Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.СЯМАШКА: “ГАЗПРОМ” МОЖА НАБЫЦЬ ПАКЕТ АКЦЫЯЎ “БЕЛТРАНСГАЗУ” ЗА 2,5 МІЛЬЯРДА ДАЛЯРАЎ


Юлія Шарова, Менск

25 траўня Беларусь фактычна выбрала той аб’ём паліва, які магла сёлета атрымаць ад незалежных дастаўцаў. Між тым, учора “Газпром” і кампанія “Сібур” дамовіліся даставіць у Беларусь яшчэ 235 мільёнаў кубамэтраў газу. Паводле віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі, пытаньне квотаў на дастаўкі паліва ня надта істотнае.

(Сямашка: ) “Гэта пытаньне палітыкі й гэтак далей. Вось квота скончыцца, — ратуйце, газу ня будзе. Я паўтараю: незалежныя (а вы ведаеце, які незалежны “Сібур” — гэта стоадсоткавая “дачка” “Газпрому”) пастаўлялі й будуць пастаўляць газ да таго моманту, пакуль мы не падпішам з самім “Газпромам” гадавога кантракту”.

Хоць прамежкавы кантракт зь “Сібурам”, які зьявіўся ўчора, ёсьць своеасаблівым авансам “Газпрому”, Уладзімер Сямашка мяркуе, што Беларусь на будучых перамовах цалкам можа папрасіць у расейскай газавай манаполіі 10,2 мільярда кубамэтраў на гэты год. Пры гэтым адзіным неўрэгуляваным пытаньнем у перамоўным працэсе спадар Сямашка называе пытаньне пра памер транзытнай стаўкі. Расейцы настойваюць на стаўцы ў 0,68 даляра, беларусы — на 1,02 даляра. Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду гаворыць, што ў “Газпроме” ўсё ж схіляюцца да другога варыянту.

(Сямашка: ) “Спэцыялісты ў “Газпроме”, прычым спэцыялісты ня ніжняга ці сярэднягя зьвяна, а спэцыялісты, якія вызначаюць палітыку “Газпрому”, сказалі: так, беларусы маюць рацыю, пры такой цане пастаўкі цана транзыту ў 1,02 даляра — гэта нармальная цана”.

Таксама ён нагадаў, што стаўку транзыту ў 1,02 даляра вызначыла беларускае Міністэрства эканомікі, таму ўсё паліва, якое пройдзе празь Беларусь да падпісаньня кантракту з “Газпромам”, павінна аплачвацца менавіта па гэтай стаўцы. Што да стварэньня сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу”, то прадстаўнік беларускага ўраду лічыць прымальным кошт 5 мільярдаў далараў. На думку Ўладзімера Сямашкі, “Газпром” можа купіць палову акцыяў “Белтрансгазу” за 2,5 мільярда даляраў.

(Сямашка: ) “Калі мы бралі ў разьлік нават названую намі цану і пралічвалі для “Газпрому”, намагаліся стаць у ягоную пазыцыю (хоць гэта і непрыстойна — лічыць грошы ў чужых кішэнях), то пры тых аб’ёмах спажываньня газу ў Беларусі, якія будуць нарастаць і пры тых аб’ёмах транзыту, за 12 год “Газпром” цалкам акупіў бы ўсе свае ўкладаньні і ў выглядзе капіталізацыі зарабіў бы яшчэ мільярд трыста мільёнаў даляраў”.

Пры гэтым Уладзімер Сямашка не выключае, што Беларусь можа стварыць сумеснае газатранспартнае прадпрыемства і зусім зь іншым партнэрам, хоць канкрэтных кандыдатаў віцэ-прэм’ер не назваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG