Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭГІЯНАЛЬНЫЯ ШТАБЫ ГАНЧАРЫКА Й ДОМАША АБ'ЯДНАЛІСЯ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня апоўдні перадвыбарчыя штабы двух зарэгістраваных апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Ўладзімера Ганчарыка й Сямёна Домаша сабраліся спачатку паасобку, каб абмеркаваць пытаньні вакол іхнага аб'яднаньня.

Як распавялі ў штабе Домаша, рашэньні наконт адзінага кандыдата выклікалі ў рэгіёнах розную рэакцыю. Напрыклад, у Віцебскай вобласьці, дзе Сямён Домаш мае 17 мясцовых штабаў, толькі два-тры зь іх згодныя працаваць на Ўладзімера Ганчарыка.

Паседжаньне ў Домашавым штабе доўжылася паўтары гадзіны. Прадстаўнікі рэгіянальных структураў запатрабавалі ад спадара Домаша, каб ён асабіста патлумачыў апошнія рашэньні тым людзям, якія ўжо шмат часу на яго працуюць. Паводле прэсавай службы Сямёна Домаша, ён згодны езьдзіць у рэгіёны ды агітаваць людзей за тое, каб яны падтрымлівалі спадара Ганчарыка.

А 14-й гадзіне прадстаўнікі двух штабоў нарэшце сабраліся разам у памяшканьні Фэдэрацыі прафсаюзаў. Паводле Зьмітра Верашчагіна, прэсавага сакратара старшыні Фэдэрацыі, інтэграцыя двух штабоў адбылася на абласным узроўні, а што да раённых структураў, дык імі будуць займацца ўжо вобласьці, а не цэнтральны штаб адзінага кандыдата.

Я патэлефанаваў самому Ўладзімеру Ганчарыку й задаў яму наступнае пытаньне:

(Карэспандэнт: ) "Як Вы можаце ацаніць сёньняшнія вынікі паседжаньня агульнага штабу — цяпер ужо з прадстаўнікамі Сямёна Домаша?"

(Ганчарык: ) "Ну, гэта не зусім так — што гэта ўжо агульны штаб. Гэта была прыцірка ўсіх штабоў абласных. Сёньня была й сустрэча зь Сямёнам Мікалаевічам. Апошнія кропкі расстаўленыя — якія людзі на якія пасады прыйшлі. На якую работу, дакладней, прыйшлі. Так што станоўча ацэньваю. Толькі каб хутчэй мы пайшлі наперад".

(Карэспандэнт: ) "Можна сказаць, што пытаньне з рэгіёнамі канчаткова вырашанае?"

(Ганчарык: ) "Вырашанае. Могуць быць нейкія дэталі, але прынцыпова ўжо ўсё вырашана".

(Карэспандэнт: ) "Ці шмат, скажам так, галоўных пасадаў у рэгіёнах дасталося домашаўцам?"

(Ганчарык: ) "Прынцып такі: хто мацнейшы".

(Карэспандэнт: ) "Было пытаньне зь Віцебскай вобласьцю найбольш сур'ёзнае..."

(Ганчарык: ) "Па-мойму, яго там няма. Я ня ўдзельнічаў у гэтым паседжаньні — мне сказалі аб тым, што ўсе пытаньні вырашаныя. Я сустрэўся толькі з Домашам".

(Карэспандэнт: ) "Апошняе пытаньне. Што-небудзь з Домашам яшчэ цікавае, важнае абмяркоўвалі?"

(Ганчарык: ) "Зразумела. Праграму будучай дзейнасьці. І цяперашняй ягонай дзейнасьці, у тым ліку ў палітычным сэнсе. Цяпер многа цікавых прапановаў ёсьць. І трэба ўсё гэта асэнсаваць і працаваць", — сказаў Уладзімер Ганчарык, кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі.


XS
SM
MD
LG