Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ФУТБОЛКІ — У МІЛІЦЭЙСКІЯ ПАСТАРУНКІ


Любоў Лунёва, Менск

У міліцэйскія пастарункі трапляюць юнакі й дзяўчаты, у якіх на вопратцы альбо на заплечніку ёсьць надпісы "Час выбіраць" і выява зубра.

У пятніцу ўвечары салдацкі патруль ўнутраных войскаў ля будынку Партызанскага аддзелу міліцыі затрымаў Аляксея Шыдлоўскага і прэсавага сакратара моладзевага руху "Зубр" Аляксандра Атрошчанкава. У Аляксандра зьнялі адбіткі пальцаў, як у нібыта падазраванага ў крымінальным злачынстве. Гаворыць Аляксандар Атрошчанкаў:

(Атрошчанкаў: ) "Нас затрымалі толькі за тое, што былі ў футболках з надпісам "Час прыбіраць". У міліцыі ёсьць спэцыяльны загад затрымліваць маладых людзей у гэткіх футболках. А такіх людзей у Менску некалькі соцень. Хутчэй у міліцыянтаў скончыцца бэнзын, чым яны ўсіх затрымаюць.

Нас затрымліваюць служачыя ўнутраных войскаў і, калі яны нас прывозяць у РУУСы, міліцыянты вельмі злуюцца на іх, бо ня ведаюць, за што складаць пратакол. Салдаты гэтага не разумеюць. Яны тлумачаць, што затрымалі таму, што ўбачылі надпіс супраць прэзыдэнта. У мяне зьнялі адбіткі пальцаў, а потым зьнялі на відэакамэру, каб, відаць, нешта казаць свайму кіраўніцтву".

Салдаты ўнутраных войскаў прывялі ў тую ж дзяжурную частку яшчэ 4-х падлеткаў, у якіх на заплечніках былі налепкі з выявай зубра. Іх трымалі да начы, пакуль па іх не прыехалі бацькі.

На наступны дзень яшчэ 2-х школьнікаў трымалі ў Першамайскім упраўленьні міліцыі за футболкі з надпісам "Час прыбіраць!". Разгубленым бацькам міліцыянты патлумачылі, што дзяцей, калі тыя будуць насіць футболкі з заклікамі, паставяць на ўлік міліцыі як непаўнагадовых правапарушальнікаў.

У нядзелю супрацоўнікі Цэнтральнага ўпраўленьня міліцыі затрымалі 5-х сяброў Маладога Фронту — Аляксея Талстова, Віталя Кошалева, Паўла Янкоўскага, Кастуся Зьмітрыевіча і непаўнагадовага Алеся Васілеўскага за ўдзел у акцыі "Стоп ЛУКА ЧП". Маладафронтаўцы лічаць, што падставай для затрыманьня менавіта гэтых хлопцаў сталі футболкі з надпісам "Час прыбіраць!". Гаворыць Аляксей Талстоў:

(Талстоў: ) "Прывезьлі нас у Цэнтральнае РУУС. Пратрымалі літаральна хвілінаў сорак. Ніякай жорсткасьці не было. Нас ня білі, не абражалі, наадварот, міліцыянты самі жартавалі. Настрой ва ўсіх быў файны, і ніякіх намёкаў на нейкія жорсткія наступствы".

А ў Горадні за футболкі супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля 10 сяброў Маладога Фронту. Іх трымалі ў пастарунку каля гадзіны. Перапісалі прозьвішчы, высьветлілі месца жыхарства і адпусьцілі.

У Слоніме за налепкі з выявай зубра затрымалі 7 сяброў моладзевага руху "Зубр".

У Магілёве за футболкі ў міліцэйскім пастарунку сядзелі амаль тры гадзіны 8 чалавек. Сярод іх былі й маладафронтаўцы, і зуброўцы.

Усе гэтыя выпадкі яднае агульная рыса — людзей затрымліваюць за зьнешні выгляд, а не за нейкія правапарушэньні.


XS
SM
MD
LG