Ідзе ўціск на сябраў ініцыятыўных групаў, асабліва ў сельскай мясцовасьці. Людзям пагражаюць звальненьнем з працы, іншымі непрыемнасьцямі.
Студэнтку Віцебскага дзяржаўнага ўніверсытэту выклікалі ў рэктарат і запыталіся, што для яе больш каштоўнае – вучыцца ў ВНУ ці зьбіраць подпісы за аднаго з дэмакратычных кандыдатаў. Затое іншая дзяўчына аднй з установаў Віцебску са зьдзіўленнем даведалася ад свайго кіраўніка, што павінна і вельмі хутка сабраць 75 подпісаў за Лукашэнку. Да гэтага яна і не ўяўляла сябе чальцом ягонае ініцыятыўнае групы. Жонка міліцыянта адмовілася падпісацца за Домаша, бо забараніў муж, які ўжо вымушаны быў у шэрагу іншых аддаць свой подпіс, і, дарэчы, проста на працоўным месцы – за Лукашэнку.
“Галасаваць, канечне, мы будзем не за яго, – патлумачыла яна, – але ж вы разумееце: подпіс за іншага паставіць нельга – мужа папярэдзілі”.
Многія кіраўнікі рыхтуюць людзей да агітацыйнай кампаніі за Лукашэнку безапэляцыйна і жорстка, не зважаючы на іх перакананьні й погляды. Так дырэктар сярэдняй школы № 42 гораду Віцебску Рагачоў загадаў працаўнікам падчас летняга адпачынку знаходзіцца на месцы і нікуды далёка ня зьяжджаць – яны могуць спатрэбіцца ў любы момант для агітацыі. Пра гэта паведамілі настаўніцы са школы.
Я сьвядома не называю прозьвішчаў тых, хто скардзіўся, бо напалоханыя людзі просяць, каб гэта пакуль засталося таямніцай.
Больш нахабны ўціск адбываецца на вёсцы. Як расказала Яўгенія Аліхвер з Шаркоўчынскага раёну, якая дапамагае свайму сыну Юр’ю зьбіраць подпісы за Калякіна, не пасьпелі зборшчыкі пакінуць вёску Блізьняты, як прыехаў нейкі незнаёмы чалавек на чырвонай машыне... і пайшоў па хатах. Ён патрабаваў, каб сяляне свае подпісы адклікалі, бо йначай іх пагоняць з працы, адбяруць пэнсіі, не дадуць прысядзібных надзелаў ды ўчасткаў пад сенакос. Пра гэткія ж выпадкі паведамляюць таксама з заходняй Глыбоччыны й усходняга Бешанковіцкага раёну, зь іншых рэгіёнаў вобласьці. Адрозьніваюцца толькі твары незнаёмцаў, маркі й колеры іхных машынаў.
Самыя вялікія цяжкасьці ў ініцыятыўных групаў з тым, як засьведчыць падпісныя блянкі. Чамусьці ў сельскіх выканкамах менавіта на гэты пэрыяд няма пячатак. Кажуць, што здалі. Засьведчаныя ж пячаткамі сельсаветаў дакумэнты могуць выклікаць пытаньні ў спадарыні Ярмошынай і яе калегаў. Кіраўнікі некаторых штабоў ужо падрыхтавалі адпаведныя запыты ў Цэнтарвыбаркам.