Каля паўтысячы дробных гандляроў сабраліся каля ўваходу ў будынак Менгарвыканкаму, каб выказаць свой пратэст і запатрабаваць аднавіць працу дробнага вулічнага гандлю, перапыненую 1 ліпеня. Адпаведны ліст з 10 тысячамі подпісаў яны перадалі гарадзкой адміністрацыі. Аднак гэтаму спрабавалі перашкодзіць міліцыянты.
(Прадпрымальніца: ) “Мы тут сабраліся, бо нам працаваць не даюць”.
(Прадпрымальніца: ) “Кіёскі ліквідуюцца пад бульдозэр, і ўлады нам іншага месца не прапаноўвалі”.
(Прадпрымальніца: ) “Тавар закуплены, падаткі заплачаныя, людзі прыйшлі на працу — і раптам апынуліся беспрацоўнымі”.
(Прадпрымальнік: ) “Шэсьць тысяч чалавек па Менску. Вось вам і ўвесь канфлікт”.
(Прадпрымальнік: ) “Зачыняюць кіёскі, каб ішлі па пакупкі не ў кіёскі, дзе таньней, а ў дзяржаўныя крамы, туды давалі прыбытак”.
(Прадпрымальніца: ) “Вельмі хвалююся за тое, што нас улада не захацела выслухаць”.
(Міліцыянт: ) “Вы тут сабраліся — вы парушаеце закон. Разыдзецеся”.
(Галасы людзей: ) “Мы не парушаем. У нас некалькі хвілінаў ёсьць. За што вы нас праганяеце?”
Нечаканую падтрымку ў адстойваньні сваіх правоў гандляры атрымалі ад выпадковых мінакоў, якія пачалі далучацца да несанкцыянаванага пікету.
(Пакупніца: ) “Мы якраз пакупнікі, а не прадпрымальнікі. І мы лічым, што маем права на выбар. А кіёскі — гэта магчымасьць выбару. І іхнае закрыцьцё — нахабства нечуванае проста”.
(Пакупніца: ) “У краме мяне толькі могуць абразіць, а тут мне скажуць дзякуй. Як у іх па каўбасе прусакі бегаюць — дык гэта нармалёва. І калі ў іх крамы не рэнтабэльныя, дык няхай іх і пазачыняюць і падумаюць, як лепш працаваць, а не зачыняюць тое, што людзям зручна”.
Як вынік, гарадзкія ўлады мусілі саступіць і пайсьці на перамовы з прадстаўніком прадпрымальнікаў, лідэрам грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатолем Шумчанкам. Вось што ён паведаміў гандлярам, выйшаўшы з гарвыканкаму:
(Шумчанка: ) “На сёньняшні дзень кампраміс пакуль што знойдзены. Слухайце ўважліва і запамінайце: усе ідуць займацца бізнэсам і плаціць падаткі. Плаціць за месяц і распачынаць працу літаральна зь сёньняшняга альбо заўтрашняга дня”.
Гэтае паведамленьне спадара Шумчанкі гандляры сустрэлі воплескамі. Паводле лідэра “Пэрспэктывы”, улады не адмаўляюцца ад рашэньня прыбраць з галоўных вуліцаў усе шапікі, але ад 1 жніўня — а за гэты час прапанаваць гандлярам месца ў іншых раёнах гораду. Аднак і лідэр “Пэрспэктывы”, і самі прадпрымальнікі ўпэўненыя, што гэта толькі часовая і частковая саступка ўладаў. Вось што яны казалі:
(Прадпрымальнік: ) “Спадзяваньняў ніякіх”.
(Прадпрымальніца: ) “Можа, сёньня гэтае пытаньне і вырашылася на адзін месяц, а які наш далейшы лёс, ніхто ня ведае. Мы ні на што не спадзяемся й ня ведаем — будзем мы заўтра гандляваць альбо не”.
(Прадпрымальніца: ) “Я хацела бы яшчэ прапанаваць уладам падумаць, колькі людзей яны выкідаюць на вуліцу, пакідаюць бяз працы і няма чым карміць дзяцей”.
(Прадпрымальніца: ) “Пойдзем прасіць міласьціну. Што нам застаецца рабіць?”
Анатоль Шумчанка заяўляе, што многае будзе залежыць ад актыўнасьці саміх гандляроў.
(Шумчанка: ) “Праблема нікуды ня зьнікла. І калі прадпрымальнікі думаюць, што за іх нехта нешта будзе рабіць, то яны глыбока памыляюцца. Цяпер яны павінныя самі ўсё ўзяць у свае рукі й пайсьці далей. Калі з уладамі не дамовяцца, то 1 жніўня будзе тое, што й сёньня”.
Гэткім чынам, праца вулічных шапікаў аднаўляецца ад сёньня й да 1 жніўня.