Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО СТАІЦЬ ЗА ПАДВЫШЭНЬНЕМ ЗАРОБКАЎ?


Міхаіл Залескі, Менск

Сама зьява — “мінімальная заработная плата” — ня ёсьць камуністычнай выдумкай. Панятак такі грунтуецца ў краінах з рынкавай эканомікай на практыцы цывілізаваных адносінаў паміж наёмным работнікам і работадаўцам, найчасьцей пры ўдзеле прафэсійных саюзаў. Зарплата гэта сапраўды невялікая, але там, дзе яна выконвае сваю эканамічную і сацыяльную ролю, яна здольная забясьпечваць існаваньне работніка і ягонай сям’і.

У камуністычных і вытворных ад іх сыстэмах мінімальная заработная плата робіцца дадатковай прыладай нармаваньня. Так у СССР яна была шчыльна зьвязаная з гэтак званым мінімальным спажывецкім бюджэтам. Той бюджэт у сваю чаргу разьлічаны быў на падставе рацыянальных нормаў спажываньня, вызначаных дзеля пралетароў і пралетарак камуністычнай навукай.

Збольшага гэтыя нормы сацлягернага жыцьця дазвалялі існаваць. Старэйшага веку слухачы пагадзяцца, што на пачатку 1970-х дзьве мінімальныя заработныя платы фармальна складалі тры афіцыйныя мінімальныя спажывецкія бюджэты. Праблема была ў дэфіцыце, каторым па мінімальных пралетарскіх коштах карысталіся парцейныя босы й іхныя халуі.

У Беларусі за часы незалежнасці зь мінімальнай заработнай платай адбываліся змяненьні аж да пэрвэрзіяў. Страціўшы сацыяльную ролю нормы спажываньня, МЗП зрабілася вымяральнікам умоўным: праз гэты штучны нарматыў налічваліся прэміі й санкцыі, ён ужываўся пры разьліках сацыяльнай дапамогі ды іншых нарматыўна вызначаных сацыяльных абавязкаў дзяржавы.

Інфляцыя і неадпаведнасць дынамікі рэальнай заработнай платы прадукцыйнасьці працы нарэшце прымусілі пазбавіць МЗП ролі вымяральнай лінаркі міністэрскіх чыноўнікаў і люстэрка рынкава-сацыялістычных посьпехаў.

Але што з таго, кожны зь дзіцячых баек яшчэ засвоіў, што злавацца на адлюстраваньне ня варта, на люстэрка тым болей. Трэба зьмяніць аб’ект.

Вось і зараз, падвысяць МЗП з 10 да 17 тысяч рублёў. Гэта пасьля таго як інфляцыя за апошні месяц рэкордна скочыла на 6%, пасьля таго як запазычанасьць па заработнай плаце ўзрасла ў 10 разоў супроць сьнежаньскай.

А інфляцыю фармуюць збольшага ня кошты на “Ролс-ройсы” і дыямэнты. Яна складаецца з прыросту коштаў на чаркі, скваркі, шкарпэткі й іншыя тавары масавага спажываньня. І запазычанасьць па зарплаце існуе якраз перад тымі сацыяльнымі слаямі, чыя сярэдняя заработная плата стабільна ніжэйшая за ўзровень мінімальнага спажывецкага бюджэту: калгасьнікамі й прыроўненымі да іх работнікамі культуры і сацыяльнага забесьпячэньня. Мабыць, каб не адрываліся ад масаў і ведалі праблемы мэтавай групы абслугоўваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG