І каардынатар "Незалежнага назіраньня" Алесь Бяляцкі, і прадстаўнікі ЦВК называюць аднолькавую лічбу тых, хто прагаласавалі ўчора. Агулам па Беларусі гэта 2,3% выбарцаў. Найбольш актыўна галасавала Віцебская вобласьць (3,2% выбарцаў), найменш — Берасьцейская (1,4%).
Алесь Бяляцкі гаворыць, што ў першы дзень датэрміновага галасаваньня назіральнікі прысутнічалі толькі на самых вялікіх участках у буйных гарадах Беларусі, дзе была найбольшая яўка выбарцаў.
Каардынатар "Незалежнага назіраньня" паведаміў, што ў многіх рэгіёнах краіны ўлады ды адміністрацыі прадпрыемстваў і ўстановаў проста прымушаюць падначаленых галасаваць датэрмінова, а ў шэрагу месцаў старшыні выбарчых камісіяў адмаўляліся паказваць назіральнікам сьпісы выбарцаў. Асабліва шмат парушэньняў было зафіксавана ў Наваполацку і Полацку. Гаворыць Алесь Бяляцкі:
(Бяляцкі: ) "На вытворчым аб'яднаньні "Нафтан" начальнік цэху Карнакоў змушаў людзей браць удзел у датэрміновым галасаваньні. Такія ж самыя сыгналы ішлі ад наваполацкай міліцыі, ад пажарнай службы. Гэткае ж адбывалася у гарадзкім шпіталю, у аўтапарку №6, дзе начальнік Дубіна займаўся тым, што прымушаў сваіх людзей браць удзел у датэрміновым галасаваньні, гэта ж датычыць наваполацкай падатковай інспэкцыі й полацкага чыгуначнага дэпо".
Такім чынам, мы бачым, што тыя структурныя гарадзкія падразьдзяленьні і людзі, якія залежаць ад мясцовай адміністрацыі, — іх проста змушаюць браць удзел у датэрміновым галасаваньні".
Паводле каардынатара "Незалежнага назіраньня", на 5, 7, 15, 18, і 22 выбарчых участках у Наваполацку назіральнікам не давалі сьпісаў выбарцаў, не казалі, колькі бюлетэняў на гэтых участках, колькі там прагаласавала выбарцаў, а таксама не было забясьпечанае належнае захаваньне выбарчай скрыні.
У Горадні адміністрацыі мэдычнага ўнівэрсытэту й сельскагаспадарчай акадэміі прымушалі студэнтаў галасаваць датэрмінова. Падобным чынам дзейнічалі адміністрацыі некаторых ВНУ ў Віцебску й Менску. На некаторых студэнцкіх участках у Маскоўскім раёне сталіцы, яўка сягала 10% выбарцаў.
Каардынатар "Незалежнага назіраньня" па Слуцкім раёне Аляксандар Катляроў паведаміў, што на многіх участках прадстаўнікі камісіяў не хацелі рэгістраваць назіральнікаў. У вёсках Казловічы, Гацук і Лучнікі галасаваньне ўчора пачалося раней за вызначаны тэрмін, а бюлетэні выбарцам выдавалі без прад'яўленьня пашпартоў.
Назіральнікі складаюць адпаведныя акты па кожным факце парушэньня закону, якія будуць накіраваныя ў Цэнтарвыбаркам, пракуратуру й міжнародным назіральнікам зь місіі БДіПЧ.
Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік сьцьвярджае, што зафіксаваныя незалежнымі назіральнікамі факты парушэньнямі ня ёсьць. Гаворыць Мікалай Лазавік:
(Лазавік: ) "Што тычыцца адміністратыўнага рэсурсу, як кажуць, адміністрацыя павінна ствараць умовы для таго, каб грамадзяне маглі рэалізаваць сваё выбарчае права. І калі дзесьці на прадпрыемстве такія ўмовы ствараюцца, калі кіраўнік прадпрыемства, магчыма, на прапанову выбарцаў дае ім транспарт, — гэта можна толькі ацэньваць як нармальныя дзеяньні адміністрацыі, накіраваныя насустрач пажаданьню выбарцаў".
Ён таксама лічыць, што старшыні выбарчых камісіяў не абавязаныя даваць назіральнікам сьпісы выбарцаў і інфармацыю пра колькасьць тых, хто прагаласаваў.