Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА І ПУЦІН НЕФАРМАЛЬНА АБМЯРКОЎВАЮЦЬ ГАЗАВЫЯ І РУБЛЁВЫЯ ПРАБЛЕМЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Якраз напярэдадні візыту А.Лукашэнкі ў Сочы расейскі ўрад адмяніў льготныя кошты на газ для Беларусі.

Учора Аляксандар Лукашэнка меў магчымасьць пабачыць, як прыязна сустракаў Уладзімер Пуцін Джорджа Буша-старэйшага, як расейскі картэж вазіў таго ў рэзыдэнцыю і на экскурсіі. Спадар Лукашэнка прыляцеў у Сочы за гадзіну да прыбыцьця экс-прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з жонкай Барбарай. Пры гэтым прэзыдэнт Пуцін асабіста прыехаў у аэрапорт сустракаць бацьку дзейнага прэзыдэнта ЗША, падкрэсьліўшы гэтым сваё стаўленьне да яго.

Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце сустракаў губэрнатар Краснадарскага краю Аляксандар Ткачоў і мэр Сочы Леанід Маставой. Зь беларускіх афіцыйных асобаў разам з А.Лукашэнкам быў толькі амбасадар Рэспублікі Беларусь у Расеі Ўладзімер Грыгор’еў.

Адпачыўшы каля сутак ў рэзыдэнцыі “Рывіера-4” і на моры, Аляксандар Лукашэнка прыбыў у пуцінскую рэзыдэнцыю “Бачароў ручай”. Гаспадар усяляк падкрэсьліваў нефармальны характар сустрэчы, спачатку прапанаваў госьцю гарбату, а пасьля — марскую прагулку на яхце.

Перад гэтым падчас так званага пратаколу Аляксандар Лукашэнка пасьпеў выказаць пэўнае незадавальненьне:

(Лукашэнка: ) “За нашай сьпіною вельмі нядобрыя разгортваюцца падзеі, я думаю, што нашая сустрэча зможа адсекчы ўсялякія інсынуацыі, якія робяцца з аднаго і другога боку. Думаю, што цяпер нашае імкненьне да адзінства нашых народаў падвяргаецца самым сур’ёзным ударам, самым сур’ёзным”.

Ананімны прадстаўнік крамлёўскай адміністрацыі так пракамэнтаваў журналістам гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі: “У нас за сьпіной прэзыдэнта нічога нядобрага ня робіцца, ёсьць ясная праграма разьвіцьця інтэграцыйнага працэсу ў Беларусі, і расейскае кіраўніцтва пасьлядоўна працуе над яе рэалізацыяй, і зацікаўленае, каб гэтая праграма, у тым ліку адносна рубля, была пасьпяхова рэалізаваная”.

Пра тое ж, што было “за сьпіною”, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў расказаць Уладзімеру Пуціну без журналістаў, бо паводле ягоных словаў, яны таксама былі ўцягнутыя ў гэты працэс.

Расейскія СМІ, і ў першую чаргу фэдэральныя тэлеканалы, напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў вельмі рэзка камэнтавалі асобу і ўчынкі А.Лукашэнкі, а таксама беларускія падыходы да праблемаў прыватызацыі “Белтрансгазу” і ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі. Гэта выклікала раздражненьне беларускага лідэра.

Перамовы прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі сам-насам на яхце павінны закончацца ўвечары, толькі а 20-й гадзіне паводле мясцовага часу чакаецца выніковая прэсавая канфэрэнцыя. Не прадбачыцца падпісаньня ніякіх дакумэнтаў. Тым ня менш, складанасьць гэтых перамоваў відавочная. Расея настойвае на пераходзе Беларусі на расейскі рубель, на акцыянаваньні “Белтрансгазу” на выгадных ёй умовах, і пачала выкарыстоўваць свае самыя сур’ёзныя аргумэнты, такія, як рынкавы кошт на газ для Беларусі.

Газэта “Коммерсантъ” сёньня з гэтай нагоды піша: “Рублёвы аншлюс магчымы (калі магчымы ўвогуле) толькі пры захаваньні ўлады А.Лукашэнкі, расейскі рубель патрэбен перш за ўсё расейскаму буйному капіталу дзеля аблягчэньня прыватызацыі найбольш пэрспэктыўнай беларускай маёмасьці.

У беларускага прэзыдэнта не застаецца амаль ніякай магчымасьці манэўру. Пагодзіцца ён на газавыя і валютныя ўмовы Масквы — пазбавіцца кантролю над найважнейшымі галінамі сваёй эканомікі й тым самым значнай долі палітычнай улады. Не пагодзіцца — рэзкі скачок цэнаў на энэрганосьбіты рана ці позна дэстабілізуе ягоны рэжым”. Сам Аляксандар Лукашэнка перад ад’ездам у Сочы казаў менчукам, што трэба рыхтавацца да эканоміі, і раіў як мага больш шчыльна ўцяпляць вокны перад зімовымі халадамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG