Некаторыя з маіх сёньняшніх выпадковых суразмоўцаў падтрымліваюць ідэю, прапанаваную кіраўніком краіны. На пытаньне, ці варта сёньня пераглядаць сыстэму сацыяльных ільготаў, частка зь іх адказала, што рабіць гэта трэба, выканаўшы некаторыя ўмовы. Вось іхныя аргумэнты:
(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта добра. Бо вельмі шмат ільготнікаў, якія неапраўдана карыстаюцца льготамі. На гэта ідзе шмат грошай, якія можна накіраваць на іншыя сфэры, больш патрэбныя”.
(Спадар: ) “У мяне іх няма, а тое, што будуць перагледжаныя, то гэта вельмі добра. Няхай пераглядаюць, бо ёсьць такія льготы, якія непатрэбныя”.
(Карэспандэнтка: ) “Каго вы маеце на ўвазе?”
(Спадар: ) “Найперш міліцыю”.
(Спадар: ) “Калі гэта будзе з боку прэзыдэнта абумоўлена тым, што заробкі будуць падвышаныя, дык тады гэта мае сэнс. Калі ня будуць, то які сэнс здымаць гэтыя льготы? Усё залежыць ад таго, які будзе заробак”.
Але бальшыня мінакоў катэгарычна ня згодная з намерам Лукашэнкі скасаваць шэраг сацыяльных ільготаў. Бо гэта, паводле іхных словаў, многіх людзей паставіць на мяжу фізычнага выжываньня. Іхныя меркаваньні былі такімі:
(Спадарыня: ) “Нельга, нельга, нельга, нельга! Бо людзям цяжка жывецца, вельмі цяжка. Я сама год як на пэнсіі, і што раней займела, тым цяпер і жыву. Сьвятло, квартплата — круціцца даводзіцца… ня ведаю як. А яшчэ ўнукам трэба дапамагаць”.
(Спадар: ) “Я лічу, што сёньня гэтага нельга рабіць. Я сам інвалід, маю вельмі цяжкае захворванье і мушу прымаць лекі. Калі льготы адменяць, то давядзецца купляць іх за ўласныя грошы, а пэнсія ў мяне маленькая — 60 тысяч. Фактычна, для мяне гэта пытаньне выжываньня”.
(Спадарыня: ) “Гэта самае дрэннае, што на сёньняшні момант можна зрабіць. Бо я сама студэнтка, і для мяне гэта вельмі важная падтрымка — квіткі й іншае. Студэнты атрымліваюць малыя стыпэндыі, іншыя людзі — малыя заробкі, пэнсіянэры — пэнсіі. Таму вельмі важна, каб у людзей былі гэтыя льготы”.
(Спадар: ) “Калі прэзыдэнт хоча ўзяць мае грошы — няхай бярэ. Я інвалід другой групы, у мяне малая дачка, сын… І жонка таксама малыя грошы атрымлівае. Нічога ня маю. Але, калі яму трэба пабудаваць бібліятэку — няхай бярэ мае грошы, няхай будуе! Але няхай паглядзіць — колькі людзей у нашай краіне жавуць у жабрацтве”.
(Спадар: ) “Далейшы прэсынг ідзе. Наступствы дзяржавы на грамадзяніна. Тут ужо й так трываць нельга — цяжкае фінансавае жыцьцё. А далей будзе яшчэ горш і горш, і горш… Пэсымізм. У мяне толькі пэсымізм! І ў многіх людзей гэткі ж настрой”.
Гэта былі выказваньні мінакоў на вуліцах Менску пра намер Аляксандра Лукашэнкі скараціць сацыяльныя льготы.