Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО ЎРАТУЕ БЕЛАРУСКІХ СПАЖЫЎЦОЎ АД АЙЧЫННАГА ПІВА?


Ігар Карней, Менск

Ад сярэдзіны 1990-х гадоў на этапе рэфармаваньня эканомікі ў найбліжэйшых беларускіх суседзяў сапраўдны піўны бум. Разумеючы прыбытковасьць галіны, на першым этапе рэформы ў піўную прамысловасьць укладалі вялікія грошы. У выніку на ўнутраных рынках Літвы, Латвіі, Украіны, Расеі, Польшчы айчынныя гатункі піва ўпэўнена пасунулі ўсясьветна вядомыя нямецкія, дацкія, чэскія маркі. Цягам дзесяцігодзьдзя інвэстыцыі ў піўную галіну гэтых краінаў дасягнулі мільярдаў даляраў. Да прыкладу, у Расеі гэты паказчык зараз вагаецца ў межах мільярду, а адмыслоўцы цьвердзяць пра неабходнасьць ужо праз год давесьці лічбу да 1 мільярду 400 тысячаў даляраў. Толькі Беларусь на гэтым тле выглядае беднай Папялушкай, якую кормяць абяцанкамі "вось-вось" вывесьці ў сьвет. Піўную галіну трасе ад радыкалізму ў захадах: то аддаюць на водкуп расейскім броварам, то раптам кажуць пра неабходнасьць пошуку ўнутраных рэзэрваў.

Між тым, воз з пустой піўной бочкай які ўжо год запар на тым самым месцы. Ня толькі прафэсіяналы, але і аматары-дэгустатары канстатуюць, што беларускае піва самае нясмачнае ледзьве не на ўсёй постсавецкай тэрыторыі: нават у Азэрбайджане на турэцкія грошы вараць абсалютна канкурэнтны гатунак "Хердалан".

Ці будзе ў Беларусі паступова мяняцца інвэстыцыйны клімат паводле ўзору бліжэйшых геаграфічных суседзяў Беларусі? Намесьнік кіраўніка Саюзу прадпрымальнікаў Міхаіл Шавельзон упэўнены, што іншага шляху няма:

(Шавельзон: ) "Паступова будзе. Але гэта магло рабіцца нашмат больш шпарка, нашмат больш эфэктыўна, калі б краіна распачала сур'ёзныя лібэральныя рэформы. Абсалютна незалежна ад палітыкі. Найлепшы прыклад Кітаю. Як толькі створацца ўмовы для мясцовага бізнэсу, як толькі свае бізнэсоўцы распачнуць укладаць сюды грошы, інвэстары зьявяцца імгненна. У той жа Амэрыцы зараз вялізная колькасьць эмігрантаў з Беларусі, якія не згубілі ранейшыя сувязі. Яны тут жа прывядуць сюды капітал. На жаль, зь лібэральнымі законамі праблема, яны нават не прасочваюцца. Хоць тое, што іх распачнуць — гэта пытаньне часу. Натуральна, распачнуць — куды дзенешся. Мы ня здолеем жыць без рэформаў".

У Латвіі інвэстыцыйная палітыка палярна розьніцца ад беларускай. На пачатку 1990-х праз адчыненыя эканамічныя шлюзы ў краіну прыйшлі швэды, фіны і немцы. І тое, што невялікая краіна зараз мае цэлую абойму знакамітых піўных брэндаў — заслуга замежных інвэстараў. Эканамічны дарадца амбасады Латвіі ў Беларусі Андрыс Пуліс прызнае: зараз латыскія бровары складаюць значную частку прыбытковага артыкулу бюджэту краіны.

(Пуліс: ) "Ніводная піваварня, якая была ў савецкія часы, ня зьнікла. Усе знайшлі сваю нішу, пасьпяхова разьвіваюцца і канкуруюць між сабой. Пры гэтым кожны вылучаецца высокаякаснай прадукцыяй, якая сапраўды эксклюзіўная: "Цэсу Алус", "Баускас Алус", "Рыгас Алус", "Алдарыс", натуральна. Ёсьць зусім маленькія піваварні — той жа "Лачплэсіс" – за савецкім часам гэта быў звычайны калгас. Маса невялікіх прыватных бровараў. Прыкладам, "Ужава" — гэта рэгіён Вэнтспілсу. Належыць буйному прадпрымальніку, які зьвязаны з нафтавым бізнэсам. Тая ж знакамітая сетка харчаваньня "Лідо" варыць піва, якое прадае ў сваіх бістро. Латышы зараз п'юць піва шмат, але імпартаваныя маркі пры гэтым непапулярныя. Гадоў 5-6 таму мінуў час, калі акцэнт спажыўцоў быў на замежных гатунках. Таму людзі, якія п'юць піва, п'юць айчыннае. Спажывец зараз хутчэй дзеліцца паводле смакавых катэгорыяў і сымпатыяў".

Падобны стан рэчаў і ў іншых беларускіх суседзяў. Найбольш вядомыя літоўскія маркі "Утэнос" і "Калнапеліс" — традыцыйныя пераможцы конкурсаў. Толькі за мінулы год экспарт прадукцыі прадпрыемства "Швітурыс-Утэнос" вырас ў 20 разоў, і ад гэтага году літоўскае піва адпраўляюць нават у Японію. Сапраўдны піўны бум перажывае Ўкраіна. Кіеўскі завод "Абалонь" павялічыў аб'ём вытворчасьці на 28%, данецкі "Сармат" – на 19%, падобныя паказчыкі ў "Славуціча" і "Чарнігава". Дзеля параўнаньня, усе беларускія бровары ў літаральным сэнсе топчуцца на месцы, апэлюючы да паказчыкаў "плюс-мінус" 1,5-2%.

Усе ранейшыя спробы пусьціць у мэтах выратаваньня замежны капітал не далі плёну, бо дзяржава пакідае за сабой права рэгуляваць ступень дачыненьняў паміж інвэстарам і заводам. У выніку гэтага праваліліся спробы патрапіць на беларускі рынак піцерскай "Балтики", маскоўскага "Очакова", цьверскага "Афанасия". Але найгоршы прыклад — "супрацоўніцтва" бабруйскага "Дзеднава" і кампаніі "Detroit Brewery". Былы генэральны дыстрыбутар "Дзеднава" Аляксандар Півавар канстатуе, што зараз завод наагул на мяжы існаваньня:

(Півавар: ) "Завод стаіць, практычна ўся маёмасьць арыштаваная і апісаная Вышэйшым гаспадарчым судом на карысьць "Белаграпрамбанку", перад якім завод мае запазычанасьці па крэдытах. Справа ў тым, што інвэстар павінен аплаціць даўгі завода перад бюджэтам. Ён мусіць гэта зрабіць пры любым разьвіцьці падзеяў, бо завод прэтэндуе на акцыянаваньне СП з пакетам у 24% акцыяў. І калі ён будзе мець запазычанасьці перад бюджэтам, такое СП проста не зарэгіструюць. Інвэстар упарта ня хоча кампэнсаваць гэтыя даўгі. Таму ўзьнікае шэраг пытаньняў: ці ўсё тут правільна, ці законна, і чые найперш інтарэсы пры такой прыватызацыі ўлічваюцца?"

Нягледзячы на тое, што Аляксандар Лукашэнка называе піва стратэгічным прадуктам, піваварная прамысловасьць Беларусі ў поўным разладзе. Памкненьні і адпаведныя захады на ўратаваньне галіны ўласнымі сіламі прывялі да фактычнай блякады расейскіх і ўкраінскіх пастаўшчыкоў піва. Цэлая сьцяна з акцызаў, ліцэнзіяў, абмежаваньняў на ўвоз і г.д. спрычыніліся да таго, што мець справы зь беларускім рынкам усё меней жадаючых. У выніку якаснага расейскага і ўкраінскага піва ня толькі становіцца меней, але й цэны на яго выраслі амаль удвая. Пры гэтым адэкватнай замены ў выглядзе беларускага прадукту пакуль не чакаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG