Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕКАТОРЫЯ ІНІЦЫЯТЫЎНЫЯ ГРУПЫ САБРАЛІ ПАЛОВУ ПАТРЭБНЫХ ПОДПІСАЎ


Юры Сьвірко, Менск


Начальнік крымінальнага вышуку менскае гарадзкое міліцыі Міхаіл Шчурок заявіў сёньня Інтэрфаксу, што "як правіла, у часе правядзеньня перадвыбарчых кампаніяў фіксуюцца выпадкі рабаваньня кватэраў зламысьнікамі, якія прадстаўляюцца сябрамі ініцыятыўных групаў збору подпісаў за кандыдатаў". Якой-небудзь статыстыкі спадар Шчурок не падае, аднак заклікае грамадзянаў "праяўляць пільнасьць".

Падобныя афіцыйныя запалохваньні, здаецца, пакуль не замінаюць збору подпісаў. Ініцыятыўная група аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта — лідэра Лібэральна-дэмакратычнае партыі Сяргея Гайдукевіча паведаміла, што ўжо сабрала 50 тысячаў подпісаў у падтрымку свайго кандыдата, гэта палова ад неабходнага мінімуму. Столькі подпісаў, паводле інфармацыі Ўладзімера Карунаса, кіраўніка перадвыбарчага штабу спадара Гайдукевіча, ініцыятыўная група здолела сабраць менш як за тыдзень — з 21 па 26 чэрвеня.

Ці кожная група пераадолела гэты своеасаблівы экватар — 50 тысячаў подпісаў? Вось як адказаў на гэтае пытаньне іншы прэтэндэнт, Уладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Магчыма, у нас таксама каля гэтай лічбы".

(Карэспандэнт: ) "І як ідзе працэс? Якія-небудзь эксцэсы былі ў вас?"

(Ганчарык: ) "Былі вось якія. Учора стала вядома, што хтосьці 20-га ў Фрунзенскім раёне Менску пачаў (там быў такі выпадак) зьбіраць подпісы нібыта за мяне".

(Карэспандэнт: ) "Чалавек ня з вашай групы быў?"

(Ганчарык: ) "Не, нейкая правакацыя была. А ўчора я быў у Рагачове, сустракаўся — куды ні едзеш, агенты ёсьць".

Сёньня ж былы міністар сельскае гаспадаркі, лідэр руху "За новую Беларусь" Васіль Лявонаў паведаміў, што сябры арганізацыйнага камітэту гэтага руху гатовыя прапанаваць мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі. Спадар Лявонаў назваў гэта "сур'ёзнай перамогай" і дадаў, што зараз ідуць перамовы паміж сябрамі апазыцыйнае пяцёркі наконт таго, "як зь пяці зрабіць аднаго".

Ці ведае адзін зь пяцёркі, прафсаюзны лідэр Уладзімер Ганчарык, пра гэты мэханізм, што прапануе Васіль Лявонаў? Гаворыць спадар Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Дакладней — ён вызначаецца, гэты мэханізм выпрацоўваецца. Заўтра будзе паседжаньне, сустрэча пяцёркі, там будзе размова аб гэтым".

(Карэспандэнт: ) "Пяцёркі ці шасьцёркі?"

(Ганчарык: ) "Пяцёркі".

(Карэспандэнт: ) "Безь Ярашука?"

(Ганчарык: ) "Без. Пяцёрка ёсьць пяцёрка".

На тую ж тэму ў Віцебску выказаўся лідэр БНФ Вінцук Вячорка, які адзначыў, што выбар адзінага кандыдата будзе зроблены з чатырох прэтэндэнтаў — Сямёна Домаша, Уладзімера Ганчарыка, Міхаіла Чыгіра й Паўла Казлоўскага. Аднак у інтэрвію Радыё Свабода спадар Вячорка абверг паведамленьні, што БНФ свой выбар ужо зрабіў, і выбраў нібыта Сямёна Домаша:

(Вячорка: ) "У нас ёсьць дакладная пазыцыя — мы выступаем за вызначэньне адзінага дэмакратычнага прэтэндэнта. У БНФ у нас няма свайго кандыдата — фронтаўскага. Нашыя структуры, калі яны ўдзельнічаюць у зборы подпісаў, то яны не расколваюцца, яны зьбіраюць за аднаго прэтэндэнта. Але Домаш не зьяўляецца… Мы не праводзілі канфэрэнцыяў, зьездаў ці соймаў, на якіх бы галасавалі за такія рэчы".

Вінцук Вячорка цяпер шмат часу праводзіць у рэгіёнах Беларусі.

(Вячорка: ) "Я ў Наваполацку знаходжуся".

(Карэспандэнт: ) "І як там ідзе збор подпісаў? Зь цяжкасьцямі ці не?"

(Вячорка: ) "Нармальна, весела йдзе збор подпісаў".

(Карэспандэнт: ) "А што вясёлага?"

(Вячорка: ) "Ну, жвава й хутка".
XS
SM
MD
LG