Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З ПАСТАНОВЫ ЦВК НЕ ВЫНІКАЕ, ЯКІЯ ПРАВЫ БУДУЦЬ МЕЦЬ НАЗІРАЛЬНІКІ НА ВЫБАРАХ


Віталь Цыганкоў, Менск


У пастанове даволі падрабязна расьпісана, якія асобы могуць ажыцьцяўляць назіраньне без папярэдняга паведамленьня. Гэта дэпутаты ўсіх рангаў, давераныя асобы кандыдатаў на прэзыдэнта й замежныя назіральнікі.

Аднак для іншых (прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў) прадугледжаная адмысловая працэдура вылучэньня назіральніка. Рашэньне пра накіраваньне назіральніка прымае кіроўны орган партыі, пра што трэба складаць пратакол. Пратакол і шэраг іншых зьвестак неабходна прадстаўляць у выбарчую камісію.

Калі ж назіральніка хоча вылучыць група выбарнікаў, то яны павінны прадставіць ня менш як 30 подпісаў.

Зьмест Пастановы ЦВК камэнтуе Мечыслаў Грыб, старшыня Цэнтральнага каардынацыйнага цэнтру ў назіраньні за выбарамі

(Грыб: ) "Гэтая пастанова адпавядае Выбарчаму кодэксу. Але паколькі кодэкс не зьяўляецца сёньня дэмакратычным, значыць і пастанова такая, як і кодэкс.

Што тычыцца назіральнікаў ад грамадзкіх аб'яднаньняў, палітычных партыяў і групаў выбарнікаў, то яны захоўваюць тыя правы, якія мелі ў час парлямэнцкіх выбараў. Нічога там не пашырана, ніякага больш шырокага тлумачэньня ня дадзена".

Бадай, галоўная адметнасьць пастановы Цэнтарвыбаркаму — гэта тое, што ў ёй нічога не сказана аб правах назіральнікаў. Мечыслаў Грыб працягвае:

(Грыб: ) "Дзе павінен знаходзіцца назіральнік? У тым месцы, дзе яму будзе ўсё бачна ці дзе? У гэтай пастанове нічога не агаворана".

(Карэспандэнт: ) "То бок фактычна ўсё аддаецца на рашэньне кіраўнікоў камісіяў?"

(Грыб: ) "Так. Яны ў любы час нават без паседжаньня камісіі могуць вывесьці назіральніка з залі выбараў ці з камісіі — толькі дзякуючы рашэньню старшыні камісіі".

(Карэспандэнт: ) "На якой падставе?"

(Грыб: ) "Падставы не агавораныя. Калі старшыні падасца, што наглядальнік паводзіць сябе не належным чынам, ці высоўвае нейкія патрабаваньні — на погляд старшыні, неабгрунтаваныя, перашкаджае выбарчаму працэсу, то ён можа быць проста выдалены з гэтай залі".

Варта дадаць адну дэталь. У пастанове адзначана, што прадстаўнікі СМІ маюць права прысутнічаць на паседжаньнях выбарчых камісіяў і ў памяшканьнях для галасаваньня.
XS
SM
MD
LG