Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПРАВААБАРОНЦЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО Ў КРАІНЕ ЎЖО СТВОРАНАЯ МАГЧЫМАСЬЦЬ ДЛЯ ФАЛЬСЫФІКАЦЫІ ВЫБАРАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск


Прадстаўнікі Беларускага Гельсынскага камітэту зафіксавалі шматлікія парушэньні закону з боку выканаўчай улады у часе фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.

У большасьці гарадоў Беларусі паседжаньні ў справе фармаваньня выбарчых камісіяў у выканкамах праходзілі за зачыненымі дзьвярыма, і вылучэнцы ад Гельсынскага камітэту ды іншых недзяржаўных арганізацыяў у склад камісіяў ня трапілі. Так было ў Менску, Віцебску, Маладэчне, Бабруйску, Баранавічах, Вялейцы, Пінску ды многіх іншых гарадах краіны. А ў Ашмянах і Ганцавічах мясцовыя ўлады ціснулі на прадстаўнікоў БГК, каб тыя адмовіліся ад вылучэньня ў камісіі.

Трохі іншая сытуацыя ў Горадні, дзе ў склад абласной камісіі прайшлі 5 апазыцыянэраў, а таксама ў Магілёве, Гомелі й Верхнядзьвінску (там у камісіі трапілі па адным прадстаўніку апазыцыі). Гаворыць выканаўчы дырэктар Гельсынскага камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) "Зараз у нас ёсьць усе падставы лічыць, што дзе нашых людзей не пусьцілі, дзе нашых людзей ня хочуць бачыць у камісіях, дзе нашых назіральнікаў не пусьцілі — там плянуецца нейкая нядобрая справа. Парушэньне закону, фальсыфікацыя вынікаў выбараў ці падрыхтоўка да гэтага".

Кіраўніцтва Гельсынскга камітэту ўжо накіравала зварот генпракурору Віктару Шэйману з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу па фактах парушэньня закону чыноўнікамі выканкамаў.

Зварот з патрабаваньнем сачыць за выкананьнем Выбарчага кодэксу праваабаронцы накіравалі й старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. А прадстаўнікі цэнтру "Вясна" ў рэгіёнах будуць абскарджваць рашэньні выканкамаў у судах.

Разам з тым праваабаронцы будуць і надалей дамагацца ўключэньня сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, а таксама рабіць некаторыя іншыя захады. Алег Гулак працягвае:

(Гулак: ) "Зараз трэба шукаць кантактаў з тымі людзьмі, якія трапілі ў склад тэрытарыяльных камісіяў. Там большасьць людзей, я ўпэўнены, нягледзячы на ўсе намаганьні ўладаў, усё ж сумленныя, і зь імі трэба наладжваць кантакты. Ну і назіраньне — таксама карысная й неабходная справа".

Прадстаўнікі БГК, "Вясны" ды іншых арганізацыяў будуць і надалей праводзіць маніторынг прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і інфармаваць беларускае грамадзтва й міжнародную супольнасьць пра факты парушэньня ўладамі закону.
XS
SM
MD
LG