Днямі ў Наваполацкі гарвыканкам былі запрошаныя кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстановаў гораду, дзе яны атрымалі дырэктыву: арганізаваць датэрміновае галасаваньне рабочых і службоўцаў, склаўшы дзеля гэтай мэты адпаведныя сьпісы.
Кіраўнікі прадпрыемстваў — прынамсі, бальшыня зь іх, — спусьцілі згаданую дырэктыву кіраўнікам сярэдняга зьвяна, і тыя, сабраўшы людзей, паведамілі: усім прагаласаваць датэрмінова. Людзей пры гэтым папярэдзілі, што яўка на выбарчыя ўчасткі будзе жорстка кантралявацца, ну а дырэктар Наваполацкага хлебазаводу спадар Ранько адкрыта заявіў: той, хто не прагаласуе датэрмінова, займее шмат праблемаў.
Аналягічныя захады выканаўчая вэртыкаль учыніла і ў суседнім Полацку, прынамсі, сыгналы аб прымусу галасаваць датэрмінова паступілі ад работнікаў вытворчага аб’яднаньня "Шкловалакно", аўтапарку №2, полацкага хлебазаводу ды іншых прадпрыемстваў.
Па гэтых фактах назіральнік ад Наваполацкай арганізацыі Партыі камуністаў спадар Крышталёў зьвярнуўся з афіцыйнай заявай у гарадзкую пракуратуру, назваўшы дзеяньні выканаўчых структураў непрыхаваным шантажом. Учора, 3 верасьня, падаўца заявы завітаў у пракуратуру, каб пацікавіцца — што робіцца ў справе прадухіленьня парушэньня закону, і пачуў наступнае: гарвыканкам у дадзеным выпадку не парушае закону, а ўсяго толькі садзейнічае правядзеньню выбараў. Па сьведчаньні спадара Крышталёва, сёньня ён адсылае адпаведную заяву абласному пракурору.
Заўважым, што ўлады вырашылі задзейнічаць падчас прэзыдэнцкіх выбараў ня толькі адміністрацыйныя вагары, але й мілітарныя. Так, сёньня з Полацку ў Менск выпраўляецца раскватараваны тут спэцбатальён унутраных войскаў. Прычым, едзе ён у сталіцу амаль у поўным складзе і пры поўным баявым рыштунку.