Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16:40 НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ НАЗІРАЛЬНІКАЎ ПРОСТА НЕ ПУСКАЮЦЬ НА ЎЧАСТКІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Першымі зь перашкодамі сутыкнуліся карэспандэнты мясцовых газэтаў "Тыднёвік Магілёўскі", "Дэ-факта" ды іншых незалежных выданьняў. А сёмай гадзіне раніцы ім патлумачылі, што для назіраньня акрамя пасьведчаньня трэба атрымаць акрэдытацыю на ўчастку і прад'явіць рэдакцыйнае заданьне.

Паводле меркаваньня кіраўнікоў участковых камісіяў, рэдакцыя газэты пісомва павінна выказаць намер сачыць за прэзыдэнцкімі выбарамі. Нягледзячы на тлумачэньне пракурора Алега Цімашэнкі пра незаконнасьць такога патрабаваньня, абласная камісія ўсё ж не пусьціла журналіста на ўчасткі.

Раніцай чацьвёра назіральнікаў з Магілёва заявілі, што на іхных участках замянілі выбарчыя скрыні і пашкодзілі плёмбы. Аднак кіраўнікі камісіяў апратэставалі гэтыя рашэньні ды заявілі, што гэтыя людзі перашкаджаюць іхнай дзейнасьці. Такія абвінавачаньні гучалі на працягу ўсяго дня.

Як паведамілі ў магілёўскай каардынацыйнай радзе па назіраньню за выбарамі, калі асобным старшыням участковых выбарчых камісіяў і прад'яўлялі пратакол пра парушэньні Выбарчага кодэксу, то яны патрабавалі адхіленьня ад назіраньня ягонага складальніка на той падставе, што ён перашкаджае працы. Былі такія выпадкі, калі назіральніка на нейкі час затрымлівалі, а потым вызвалялі.

Увогуле затрыманьні незалежных назіральнікаў практыкаваліся ня толькі ў Магілёве. Сёньня міліцыянты спынілі аўтобус з 15 жыхарамі Бабруйску, якія ехалі назіраць за выбарамі ў Глуск. Нібыта з мэтай праверкі дакумэнтаў іх пратрымалі некалькі гадзінаў. У Шклоўскай пракуратуры назіральнікаў выклікалі на размову, цікавіліся, колькі яны атрымліваюць за такую дзейнасьць. Бальшыня зь іх сёньня так і не змагла прасачыць за ходам галасаваньня.

Мясцовыя праваабаронцы лічаць, што ў Шклове і ў Клімавічах былі створаныя найбольш неспрыяльныя ўмовы для працы назіральнікаў. Невыпадкова сёньня Шклоў наведаў прадстаўнік місіі АБСЭ. Адметна, што ў гэтых раённых цэнтрах вэртыкаль дасягнула самых высокіх паказчыкаў датэрміновага галасаваньня. У Шклове такім чынам прагаласавала 55% выбарцаў, а ў Клімавічах больш як 50%.

XS
SM
MD
LG