Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 11 СЬНЕЖНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звезда”, 1923 год:

“У Беларусі ў гарадах на 10 чалавек у сярэднім адна газэта; ва ўездах маюцца цэлыя вёскі, якія не выпісваюць амаль ніводнай газэты. У Германіі на 1 чалавека некалькі газэт! 8, 9, 10 гадзін раніцы. Горад Захаду. Адгрукаталі сотні, тысячы ратацыёнак, адціснулі сотні, тысячы тысяч газэтных аркушаў. У кожнага мінака, у кожнага, хто едзе, газэтны аркуш — мінімум. Часьцей два-тры. Кожны рабочы і селянін чытае газэту. Увечары таксама. “Матон”, “Таймс”, “Трыб’юн”, “Форвэртс”, “Морнінг-пост”, “Локаль Анцейгер” — усе яны ў руках капіталістаў і згоднікаў. Аднак у нас свой, рабочы друк. Дык падтрымлівайце яго! Падпісвайцеся на “Звезду”!”

“Ніва”, 1983 год:

“На экраны польскіх кінатэатраў увайшоў мастацкі фільм “Людзі на балоце”, пастаўлены ў 1981 годзе Віктарам Туравым на кінастудыі “Беларусьфільм”. Яго польскі загаловак — “Ludzie z bagien”… Фільм Турава шматгранны. Хаця ў ім шмат разнародных тэмаў, ліній, праблемных і стылістычных слаёў, фільм астаецца ясны і гарманійны. Увагі заслугоўваюць таксама здымкі Дзьмітрыя Зайцава. У памяці гледача надоўга застануцца дасканала ўлоўленыя краявіды Палесься… Неўзабаве на экраны польскіх кінатэатраў увойдзе чарговы фільм Віктара Турава “Подых навальніцы” — працяг “Людзей на балоце”.

“Знамя юности”, 1993 год:

“Тапанімічная камісія Менгарвыканкаму разгледзела пытаньне аб назвах станцыяў мэтрапалітэну, якія ў будучыні ўвойдуць у эксплюатацыю. Станцыям першай лініі, што сьледуюць па “Інстытуце культуры”, вырашана даць назвы “Грушаўка”, “Міхалава”, “Пятроўшчына”, “Малінаўка”. За станцыяй “Усход” лінію працягнуць “Дойлідзкая”, “Уручча”, “Смаленская”. Станцыі другой чаргі, якія будуюцца, атрымаюць назвы “Цівалі”, “Кальварыя”, “Ракаўская”, “Кунцаўшчына”, “Каменная Горка”, “Віленская”. Прынята таксама рашэньне хадайнічаць аб вяртаньні шэрагу вуліц і плошчаў іх гістарычных назваў. Вуліца Гандлёвая, магчыма, зробіцца Зыбіцкай, Камуністычная — Міхайлаўскай. Адна частка вуліцы Інтэрнацыянальнай (да плошчы Свабоды) — Збаровая, а другая — Валоская. Сама плошча Свабоды будзе перайменавана ў Высокі Рынак, а плошча 8 Сакавіка — у Нізкі Рынак”.
XS
SM
MD
LG