Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АШМЯНАХ УЖО ЦІСНУЦЬ НА ІНІЦЫЯТЫЎНЫЯ ГРУПЫ


Ігар Карней, Менск


У першыя ж дні пасьля абвяшчэньня даты выбараў чатыры ініцыятыўныя групы Ашмянскага раёну падалі сьпісы сваіх прадстаўнікоў, якія маглі б вылучыцца ў тэрытарыяльную выбарчую камісію.

Найбольшай актыўнасьцю вызначыліся жыхары Муравана-Ашмянскага сельскага савету, якія за два дні сабралі больш за тры дзясяткі подпісаў і вылучылі сваёй прадстаўніцай у раённую камісію настаўніцу Марыю Мацьвейку. Але гэтыя законныя дзеяньні выклікалі нэрвовую рэакцыю мясцовай "вэртыкалі".

Першым Мураваную Ашмянку наведаў загадчык аддзелу кадравай працы райвыканкаму Валеры Сайко, які нагадаў калгасьнікам пра магчымыя непрыемныя наступствы такой палітычнай актыўнасьці.

Потым з падобным візытам у мясцовы шпіталь прыехаў галоўны доктар Ашмянскага раёну Ўладзімер Макарэвіч, які таксама правёў прафіляктычную гутарку з мэдпэрсаналам. Вынік ціску: траціна падпісантаў напісала заявы з адмовай ад сваіх подпісаў.

Вось як камэнтуе гэтыя падзеі кіраўнік ашмянскага прадстаўніцтва Беларускага Гельсынскага камітэту Пятро Явідовіч:

(Явідовіч: ) "Пайшоў уціск і па лініі намесьніцы старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі Лузінай, якая выклікае да сябе "на дыван" людзей, якія яшчэ не адмовіліся ад сваіх подпісаў. Было сказана: калі не адмовіцеся ад сваіх подпісаў, будуць звальненьні з працы — а гэта ўжо прамая пагроза".

(Карэспандэнт: ) "Што тычыцца спадарыні Мацьвейкі, якую вылучалі ў тэрытарыяльную камісію: яна ўдзельнічае ў нейкай палітычнай партыі альбо руху?"

(Явідовіч: ) "Не. Проста самі жыхары аказаліся больш актыўныя ў сваёй вёсцы. Але настаўніца была ня супраць таго, каб яе вылучылі ў тэрытарыяльную камісію".

(Карэспандэнт: ) "Але атрымліваецца, што хутчэй за ўсё спадарыня Мацьвейка ня будзе ўдзельнічаць у камісіі?"

(Явідовіч: ) "Атрымліваецца так, што яе наогул не дапусьцяць. Зараз ідзе вельмі актыўны ўціск і па горадзе — на кіраўнікоў тых прадпрыемстваў і арганізацыяў, дзе людзі паставілі свае подпісы. У райвыканкаме сядзяць і вылічваюць: хто падпісаўся, дзе ён жыве і дзе працуе. Ідзе татальны ўціск на насельніцтва раёну.

Гэта страшна. Прыкладам, як паведамілі галоўнаму лекару Мур-Ашмянскага шпіталю, у выпадку, калі людзі не адмовяцца ад подпісаў, будуць насланыя праверкі, вы страціце працу, вас пасадзяць. Будзеце зьнішчаныя, адным словам", — распавёў кіраўнік Ашмянскага прадстаўніцтва БГК Пятро Явідовіч, які ўпэўнены, што гэтыя выпадкі —– толькі пачатак санкцыянаванай уладамі кампаніі перасьледу дэмакратычных кандыдатаў.
XS
SM
MD
LG