Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксэнафобія – натуральная рэакцыя ці хвароба грамадзтва?


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Няма ў сьвеце народаў, якія б не сутыкаліся з іміграцыяй – прыездам да іх прадстаўнікоў іншых нацыяў. Гэты працэс ніколі не адбываецца бязь цяжкасьцяў: цяжка і людзям, адарваным ад сваіх каранёў, ужывацца ў новы культурны асяродак, цяжка часам і гэтаму асяродку “пераварыць” іншакультурныя “хвалі”. Як тое заўжды бывае, праблема спараджае ў грамадзкай сьвядомасьці спакусу яе простага вырашэньня, простага, якое рэдка калі аказваецца лепшым.
Ці рэдка ў Беларусі на рынку ці ў двары свайго дому, у транспарце ці на вуліцы можна пачуць злосныя словы, кінутыя ўсьлед людзям іншай расы, іншай культуры: “Панаехалі тут гэтыя “чорныя”. А некаторыя інтэлектуалы падводзяць пад гэтую побытавую ксэнафобію нават ідэалягічны падмурак, маўляў, гэтыя чужынцы, чужакі, прышлыя разбураюць нашую культуру, нашую нацыянальную тоеснасьць. Цікава адзначыць, што падобныя прамовы можна пачуць нават з вуснаў людзей, якія пры гэтым лічаць сябе носьбітамі эўрапейскасьці.

Сп-р Хадыка, Вы – адзін зь лідэраў партыі, якая ўгрунтаваная на нацыянальнай ідэі. Як Вы, Вашая партыя ставіцеся да гэтай праблемы?”

(Хадыка: ) “На маю думку, тэрмін “ксэнафобія” ня зусім адэквавтны праблеме нацыянальных меншасьцяў. Гэта ня страх іншамоўнага, іншакультурнага элемэнту, гэта хутчэй натуральная нэгатыўная рэакцыя на раптоўнае зьяўленьне іншамоўнай групы, якая ўспрымаецца, як чужародны элемэнт. І гэта тычыцца ня толькі Беларусі. Можна прыгадаць, як туркі ў Нямеччыне ці алжырцы ў Францыі выклікалі тое, што ўмоўна можна назваць ксэнафобіяй. Прычым размова ідзе пра краіны, якія даўно зьяўляюцца дэмакратычнымі.

У Беларусі есьць нават адмысловае ня надта добрае слова – прышлых, якія трымаюцца замкнёнаю групаю, называюць “навалач”. Аднак пры пэўнай талерантнасьці асноўнага насельніцтва мы бачым станоўчыя прыклады, бо прышлыя адрозьніваюцца большай энэргіяй, большай гатоўнасьцю заняць больш складаныя альбо непрэстыжныя сфэры дзейнасьці. Умоваю для такога ўжываньня зьяўляецца прастора для духоўнага жыцьця прышлых, якую павінна гарантаваць асноўнае насельніцтва, а з боку меншасьці – павага да мясцовых традыцыяў.
Я мяркую, што вы пагодзіцеся са мною, што сярод нацыянальных меншасьцяў заўсёды больш высокая ўстойлівасьць да сацыяльных “хваробаў”: п’янства, разводаў, сямейнай нестабільнасьці. Таму яны часам служаць станоўчым прыкладам для асноўнага насельніцтва. І БНФ не зьяўляецца арганізацыяй, якая варожа ставіцца да людзей іншай нацыянальнасьці”.

(Лукашук: ) “Вельмі важна, як ўспрымаюцца людзі. Ня тое, што яны ёсьць, як паводзяць сябе нацыянальныя меншасьці ці мігранты, а тое, як іх успрымае гэтае грамадзтва. У гэтым сэнсе вельмі важна, якую інтанацыю задаюць маральныя лідэры гэтага грамадзтва, вядучыя палітычныя сілы.

У Эўропе на партыі, якія характарызуюцца непрыманьнем прышлых – партыю Гайдэра ў Аўстрыі, партыю Ле Пэна ў Францыі, робіцца вельмі моцны ціск з боку маральных аўтарытэтаў грамадзтва, іншых грамадзкіх інстытутаў, нават з боку ўсёй эўрапейскай супольнасьці. Такім чынам задаецца маральная дамінанта: талерантнасьць, нарамальнае стаўленьне да ўсіх людзей незалежна ад паходжаньня, нацыянальнай прыналежнасьці – гэта норма сучаснай цывілізацыі”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Хадыка сказаў, што ў беларускай мове ўзьнікла нават адмысловае зьневажальнае слова ў адносінах да мігрантаў. Аднак гэта асабліва дзіўна ў сьвятле этнічнага складу беларускага грамадзтва. Нават калі пагадзіцца з пунктам гледжаньня, што чужынцы, прышлыя ствараюць нейкую пагрозу нацыянальнай тоеснасьці, разбураюць яе, то і тут варта адзначыць, што ў адносінах да Беларусі гэтыя перасьцярогі ня маюць грунту. Паводле дадзеных апошняга перапісу, беларусы складаюць больш за 81% насельніцтва краіны. Гэта – даволі высокі паказчык долі карэннага насельніцтва ў параўнаньні зь іншымі краінамі сьвету. Варта дадаць, што львіная доля астатніх грамадзянаў Беларусі належаць да этнасаў, якія, па-першае, аўтахтонныя для Беларусі, гэта значыць жывуць на гэтай зямлі шмат стагодзьдзяў, а па-другое, культурна і рэлігійна блізкія да беларусаў – беларусы разам зь іншымі славянамі: расейцамі, палякамі, украінцамі, складаюць амаль 99% адсоткаў жыхароў краіны. Яшчэ адна аўтахтонная група – габрэі за апошнія 10 гадоў зьменшылася ў чатыры разы, зараз іх толькі 28 тысячаў – 0.3% ад насельніцтва. Дык колькі ж тых, каго ў ксэнафабічным ачмурэньні можна назваць прышлымі, культурна чужымі? Менш за адсотку насельніцтва. За апошнія 10 гадоў іх колькасьць, дарэчы, зьменшылася – з 84 да 80 тысячаў чалавек.
Зразумела, досьвед, напрыклад, ЗША нельга цалкам перанесьці на Беларусь – Амерыка і стваралася імігрантамі. Але зараз там адбываюцца далейшыя зьмены ў стаўленьні да імігрантаў.
На працягу стагодзьдзяў там існавала канцэпцыя “плавільнага катла” – людзі прыяжджаюць з ўсяго сьвету, але “пераплаўляюцца” ў адно – у амэрыканцаў. У апошнія дзесяцігодзьдзі ёй на зьмену прыйшла канцэпцыя “веснавога салату” – нацыя ёсьць сумесь, аздобленая “сьмятанаю” – ангельскай моваю, але сумесь гэтая ня ёсьць аднародная маса, у ёй можна бачыць адрозныя кампанэнты”.

(Лукашук: ) “Летась, калі я быў у Каліфорніі, я аднойчы заблудзіў і пытаў дарогу ў мінакоў. Тры з чатырох, якіх я напаткаў, былі ліцінаамэрыканскага паходжаньня, і двое зь іх увогуле не размаўлялі па-ангельску. Сапраўды, шмат прыяжджае ў тую ж Каліфорнію людзей з Мэксыкі, з Лацінскай Амэрыкі, і яны патрапляюць у своеасаблівыя моўныя гета і жывуць паасобку. Але іх дзеці вучацца ў амэрыканскай школе, і для іх праблемы інтэграцыі ў амэрыканскае грамадзтва ўжо не існуе.

І дэмакраты і рэспубліканцы на мінулых выбарах змагаліся за галасы прадстаўнікоў гэтых меншасьцяў. Зараз прэзыдэнт Буш даволі часта выступае па радыё па-гішпанску. Палітыкі ўспрымаюць гэта як дадзенасьць і заахвочваюць гэта. Хаця амэрыканскія кансэрватары вельмі моцна настойваюць на канцэпцыі менавіта “плавільнага катла”, на абавязковасьці ангельскай мовы.

Калі гаварыць пра Эўропу, то літаральна на нашых вачах адбываецца зьмена стаўленьня да мігрантаў. Эўропа думае пра будучыню. Нараджальнасьць вельмі нізкая, працягласьць жыцьця даўгая, і паўстае пытаньне – хто будзе працаваць, калі цяперашняе пакаленьне пойдзе на пэнсію? І выйсьце бачыцца менавіта ў прыцягненьні мігрантаў. Эўропа падзяляе тое, пра што казаў сп-р Хадыка – мігранты могуць прынесьці вялікую карысьць для грамадзтва. І гэты погляд пачынае пераважаць у Эўропе, пачынае мяняцца іміграцыйная палітыка. Гэта – прыклад эўрапейскага, а ў рэшце рэшт нармальнага, чалавечага падыходу да гэтай праблемы. Мне здаецца, што гэтыя падыходы мусяць быць прыкладам і для Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG