Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГІТАТАРЫ ЗА КАНДЫДАТАЎ НА ПРЭЗЫДЭНТА НА ВУЛІЦЫ ПАКУЛЬ НЯ ВЫЙШЛІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У штабе Сямёна Домаша, які павінен зьняць сваю кандыдатуру на карысьць Уладзімера Ганчарыка, нашаму радыё сёньня паведамілі, што існуе тры варыянты супрацоўніцтва іхнай каманды са штабам адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Гаворыць актывіст цэнтральнага штабу Сямёна Домаша прафэсар Алесь Астроўскі:

(Астроўскі: ) "Пакуль плянуецца ў залежнасьці ад кожнай канкрэтнай сытуацыі, якая ўзьнікае ў раёне, тры варыянты падзеяў. Першы варыянт, калі моцны штаб Ганчарыка ў раёне — прапануем увайсьці нашым людзям у гэты штаб.

Калі сытуацыя адваротная — калі, напрыклад, штаб Ганчарыка слабы, то павінен будзе ўліцца ў штаб Домаша. Ну й трэці варыянт, гэта калі ў нейкім раёне два штабы захоўваюць адносную аўтаномнасьць, падзяляюць тэрыторыі, і кожны дзейнічае на сваёй тэрыторыі".

Пры гэтым Алесь Астроўскі дадаў, што частка сяброў каманды Домаша ня хоча ўдзельнічаць у агітацыйнай кампаніі за Ўладзімера Ганчарыка, і гэтых людзей яшчэ прыйдзецца пераконваць агітаваць за тандэм палітыкаў. Сам Сямён Домаш здыме сваю кандыдатуру пасьля дадатковых кансультацыяў з адзіным кандыдатам, але калі гэта адбудзецца — пакуль невядома.

Алесь Астроўскі паведаміў, што хутчэй за ўсё ніякіх грошай на агітацыйную кампанію ад уладаў Домаш браць ня будзе. (Паводле Выбарчага кодэксу кандыдат, які патраціў дзяржаўныя сродкі, а потым зьняў сваю кандыдатуру, павінен грошы вярнуць.)

Намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка Аляксандар Дабравольскі сьцьвярджае, што сёньня адбываюцца апошнія кансультацыі паміж камандамі абодвух кандыдатаў. Амаль усе актывісты Сямёна Домаша пяройдуць у агульны штаб. Актывісты штабу адзінага кандыдата сёньня пакуль ня выйшлі з агітацыйнымі пікетамі на вуліцы беларускіх гарадоў.

Гаворыць Аляксандар Добравольскі:

(Дабравольскі: ) "Як толькі нам можна будзе юрыдычна зрабіць плякаты й улёткі, то яны адразу ж зьявяцца. макеты ўжо ёсьць, але мы павінны гэта ўзгадніць з Цэнтральнай выбарчай камісіяй, якая павінна даць на гэта сродкі. Пікеты пачнуцца, калі будуць друкаваныя матэрыялы — пікеты без матэрыялаў ня маюць сэнсу".

Сёньня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што ніякіх наяўных грошай кандыдатам папярэдне выдаткоўваць ня будуць. Яны мусяць самі фінансаваць сваю агітацыйную кампанію, а пасьля Цэнтарвыбаркам будзе вяртаць ім мэтава патрачаныя грошы — 17 500 000 рублёў.

У штабе Ўладзімера Ганчарыка паведамілі, што неўзабаве пачнецца актыўная агітацыйная кампанія. Распрацаваны й графік сустрэчаў адзінага кандыдата з выбарцамі ў розных рэгіёнах Беларусі. У першую паездку ў Гомель Уладзімер Ганчарык накіруецца ў гэтую пятніцу.

Распрацавалі комплекс агітацыйных мерапрыемстваў і ў штабе Сяргея Гайдукевіча, але пакуль ягоныя сябры актыўнай кампаніі не пачыналі, бо чакалі афіцыйных тлумачэньняў у справе выдаткоўваньня сродкаў ад Цэнтарвыбаркаму. Спадар Гайдукевіч таксама не выключае, што адмовіцца выкарыстоўваць свой час на Беларускім тэлебачаньні, калі ўлады, напрыклад, не дазволяць яму праводзіць у эфіры гутаркі са сваімі паплечнікамі.


XS
SM
MD
LG