнае моцы. Калі кіараўніцтву Беларусі карысна размаўляць пра братэрства, адзінае грамадзянства, то яно пра гэта цьвердзіць. А калі патрэбна было дэпартаваць Нямцова, то расейскі палітык быў аб’яўлены на тэрыторыі Беларусі замежным грамадзянінам”.

(Альфер: ) “Я ня ў поўнай меры згодны зь меркаваньнем пра тое, што праект Канстытуцыйнага акту гэтак званае “саюзнае дзяржавы” Беларусі й Расеі не пагражае незалежнасьці Беларусі. Сапраўды, зь юрыдычнага пункту гледжаньня нельга сказаць, што Беларусь згубіць незалежнасьць праз пэўны час.

Але ёсьць пэўныя трывожныя сымптомы. Па-першае, гэта ўвядзеньне ў Беларусі расейскага рубля. А гэта патрабуе аддаць вельмі вялікую частку дзяржаўнага сувэрэнітэту. Па-другое, стварэньне саюзнае дзяржавы апрыоры адымае ад Беларусі частку дзяржаўных паўнамоцтваў. І гэта можа зьявіцца першым крокам да інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. І пасьля можна будзе рабіць другі, трэці крокі, пакуль зусім незалежнасьць ня згубіцца”.

(Карбалевіч: ) “Хачу пагадзіцца, што калі глядзець на сытуацыю не з пункту гледжаньня юрыдычнага, а з палітычнага, то сам факт зьяўленьня гэтага дакумэнта стварае атмасфэру незваротнасьці аб’яднаньня ў адную дзяржаву. Вось менавіта гэты чыньнік найбольш небясьпечны.

З праекту вынікае, што бакі не прыйшлі да згоды адносна кіроўных органаў. Расейскі варыянт прадугледжвае, што вышэйшым органам у новым утварэньні будзе вышэйшая дзяржаўная рада. А беларускі варыянт прадугледжвае стварэньне пасады прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта. У чым сэнс гэтай прапановы Беларусі? На мой погляд, асаблівае розьніцы ў паўнамоцтвах старшыні вышэйшае дзяржаўнае рады і прэзыдэнта няма. Навошта беларускі бок так настойліва прапануе ўвядзеньне гэтых пасадаў?”

(Лабановіч: ) “Адказ вельмі просты. Лукашэнка робіць усё, каб уварвацца ў палітычную ды інфармацыйную прастору Расеі, каб атрымаць хоць маленькую магчымасьць адчуць сябе кіраўніком 150-мільённае Расеі. Але, па-першае, на мой погляд, Расея на гэта ніколі ня пойдзе.

Па-другое, рэалізацыя гэтага варыянту была б небясьпечнай і для Беларусі. Тут ужо казалі, што пагроза беларускай незалежнасьці ня столькі юрыдычная, колькі палітычная. Я б дадаў, гістарычная і псыхалягічная. З пункту гледжаньня шэраговага грамадзяніна, ёсьць Канстытуцыйны акт, то бок, Канстытуцыя. Ёсьць прэзыдэнт. І тады ствараецца ўражаньне, што сапраўды існуе саюзная дзяржава”.

(Альфер: ) “Дайце ж нашаму хлопчыку ўволю нагуляцца... Прэзыдэнтам Беларусі ён ужо быў. Старшынём вышэйшае дзяржаўнае рады — быў. Зараз хоча быць прэзыдэнтам саюзнае дзяржавы.

Па-другое, любая бюракратычная структура імкнецца пашырыць свае паўнамоцтвы. У нашым выпадку пашырыць можна толькі за кошт зьмяншэньня паўнамоцтваў органаў улады Беларусі й Расеі. Таму пасада прэзыдэнта ў гэтым сэнсе больш важкая”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, праект Канстытуцыйнага акту гэтак званае “саюзнае дзяржавы” Беларусі й Расеі ня йдзе далей дамовы пра саюзную дзяржаву. Сэнс яго прыняцьця (калі гэты дакумэнт будзе прыняты) больш палітычны, чым юрыдычны, канстытуцыйны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG