Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА СЁНЬНЯШНІМ ПАСЕДЖАНЬНІ КРДС ПЫТАНЬНЕ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА НЕ РАЗГЛЯДАЛАСЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У сёньняшнім паседжаньні Каардынацыйнай рады бралі ўдзел прадстаўнікі амаль усіх яе суб’ектаў, акрамя партыі Працы. Асноўныя пытаньні, якія вырашала Рада – гэта фармаваньне рабочых групаў, што будуць працаваць з сябрамі выбарчых камісіяў і выпрацоўваць палітычную ды эканамічную праграму для кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі.

Гаворыць старшыня сёньняшняга паседжаньня КРДС Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Тыя кандыдаыт, якія на сёньняшні дзень ёсьць, усе разьлічваюць, што менавіта КРДС вырашыць пытаньні нагляду, сыстэмнай працы з камісіямі. Наколькі я валодаю інфармацыя, ніводзін з патэнцыйных кандыдатаў не закладае свае выдаткі на гэтую працу. Яны разьлічваюць, што гэта нехта зробіць. Таму КРДС на сёньняшнім паседжаньні паставіла кропку ў двух пытаньнях – завершаная падрыхтоўчая і створаныя дзьве рабочыя групы”.

Паведаміў сп. Лябедзька.

Першай групай, якая павінна аб’яднаць лепшыя інтэлектуальныя сілы для выпрацоўкі перадвыбарчай плятформы кандыдата, будзе кіраваць Павал Данейка. Гэтая праграма павінна быць распрацаваная ў месячны тэрмін. Групу, што будзе працаваць з сябрамі выбарчых камісіяў і паспрабуе пераканаць іх не рабіць масавых фальсыфікацыяў у дзень галасаваньня, узначалілі Васіль Шлындзікаў і Вячаслаў Сіўчык.

Сябры Каардынацыйнай рады таксама вырашылі наладзіць на наступным тыдні прэзэнтацыю КРДС для замежных дыпляматаў, акрэдытаваных у Беларусі. Гэтая акцыя, на іх думку, дапаможа стварыць Радзе пазытыўны імідж за мяжою.

Пытаньне вызначэньня адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі не было нават унесенае ў парадак дня, хаця паводле рашэньня Каардынацыйнай рады, назваць імя гэтага кандыдата апазыцыянэры павінны да пачатку выбарчай кампаніі. Але, паводле Анатоля Лябедзькі, кандыдаты Домаш, Чыгір, Ганчарык і Казлоўскі пакуль яшчэ не дасягнулі канчатковага пагадненьня паміж сабой і, фактычна, прэтэндуюць на падтрымку адных і тых жа структураў КРДС.

Лідэр АГП працягвае:

(Лябедзька: ) “Хто будзе адзіным кандыдатам? – гэта больш складанае пытаньне. Я тут застаюся асьцярожным аптымістам, хаця не падзяляю падыходы тых, хто кажа, што трэба ісьці чатырма калёнамі, увязвацца ў барацьбу, а потым, маўляў, паглядзім, на каго зробім стаўку. На жаль, мы скаваныя невырашэньнем гэтага пытаньня”.

Сказаў сп.Лябедзька.

Сябры Каардынацыйнай рады таксама прынялі заяву аб падзеях 25 сакавіка, у якой асудзілі дзеяньні ўладаў супраць мірных дэманстрантаў, а таксама заяву аб правядзеньні давыбараў у г.зв. “палату прадстаўнікоў”. КРДС лічыць гэтыя выбары несвабоднымі й несправядлівымі і заклікае міжнародную супольнасьць не прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, калі яны будуць праведзеныя паводле адпрацаванай уладамі тэхналёгіі фальсыфікацыяў.
XS
SM
MD
LG