Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ВЫЖЫВАЮЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ПЭНСІЯНЭРЫ?


Надзея Маеўская, Менск

Пры шматразовым падвышэньні коштаў на тавары й паслугі зь верасьня мінулага году сярэдняя пэнсія па-ранейшаму складае 65 тысяч, а па ўзросьце — 35 тысяч рублёў. Каб выжыць, многія пэнсіянэры вымушаныя шукаць дадатковых сродкаў для існаваньня.

Статак хатняй жывёлы вымушаны ўтрымліваць гэтай зімой былы шафёр Уладзімера Ярмошына, а цяпер шараговы пэнсіянэр Рыгор Клачко. Тым самым нямоцны здароўем жыхар прыватнага сэктару ў менскім мікрараёне Курасоўшчына ратуе сябе ад холаду й голаду. У яго 10 козаў, што нават цяпер (калі жывёла ў гарадзкіх кватэрах зьява амаль звыклая) ці не рэкордная колькасьць у сталіцы. Бараніць гаспадарку ад ахвочых на дармавое 72-гадоваму Рыгору Клачку дапамагаюць тры сабакі.

(Клачко: ) “Я трымаю 10 козаў. Сена кашу ў сквэры, з крамы лісьце капусты для іх прыношу. Са шпіталю хуткай дапамогі прыношу адкіды для іх і для сабакаў. Я зь дзяцінства прывык працай займацца”.

Значна меншыя магчымасьці падтрымаць сябе матэрыяльна маюць пэнсіянэры, што жывуць у гарадзкіх кватэрах. Але многія актыўна скарыстоўваюць свае здольнасьці шыць ці вязаць, прадаючы ў людных месцах уласнаручна вырабленыя пальчаткі ці шкарпэткі. А найбольш ініцыятыўныя падаліся ў ценявы бізнэс — прадаючы з-пад крыса цыгарэты альбо гарэлку без акцызных марак.

А вось баба Яня гандлюе семкамі каля ўваходу ў мэтро на станцыі “Маскоўская”.

(Яня: ) “Чаму я прадаю семкі? Таму, што грошай мала атрымоўваем. За хату заплачу, і застаецца 20 тысяч. Куплю кефіра, хлеба, батона — вось і ўсё. Семачкі купляю на базары па паўтары тысячы: смажу, дадаю алей. Выгада маленькая зусім, але што зробіш? Працую й працую, дзіцятка, увесь час”.

Паводле спадарыні Яні, адвольна выбранае месца для семкавага гандлю не заўсёды задавальняе ахоўнікаў правапарадку — тады даводзіцца перабірацца бліжэй да крамаў у сталічных мікрараёнах.

А вось зьбіральнікі бутэлек праблемаў зь міліцыянтамі ня маюць: так званыя “санітары” безь перашкодаў шчыруюць на цэнтральных пляцах і праспэктах сталіцы круглы год і ў любы час сутак. Аднак найбольш спрыяльная пара для бутэлечнага бізнэсу — лета. Зімой жа заўсёдны зьбіральнік пляшак дзед Валера задавальняецца тым, што па звычцы аддаюць суседзі ці знаёмыя.

(Валера: ) “75 рублёў пляшка — той аддасьць, той прынясе. Здаў вось на дзьве тысячы. 78 тысяч пэнсіі атрымоўваю. А ў гэтым месяцы, кажуць, кватэра на 40% падаражэе. Складана”.

У найгаротным становішчы сёньня апынуліся тыя пэнсіянэры, што ня маюць ня толькі ўласных сядзібаў ці лецішчаў, але й здароўя. Для многіх адзіны сродак выжыць — выйсьці на вуліцу з працягнутай рукой. І дарма кажуць, што жабракі цяпер ці багатыя, ці п’яніцы.

(Жабрачка: ) “Мяне завуць Вольга Андрэеўна. Я выкладала хімію. Мая пэнсія 66 тысяч рублёў. У мяне загінуў сын, а я захварэла. Пэнсіі не хапае нават на лекі. Але, калі б нават лекі й не былі патрэбныя — усё роўна гэта вельмі малая пэнсія. Валідол хочу купіць, дык вось мне сто, дваццаць рублёў падаюць. Вельмі мала падаюць. Людзі таксама ня маюць чаго даць”.

Паводле афіцыйных зьвестак, сёньня ў Беларусі пэнсіі атрымліваюць амаль 2,5 мільёна чалавек. Колькасьць пэнсіянэраў — удзельнікаў, так бы мовіць, ценявога рынку статыстыка ня ўлічвае. Але відавочна — гэтая колькасьць невялікая. Сёньня на 100 пэнсіянэраў у краіне 170 працаздольных грамадзянаў.

У 2003 годзе колькасьць працаздольных у гэтых суадносінах скароціцца яшчэ на 40 чалавек. Іншымі словамі, бедных і хворых паболее.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG