Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ ПАДПІСНЫЯ ЛІСТЫ ЗА ЛУКАШЭНКУ ЗАПАЎНЯЮЦЦА КАЛІГРАФІЧНЫМ ПОЧЫРКАМ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Каардынатар па Гарадзеншчыне Ігар Квачэнка абверг інфармацыю, якая зьявілася ў прэсе, — быццам бы гарадзенская ініцыятыўная група адмовілася зьбіраць подпісы за Ўладзімера Ганчарыка. Па словах каардынатара, група мае заданьне сабраць 10 тысяч подпісаў, і ўжо набліжаецца да гэтай лічбы.

Зьбіральнікі вядуць анкетаваньне. Яны пазначаюць падчас збору подпісаў колькі грамадзянаў выказваюцца за Ўладзімера Ганчарыка, за Аляксандра Лукашэнку, а колькі — за іншага кандыдата. За Лукашэнку гатовы галасаваць кожны чацьверты. Адзначаюць таксама й колькасьць выбарцаў, якія ня думаюць галасаваць. Паводле апытаньня, не жадаюць удзельнічаць у выбарах менш за 10% гарадзенцаў.

Спадар Квачэнка наведаў Ленінскую раённую выбарчую камісію ў Горадні. Найбольш яго зьдзівілі падпісныя лісты за Лукашэнку. Яны аформленыя бездакорна, каліграфічным почыркам. І кожны ўкладзены ў плястыкавую папку-файл. Наўрад хоць адзін зь іх будзе забракаваны.

Мяркуючы па ўсім, на Гарадзеншчыне вядзе рэй ініцыятыўная група Сямёна Домаша. На сёньняшні дзень на ейным рахунку ня менш за 13 з паловай тысяч подпісаў. Але гэта без чатырох раёнаў і бяз Горадні. У Горадні да выхадных сабралі 4600 подпісаў. Па словах Анатоля Хацько, каардынатара па Гарадзеншчыне, трэба сабраць 20 тысяч. І да канца тыдня гэтая лічба будзе, лічыць ён.

Ініцыятыўная група адзначае факты адміністратыўнага прымусу пры зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Анатоль Хацько гаворыць, што ў калгасах зьбіраюць пашпарты, каб унесьці зьвесткі ў падпісныя лісты. Альбо прымушаюць прыходзіць па заробак з пашпартам. Мэта адна — атрымаць подпісы за Лукашэнку. Праўда, зафіксаваць такія факты цяжка. Людзі баяцца. Але канкрэтна такі факт адзначаны ў вёсцы Вялікая Мыса ў Смаргонскім раёне.
XS
SM
MD
LG