Каардынатары "Незалежнага назіраньня" сёньня правялі прэсавую канфэрэнцыю і распавялі, якім чынам будзе ажыцьцяўляцца паралельны падлік галасоў выбарцаў. Паводле каардынатара грамадзянскай ініцыятывы Алеся Бяляцкага, апошнім часам улады й Беларускае тэлебачаньне сьвядома палохаюць выбарцаў паралельным падлікаў галасоў апазыцыяй. Гаворыць Алесь Бяляцкі:
(Бяляцкі: ) "Мне гэтая вайна з паралельным падлікам галасоў, якую распачало Беларускае тэлебачаньне й "Советская Белоруссия", нагадвае вайну 1950-х гадоў, што вялася супраць генэтыкі й кібэрнэтыкі. Я спадзяюся, што ў нашых уладаў хопіць інтэлекту, каб адрозьніць звычайную тэхналёгію, звычайную мэтодыку падліку галасоў ад нейкіх, як яны іх называюць, контаррэвалюцыйных ці падрыўных дзеяньняў. І ўсё ж яны дадуць нам магчымасьць правесьці гэты паралельны падлік галасоў".
Ён, а таксама каардынатар Міраслаў Кобаса й украінскі сацыёляг Уладзімер Корабаў паведамілі, што паралельны падлік галасоў будзе праводзіцца не па сыстэме exit polls (апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў), як сьцьвярджаюць беларускія ўлады, а зусім па іншай мэтодыцы.
Назіральнікі з 500 выбарчых участкаў у розных рэгіёнах Беларусі будуць перадаваць у адзіны цэнтар інфармацыю пра тое, колькі выбарцаў бярэ ўдзел у галасаваньні, які адсотак грамадзянаў прагаласаваў за таго ці іншага кандыдата й г.д. Прычым гэтыя зьвесткі назіральнікі будуць браць з афіцыйных пратаколаў выбарчых камісіяў. Пасьля апрацоўкі гэтых зьвестак у інфармацыйным цэнтры стане бачна, наколькі яны разыходзяцца з афіцыйнымі зьвесткамі Цэнтарвыбаркаму.
Каардынатары "Незалежнага назіраньня" гавораць, што гэтая сыстэма паралельнага падліку дае магчымасьць абвяшчаць вынікі галасаваньня значна раней за ЦВК, прычым памылка ў падліках складае ня больш за 2%. Такая мэтодыка паралельнага падліку галасоў з посьпехам выкарыстоўвалася ў часе выбараў у больш чым 40 краінах сьвету.
Прадстаўнікі "Незалежнага назіраньня" зьбіраюцца неўзабаве сустрэцца зь сябрамі Цэнтарвыбаркаму і патлумачыць ім, што ніякага парушэньня закону ў гэтай сыстэме паралельнага падліку няма. Тым ня менш, паводле Алеся Бяляцкага, улады цяпер робяць усё магчымае, каб сарваць працэс паралельнага падліку галасоў. У грамадзкіх арганізацыяў канфіскоўваюць кампутары, іншую аргтэхніку. У зьвязку з гэтым Алесь Бяляцкі заявіў:
(Бяляцкі: ) "Я хачу сказаць нашым афіцыйным уладам, што гэтыя намаганьні марныя, падлічыць вынікі з 500 участкаў — будзе магчыма зрабіць гэта й на калькулятарах. Усе калькулятары канфіскаваць у назіральнікаў ня ўдасца. Так што вынікі мець мы ўсё роўна будзем, і будзем мець іх хутчэй, чым любыя іншыя сыстэмы й сеткі падліку гэтых галасоў".
Назіральнікі зьбіраюцца паведаміць канчатковыя вынікі галасаваньня прыкладна а 3-й гадзіне ночы з 9 на 10 верасьня.