Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 10 ВЕРАСЬНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва” на гэтым тыдні ў 1913 годзе дае слова карэспандэнту, які выступае пад псэўданімам “Экспонэнт”. Ён піша пра выставу хатніх выробаў і народнага штукарства ў Вільні: “Як мы чулі (ці праўда не ручаемся, але як прыказка кажэ: дыму без агня не бывае), тые што збіралі на выстаўку рэчы, збіралі найбольш па панох ды па дварох, а да сялян не маглі даступіцца, бо зь імі разгаварыцца па беларуску ня ўмелі. Дзіва ў гэтым німа ніякаго: інтэлігенты доўгіе векі прывыклі не лічыцца з “мужыком” і ня вельмі трудзілі свае дэлікатныя мазгі навукай “мужыцкай” мовы. Але цяпер то ўжо ня тое. Колішні “мужык” стаўся беларусам, чэлавекам роўным паміж людзей і ён вымагае пашаны для сябе, сваей мовы, сваей національнай гордасьці”.

“Камунар Магілёўшчыны” ў 1933 годзе друкуе ліст рахункавода Кісялёва, па форме данос, але, бадай, немагчымы ў сёньняшняй беларускай прэсе: “Калгас “1 Мая” Дасовіцкага сельсавету засьмечан клясава-варожымі элемэнтамі. На чале калгасу стаіць старшыня Мельнікаў. Мельнікаў падабраў праўленьне калгасу з былых цьвёрдазаданьнікаў, якія займаюцца разбазарваньнем калгаснай маёмасьці. У калгасе было выбрана 34 пуды гуркоў, зь якіх самай дрэннай якасьці былі адпраўлены для здачы дзяржаве. Іх ня прынялі, пасьля чаго гуркі былі выкінуты. Мельнікаў замест работы ў калгасе разьяжджае ў горад, дзе спэкулюе мясам. Указаць тав. Мельнікаву на яго памылкі нельга, бо ён крычыць: “Я сам ведаю, што раблю, бо я камуніст”.

Ягор Рыбакоў сьмела піша ў 1993 годзе ў “Могилёвскіх ведомостях”: “У мінулую сераду, 8 верасьня, прыхільнікі БНФ адзначылі Дзень вайсковай славы. У гэты дзень у 1514 годзе пад Воршай дваццацітысячнае войска Літоўскага Княства разьбіла ўтрая большыя сілы маскоўскага князя. У Магілёве абласная арганізацыя БНФ арганізавала мітынг, асноўнай мэтай якога быў збор подпісаў пад прысягай на вернасьць Радзіме. Міліцыя паводзіла сябе як ніколі актыўна. Упершыню ў Магілёве пасьля часоў камуністычнай дыктатуры міліцыя па палітычных матывах узьняла руку на народнага дэпутата, які мае статус недатыкальнасьці. І гэта небясьпечны сымптом. Міліцыя зноў уцягваецца ва неўласьцівую ёй ролю — палітычную барацьбу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG